Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ДАТЫЧНЫ АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ДА СКАНДАЛАЎ З “РАСЕЙСКАЙ ХАКЕЙНАЙ МАФІЯЙ?”


Ігар Карней, Менск

У якасьці саўдзельнікаў напаўпадпольных справаў называліся цяперашні трэнэр алімпійскай каманды Расеі Вячаслаў Фяцісаў, форвард зборнай Павал Бурэ, а таксама шэраг крымінальных аўтарытэтаў зь ліку расейскай арганізаванай злачыннасьці. Паказальна, што фігураваў у сьпісе ўдзельнікаў сумнеўных праектаў і Аляксандар Лукашэнка.

Асноўным ідэолягам “расейскай хакейнай мафіі” супрацоўнікі ФБР называюць прэзыдэнта маскоўскага цэнтру “ХХІ век” Анзора Арсеньцева-Кікалашвілі — трымальніка сеткі ўстановаў гульнявога і забаўляльнага бізнэсу ў Расеі: начных клюбаў, казыно, стрыптыз-бараў, дыскатэкаў і г.д. Сам Арсеньцеў абвінавачаньні на свой адрас абвяргае і тлумачыць усё падкопамі нядобразычліўцаў, якім не падабаецца ягоная актыўная дзейнасьць як мэцэната спорту і хакея ў прыватнасьці.

Паводле агентаў ФБР, якія цягам некалькіх гадоў сачылі за разьвіцьцём сытуацыі ў ценевым спорце на тэрыторыі ЗША, Арсеньцеў мае сяброўскія зносіны з некаторымі расейскімі хакейнымі "зоркамі": кумірам пачатку 90-ых Вячаславам Фяцісавым ды "рускай ракетай" узору новага тысячагодзьдзя Паўлам Бурэ. Выкарыстоўваючы такія знаёмствы, Арсеньцеў нібыта спрыяў стварэньню пад іхныя ймёны ў ЗША структураў дзеля "адмываньня грошай".

У якасьці прыкладу называлася фірма Фяцісава Slavik Inc. Фэбээраўцы мяркуюць, што гэта першая рэальная спроба легалізацыі ценевага абароту капіталу "расейскай мафіі", а "хросным бацькам" і натхняльнікам праекту быў ня хто іншы, як злачынны аўтарытэт Вячаслаў Іванькоў, больш вядомы пад мянушкай "Япончык". Маўляў, пасьля таго, як "Япончык" трапіў за краты, ягоную справу працягнулі Фяцісаў і Бурэ, які далучыўся да гэтага бізнэсу зусім нядаўна.

Сам Фяцісаў у інтэрвію праграме "Совершенно секретно" лічыць абвінавачаньні амэрыканскага боку беспадстаўнымі і тлумачыць атаку тым, што амэрыканцы нібыта такім чынам зьбіраюцца пазбавіцца ад канкурэнцыі з больш таленавітымі расейскімі гульцамі ў НХЛ. І нават сваю вымушаную адстаўку з пасады трэнэра "Нью-Джэрзі" напярэдадні Алімпіяды ён зьвязвае з пачаткам шырокамаштабнага перасьледу расейскіх спартоўцаў за акіянам.

У сваю чаргу Бурэ, не абвяргаючы свайго сяброўства з Арсеньцевым, бізнэс у фірме Slavik Ink. падае як фантазію журналістаў і кажа, што ўсе сілы і здольнасьці аддае вылучна хакею.

Паказальна, што расповед пра "расейскую мафію" ў Амэрыцы йшоў на тле яшчэ аднаго агульнага знаёмага Арсеньцева і Бурэ. Гэта Аляксандар Лукашэнка, які летась неаднаразова наведваў офіс кампаніі "ХХІ век".

Знаёмствам з "рускай ракетай" Лукашэнка сам ня раз хваліўся і нават казаў, што запрасіў Бурэ гуляць у Беларусь і той быццам абяцаў падумаць. А вось кадры відэаархіву, якія сьведчаць пра тое, што беларускі лідэр у сяброўскіх адносінах і з маскоўскім трымальнікам разнастайных шоў, былі паказаныя ўпершыню.

Падобныя кантакты, на думку супрацоўнікаў Фэдэральнага бюро, даюць падставу для высноваў, што Лукашэнка можа нейкім чынам таксама ўдзельнічаць у фінансавых апэрацыях Арсеньцева-Кікалашвілі: маўляў, як і ў выпадках зь Фяцісавым і Бурэ, расейскі бізнэсовец ня можа ня выкарыстаць неафіцыйныя зносіны з кіраўніком краіны ва ўласных мэтах. Але якую насамрэч ролю выконвае Лукашэнка ў справах "расейскай мафіі" — саўдзельніка ці ахвяры змовы — у ФБР пакуль дакладна ня ведаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG