Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СВАІМ АПОШНІМ СЛОВЕ АЛЯКСАНДАР ЧЫГІР НЕ ПРЫЗНАЎ СЯБЕ ВІНАВАТЫМ І ПАПРАСІЎ СУД ЯГО АПРАЎДАЦЬ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Партнэрамі й выканаўцамі злачынных загадаў сына экс-прэм'ера, паводле сьледзтва, былі маладыя менчукі Антон Яшын і Зьміцер Юскевіч. Сёньня ўсе трое выступілі з апошнім словам.

Як і чакалася, абвінавачаныя сваёй віны не прызналі і прасілі іх апраўдаць. Аляксандар Чыгір вялікую колькасьць знойдзеных у яго запчастак патлумачыў тым, што зьбіраўся заняцца гандлем запчасткамі і дзеля гэтага нават набыў на аўтарынку кантэйнэр. Паводле Чыгіра-малодшага, запчасткі ён набываў законна і не вінаваты, калі нейкая зь іх аказалася крадзенай. Але ён не выключае, што крадзеныя запчасткі яму падкінулі альбо сфальсыфікавалі іх апазнаньне.

Аляксандар Чыгір прызнаў толькі тое, што парушыў правілы пераходу ўласнасьці, калі пераварыў нумарную запчастку на мікрааўтобусе, дакумэнты на які ён выпадкова згубіў. Чыгір настойваў, што гэты мікрааўтобус ня крадзены. Абвінавачаныя разам зь ім Юскевіч і Яшын таксама сваёй віны ў выкраданьні аўтамабіляў не прызналі і яшчэ раз адмовіліся ад паказаньняў, дадзеных сьледзтву. Яны нагадалі пра катаваньні, якімі сьледчыя прымушалі іх прызнацца ў тым, што на замову Аляксандра Чыгіра яны нібыта ўганялі мікрааўтобусы.

У камэнтары да працэсу Міхаіл Чыгір таксама зрабіў акцэнт на дзеяньнях сьледзтва:

(Міхаіл Чыгір: ) "Наконт таго, што выбівалі паказаньні — я б спытаў пракурора, што б ён сказаў, калі б яго 30 хвілінаў патрымалі ў позе "ластаўка"? Магчыма, і маці родную здаў бы. Усе павінны ведаць, што значыць поза "ластаўка" і што такое "чорныя пяты".

(Карэспандэнт: ) "У сваім апошнім слове ваш сын нічога не сказаў пра палітычны характар гэтай справы. Чаму?"

(Міхаіл Чыгір: ) "Ведаеце, чалавек кажа тое, у чым перакананы. Яму казаць пра палітычныя прычыны справы, калі ён сам палітыкай не займаецца, а гэтым займаецца бацька, не выпадае. Вось ён і прамаўчаў. А я ў палітычным характары справы не сумняюся. Калі б я не займаўся палітыкай, а працаваў бы ў Маскве, як раней, то мой сын ніколі б за кратамі не апынуўся.

Цяпер жа ўжо і пракурор прызнаў, што групоўкі злачыннай няма. Між тым, згадайце, што адбывалася на тэлебачаньні адразу пасьля арышту Аляксандра. Казалі і пра 13 пацярпелых, і што ўсё даказана. А дзе ж тыя доказы? Высьветлілася, што доказы потым дапісалі да пратаколу. Гэта сьведчыць пра тое, што сьледчы, які займаўся расьсьледаваньнем, сам павінен пайсьці за краты".

Міхаіл Чыгір верыць у невінаватасьць свайго сына, але не выключае, што на пэўны турэмны тэрмін яго ўсё ж асудзяць, бо "ім трэба апраўдаць тое, што чалавек правёў год у турме".

Прысуд у гэтай справе стане вядомы ў наступную сераду, 6 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG