Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ АДБЫЛАСЯ ВЕЧАРЫНА МАКСІМА БАГДАНОВІЧА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Тыя, хто завітаў учора ў Цэнтар славянскай культуры, што на вуліцы Гагарына, з даждлівага варшаўскага вечару, адразу траплялі ва ўтульную атмасфэру гарадзкога дому пачатку мінулага стагодзьдзя. На стылізаванай сцэне – стол і лямпа ў стылі тых часоў. Няма штучнага сьвятла – толькі сьвечы. Усе крэслы ў невялікай залі Цэнтру занятыя.
Вядучыя, маладыя беларусы, што жывуць цяпер у Варшаве, з моцна адчувальным нават з апошняга раду надхненьнем і любоўю да Максіма Багдановіча распавядаюць пра жыцьцё і творчасьць вялікага беларускага паэта, чытаюць ягоныя вершы. Учора вершы Багдановіча чыталі ўсе, нават ахвотныя госьці. Рамансы на ягоныя словы гучалі па-беларуску, па-польску.

Па-польску “Зорку Вэнэру” у сваім перакладзе прадстаўляў вядомы перакладчык беларускай літаратыры спадар Чэслаў Сэнюх. Я запытаўся ў спадара Сэнюха, што для яго значыць перакладаць вялікага беларускага паэта.

(Сэнюх: ) “Вельмі цяжка перакладаць, бо Багдановіч – гэта дасканалы паэт. У яго кожнае слова і рыфма маюць значэньне. Вось каб гэты раманыс можна было засьпяваць па-польску, трэба было ў польскай мове даканаць амаль што эквілібрыстыкі. Але над ягонымі вершамі вельмі прыемна працаваць і шліфаваць гэты алмаз, каб верш быў дасканалы ня толькі ў арыгінале, але і мове перакладу”.

На вечарыне прысутнічаў таксама старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, які прызнаўся, што вельмі любіць творчасьць Максіма Багдановіча і на кожным этапе свайго жыцьця адкрывае у ім нешта новае.

(Пазьняк: ) “Я проста вельмі люблю Багдановіча. Гэта паэт, які выразіў патаемныя пачуцьці беларускай душы. Таму Багдановіча трэба чытаць часта, увесь час. І заўсёды будзеш адкрываць для сябе яго. Магу толькі параіць вывучыць беларускую мову, тым хто яе ня ведае, каб чытаць Багдановіча”.

Заснавальнік і гаспадар Цэнтру Славянскай культуры, варшаўскі беларус спадар Ян Заблоцкі быў вельмі задаволены, што імпрэза ў гонар вялікага беларускага паэта адбылася менавіта у ягоным цэнтры і на такім высокім узроўні.

(Заброцкі: ) “Як варшаўскі беларус зь Беласточчыны і кіраўнік адзінага такога Цэнтру ў Эўропе, хачу, каб штомесяц тут у Варшаве былі беларускія вечары. Для мяне не істотна, хто гэта арганізуе, але гэта павінна быць на высокім узроўні. І калі хто-небудзь ня хоча яшчэ адкрыта сказаць, што ён беларус, дык па такіх імпрэзах каб мог адкрыта на вуліцы сказаць, я – беларус”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG