Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ ПОЛЬШЧЫ СТАРАЮЦЦА ЗАХАВАЦЬ СВАЕ ПРАВЫ НА ПРЫСУТНАСЬЦЬ У ТЭЛЕ- І РАДЫЁЭФІРЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Беласток

З гэтай нагоды напярэдадні ў Беластоку была створаная адмысловая Рада нацыянальных меншасьцяў у справе электронных мэдыяў.

Старшыня Рады, прадстаўнік Зьвязу ўкраінцаў Польшчы, Пётар Тыма лічыць, што фармулёўка пра права нацыянальных меншасьцяў на доступ да дзяржаўных электронных мэдыяў, якая ёсьць у законе цяпер, мусіць быць больш дакладнай.

“На дзяржаўным радыё і тэлебачаньні здараецца, што рашэньні аб прысутнасьці нашай тэматыкі у эфіры вельмі часта залежаць ад прыватнай ініцыятывы супрацоўнікаў гэтых дзяржаўных мэдыяў”, - адзначыў спадар Тыма.

Створаная напярэдадні адмысловая Рада нацыянальных меншасьцяў у справах электронных мэдыяў мусіць супольна займацца справамі прысутнасьці нацыянальных меншасьцяў у дзяржаўным тэле- і радыёэфіры. Асабліва гэта актуальна цяпер, бо акрамя зьменаў у заканадаўстве, ад сакавіка мяняецца і фармат трэцяга каналу польскага тэлебачаньня, дзе дагэтуль месьціліся рэгіянальныя праграмы.

Колькі эфірнага часу на дзяржаўных радыё і тэлебачаньні на Беласточчыне маюць беларускамоўныя праграмы цяпер,
я запытаўся ў старшыні Зьвязу беларусаў Польшчы Яўгена Вапы, які браў непасрэдны ўдзел у стварэньні Рады.

(Вапа: ) “Калі гаварыць пра дзяржаўныя электронныя мэдыі, дык мы маем 15 хвілінаў ці, часам, паўгадзіны штодзённа на “Радыё Беласток” і ў беластоцкім тэлебачаньні 15 хвілінаў на тыдзень. Плюс, вядома, нашае незалежнае радыё “Рацыя”, але гэта ўжо не дзяржаўнае радыё.

(Дзікавіцкі: ) “Вы лічыце, што гэтага недастаткова?”

(Вапа: ) “Не, справа ў тым, што на кожным узроўні ў часе кшталтаваньня нейкага дэмакратычнага працэсу мусяць браць удзел усе бакі. Прадстаўнікі нацыянальнай меншасьці яшчэ некалькі месяцаў таму дамовіліся, што такая Рада ўзьнікне, каб разам гаварыць пра свае справы. Зараз у законе аб тэлебачаньні і радыё ёсьць запіс пра тое, што нацыянальныя меншацьці маюць права на свае інфармацыйныя прагарамы. Таму трэба разам працаваць, каб гэты запіс раптам ня зьнік”.

(Дзікавіцкі: ) “Спадар Вапа, скажыце, якія будуць першыя захады Рады нацыянальных меншасьцяў да справаў электронных мэдыяў?”

(Вапа: ) “Сустрэцца з камісіямі парлямэнту да справаў культуры і сродкаў масавай інфармацыі для таго, каб дэпутаты зразумелі, што доступ меншасьцяў да мэдыяў ёсьць вельмі важны”.

Адначасова сябры Рады адзначаюць, што ў дзяржаўных мэдыях неабходна больш шырока распаўсюджваць веды аб гісторыі і культуры нацыянальных меншасьцяў у Польшчы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG