Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЕ ПРА ФУНКЦЫЯНАВАНЬНЕ МОЗГУ


Мікола Іваноў, Прага

Мозг чалавека – найбольш складаны, але адначасова найменш дасьледаваны ворган чалавечага цела. Вынікі апошніх дасьледаваньняў амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць аб тым, што некаторыя працэсы ў галовах людзей маюць шмат супольнага з тым, што адбываецца ў галовах жывёлаў.

Навукоўцы-псыхааналітыкі высьветлілі, што вельмі часта людзі прымаюць пастановы ў такіх складаных пытаньнях, як сацыяльная абароненасьць, інвэстыцыі і адносіны ў сям’і не на падставе складанага аналізу, а ў выніку інтуіцыі, якая прыгадвае такія пачуцьці жывелаў як патрэба харчаваньня і падоўжаньня роду.

Вынікі дасьледаваньняў абвяргаюць укаранёны погляд, што людзі заўсёды робяць сьвядомы выбар у справе таго, чаго яны хочуць і якім чынам магчыма дасягнуць гэтага. Даволі шмат працэсаў, якія адбываюцца ў мазгах, заснаваныя на дзеяньні простых працэсаў.

Грэгары Бэрнс, псыхоляг амэрыканскага ўнівэрсытэту з Атлянты, гаворыць, што падобная ідэя абмяркоўвалася ў навуковым асяродзьдзі з часоў Фрэйда.

Цяпер жа з дапамогай вывучэньня мозгу высьветлілася, што і сапраўды падчас прыняцьця пастановаў у складаных пытаньнях працуюць тыя часткі галаўнога мозгу, якія адказныя за несьвядомыя пастановы.

У шматлікіх сытуацыях, чытаем на старонках “International Herald Tribune”, мозг чалавека дзейнічае, як аўтапілёт самалёту. Калі ў могз паступае новая інфармацыя з навакольнага сьвету, мозг аўтаматычна параўноўвае яе з тым, што яму ўжо вядома. Калі зьявы знаёмыя, (дарога на працу ў аўтамашыне, напрыклад) інфармацыя аб гэтым не дасягае частак мозгу, адказных за прыняцьцё сьвядомых пастановаў.

А калі ўзьнікае перашкода (напрыклад, чырвонае сьвятло), тады падключаюцца тыя часткі мозгу, якія адказныя за сьвядомыя пастановы.

Вучоныя лічаць, піша “International Herald Tribune”, што амаль 90% дзеяньняў людзей штодня адбываецца на гэтым несьвядомым узроўні. І гэтым дзеяньні мазгоў чалавека нагадваюць функцыянаваньне мазгоў жывёлаў.

Навукоўцы правялі дасьледаваньне, якім чынам мозг жывёлаў і чалавека ацэньвае ўзнагароды. У мазгу як чалавека, так і жывелаў у гэтым выпадку выдзяляецца хімічнае рэчыва дапамін. Зь яго дапамогай цэнтральная частка мозгу ацэньвае наяўнасьць ці адсутнасьць узнагароды.

Вучоныя лічаць, што гэтая “дапамінавая сыстэма” ўвесь час робіць прадказаньні: чаго можна чакаць у галіне атрыманьня ўзнагароды. У выпадку жывёлаў дапамін трапляе непасрэдна ў тую частку мозгу, якая адказная за паводзіны. І таму жывёлы адразу радасна рэагуюць, калі атрымліваюць нешта смачнае. У чалавека ж дапамін можа трапляць і ў іншую, больш складаную частку мозгу, дзе пераапрацоўваецца атрыманая інфармацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG