Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА ЧАГО МОЖА ПРЫВЕСЬЦІ ЭКСПЭРЫМЭНТ ПА СТВАРЭНЬНІ МЭДЫЯ-ХОЛЬДЫНГАЎ?


Ігар Карней, Менск

Учора кіраўнікоў усіх дзяржаўных друкаваных выданьняў выклікалі на адмысловае паседжаньне Міністэрства інфармацыі, каб акрэсьліць пэрспэктыву стварэньня (і далейшага існаваньня) так званых мэдыя-хольдынгаў.

На першым этапе плянуецца правесьці экспэрымэнт з удзелам даўно вядомых сталых і моладзевых выданьняў: “Звязда” і “Чырвоная змена” — у адным зьвязку, і “Советская Белоруссия” і “Знамя юности” — у другім. Многія экспэрты разглядаюць гэтыя пляны як спробу аслабіць беларускамоўныя выданьні.

Стала вядома, што, прыкладам, рэдакцыя “Звязды” ўжо атрымала адпаведнае распараджэньне зь Міністэрства інфармацыі: да 1 красавіка скараціць штат супрацоўнікаў на 16 чалавек, альбо на 20%. Яшчэ ад новага году фінансаваньне беларускіх выданьняў скарацілася на 17%.

Супрацоўнікі “Чырвонай змены” ўжо тры месяцы без заробку. Варта дадаць, што падобныя захады дагэтуль ужо рабілі да часопісаў “Спадчына” і “Беларуская мінуўшчына”, а таксама “Крыніца” і “Маладосць”. Адметна, што адначасова істотна падвысілі бюджэтнае фінансаваньне “Советской Белоруссии”.

На жаль, прычыны тэрміновага зьліцьця друкаваных выданьняў у Міністэрстве інфармацыі камэнтуюць вельмі неахвотна. Адказная за працэс стварэньня хольдынгаў, намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч так адрэагавала на маё тэлефанаваньне:

(Ананіч: ) “Я не камэнтую ніякую сытуацыю, таму што потым думкі выкладаюцца неаб’ектыўна. Што тычыцца канкрэтнага пытаньня, што вы задаяце па “Чырвонцы” і “Звяздзе”, то пакуль у мяне няма ніякай інфармацыі для прэсы на гэты конт. Пытаньне разглядаецца”.

Вымушаныя ўдзельнікі экспэрымэнту таксама па-рознаму ставяцца да ідэі вядзеньня сумеснай гаспадаркі. Рэдактар “Чырвонай змены” Алесь Карлюкевіч катэгарычна супраць усялякіх аб’яднаньняў.

(Карлюкевіч: ) “Чырвоная змена” ня мае такога намеру. Пра гэта я сам упершыню прачытаў на старонках “Звязды” ў інтэрвію з намесьніцай міністра інфармацыі Ананіч”.

(Карэспандэнт: ) “Але для вас ці было б лепей удзельнічаць у сумесным праекце?”

(Карлюкевіч: ) “Я лічу, што газэта павінна заставацца самастойным рэспубліканскім выданьнем. На маё прыватнае гледзішча, толькі эканамічная сытуацыя павінна ўплываць на нейкія перамены”.

(Карэспандэнт: ) “Зараз у вас сапраўды сытуацыя не найлепшая, так?”

(Карлюкевіч: ) “Так. У эканамічным пляне. Бюджэтнае фінансаваньне прадвызначанае, сплянаванае. І яго не хапае, бо, як і іншыя выданьні, мы самі вымушаныя шукаць шляхоў, каб зарабляць грошы”.

(Карэспандэнт: ) “Міністэрства інфармацыі паведаміла, што стварэньне мэдыя-хольдынгаў пачнецца з раёнаў: маўляў, хутка па тры–чатыры “раёнкі” дзеля эканоміі сродкаў будуць працаваць пад адным дахам. Такая ідэя мае права на жыцьцё? Нават зыходзячы з таго, што мэдыя-хольдынг у Беларусі й Расеі — гэта вялікая розьніца”.

(Карлюкевіч: ) “Напэўна, магчыма ўсё, але я проста на практыцы ня бачу рэальнага прымяненьня такога досьведу ў нас. Мяне зараз куды больш хвалюе лёс “Чырвонай змены”.

Рэдактар “Звязды” Ўладзімер Наркевіч адмовіўся ад камэнтароў, спаслаўшыся на нястачу інфармацыі.

Адзін вынік стварэньня мэдыя-хольдынгаў ужо вядомы — гэта радыкальнае скарачэньне колькасьці супрацоўнікаў рэдакцыяў. Пра станоўчыя бакі пакуль гаварыць рана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG