Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У ЭМІГРАЦЫЙНЫХ КАНТОРАХ — ЖУЛІКІ Й ПРАЙДЗІСЬВЕТЫ. ПАКУЛЬ НЕ НАЗАВЕШ СЯБЕ ПАЛІТУЦЕКАЧОМ — НА ЗАХАД НЯ ТРАПІШ”


Валянцін Жданко, Менск

Многіх нашых слухачоў зацікавіла тэма, якую ўзьняў два месяцы таму палітэмігрант Мікалай Раманаў з Антвэрпэну, з Бэльгіі. На ліст Мікалая адгукнуліся пераважна тыя, хто, як і ён, імкнуцца пакінуць Беларусь і шукаюць дзеля гэтага зручных шляхоў.

Некаторыя лічаць, што найпрасьцей назвацца палітуцекачом і атрымаць палітычны прытулак. У папярэдніх перадачах мне ўжо даводзілася адказваць на некаторыя з такіх лістоў. Адказамі гэтымі незадаволены Антон Сяржун з Брусэля, з Бэльгіі. У сваім лісьце ён піша:

“Узяцца за пяро мяне падштурхнуў адказ Валянціна Жданко на ліст Мікалая Раманава з Антвэрпэну. Спадар Жданко сказаў, што, маўляў, няма нічога дрэннага ў тым, што людзі імкнуцца на Захад — на заробкі ці на сталае жыхарства. Але ён асуджае тых, хто выкарыстоўвае дзеля гэтых мэтаў палітыку, і лічыць гэта, як я зразумеў, амаральным. Дзеля эміграцыі ён раіць шукаць іншых шляхоў.

Дазвольце, спадар Жданко, з вамі не пагадзіцца. Шлях з выкарыстаньнем палітыкі — ці не адзіны рэальны дзеля таго, каб выехаць на Захад. Статус уцекача дазволіць вам трохі агледзецца, вывучыць асновы мовы, бязь веданьня якой пошук працы робіцца бессэнсоўным.

Што тычыцца эміграцыйных кантораў, то ў большасьці сваёй гэта жулікі і прайдзісьветы. Сам праз такую кантору ў 1997 годзе выправіў сына ў Чэхію. Абабралі як ліпку — добра, што жывы прыехаў. А калі вы трапіце на сапраўдную фірму, то гэта патрабуе пэўных грашовых выдаткаў. Напрыклад, эміграцыя ў Канаду, куды сапраўды набіраюць працоўную сілу, вымагае акрамя адноснага веданьня мовы яшчэ і 6000 даляраў пры ўезьдзе — гэта калі не лічыць выдаткаў на адвакатаў ды іншае. Ці даступна гэта звычайнаму беларусу?

У сваіх перадачах “У сьвет на заробкі” вы прапануеце, напрыклад, ехаць працаваць у Польшчу. Але там цяпер масавае беспрацоўе, палякі самі натоўпамі бягуць за мяжу. Да прыкладу, у Брусэлі іх цяпер паводле розных падлікаў 50–60 тысяч. Жывуць і працуюць тут яны ад пяці да дзесяці гадоў, зьбіраюць пэўную колькасьць грошай ды вяртаюцца — будуюць дамы ды пачынаюць уласны бізнэс.

І яшчэ трохі аб маралі. Вы кажаце: 5–6 пікетаў, фота — і ў Эўропу. А колькі разоў за гэтыя пікеты чалавеку плюнуць у твар, аблаюць апошнімі словамі, будуць лезьці біцца і яшчэ пашанцуе, калі не дастанецца амонаўскім ботам у твар ці па нырках. Таму стаяць у пікетах адны і тыя ж — хто спаліў за сабой усе масты. А калі й прыйдзе чалавек з боку, то і хопіць яго на гэтыя 5 ці 6 разоў: ён яшчэ раз пераканаецца ў правільнасьці свайго выбару — і са спакойнай душой “прагаласуе нагамі”, — напісаў Антон Сяржун з Брусэлю.

Палітычныя партыі ствараюцца ня дзеля таго, спадар Антон, каб перапраўляць на Захад грамадзянаў Беларусі. Ніхто не вымушае вас выходзіць на апазыцыйны мітынг альбо станавіцца ў пікет, каб падзяліць гора тых сем’яў, якія ўжо каторы год чакаюць сваіх бясьсьледна зьніклых бацьку ці мужа.

Але калі вы далучыліся да шэрагу гэтых людзей, сьвядома і загадзя ставячы за мэту атрымаць з гэтага асабіста для сябе дывідэнды, калі вы выходзіце на такі пікет, беручы з сабой фотаапарат, каб потым паказваць здымак паліцыі дзе-небудзь у Бэльгіі ці Нямеччыне — нічым іншым як крывадушнасьцю і цынізмам гэта назваць нельга. Гэта брудны бізнэс на пачуцьцях апанаваных сапраўднай бядой людзей. І нават калі вы, стоячы ў такім пікеце, атрымалі дубінкай па шыі ад міліцыянтаў — гэта вас, на маю думку, ніколькі не апраўдвае.

Так, у большасьці заходніх краінаў без асаблівага захапленьня ставяцца да эканамічнай эміграцыі з Усходу, бо абараняюць найперш інтарэсы ўласных грамадзянаў, свой рынак працы.

Асаблівае стаўленьне да палітычных уцекачоў абумоўленае найперш жаданьнем заходніх урадаў выратаваць тых актывістаў дэмакратычных рухаў у таталітарных дзяржавах, якім за палітычную дзейнасьць пагражае турэмнае зьняволеньне, а то й фізычнае зьнішчэньне.

Вы са сваім закамуфляваным жаданьнем палепшыць уласныя ўмовы жыцьця ня толькі займаеце іхнае месца, ня толькі ўводзіце ў зман іміграцыйныя службы — вы кідаеце цень на тых бескарысьлівых і мужных людзей, якія сапраўды змагаюцца за дэмакратыю ў сваёй краіне — ня дзеля таго, каб пры першай жа магчымасьці кінуць яе, а каб жыць тут і стаць разам са сваімі суайчыньнікамі вольнымі ў вольнай дзяржаве.

Так, “галасаваць нагамі” ці заставацца на радзіме — гэта справа вашага асабістага выбару. Вы называеце ў якасьці прыкладу тыя сотні тысяч грамадзянаў Польшчы, якія шукаюць працу на Захадзе, а потым вяртаюцца на радзіму. Але, заўважце, яны знаходзяць там сабе працу і прытулак бяз статусу палітычных уцекачоў, а гэта значыць без падману, без хлусьні пра тое, што іхнаму жыцьцю нешта пагражае на радзіме за палітычную дзейнасьць. Значыць, гэта ня ёсьць такой ужо непераадольнай праблемай, як вы пра тое пішаце.

Ліст ад нашага апанэнта — Міхаіла Швайгуна зь вёскі Мінянка Кобрыньскага раёну. Ён піша:

“Раней я і мае суседзі стала слухалі Свабоду. Але апошнім часам, калі вы павялічылі час вяшчаньня, якасьць перадач зьнізілася. Дзе ваша аб’ектыўнасьць?

Хуліган, які піша на сьценах будынкаў і агароджах непрыстойнасьці, атрымлівае адпаведнае пакараньне. Што ў гэтым несправядлівага? Альбо злодзей, які залез у дзяржаўную кішэню, апынуўся ў турме. І па заслугах. Але ж вы хуліганаў і злодзеяў называеце “вязьнямі сумленьня”.

А што вакол Курапатаў? Будуецца кальцавая дарога, магілаў на месцы, дзе яна пройдзе, няма (гэта і адпаведная камісія засьведчыла). Але некалькі гультаёў заселі ў намёце, патрабуюць сабе ад насельніцтва цёплых коўдраў, смачнай ежы, дроваў, грошай — і яшчэ пры гэтым становяцца ляўрэатамі. Хто ж вас будзе слухаць пасьля такіх перадачаў?

А гэтыя спэкуляцыі вакол зьнікненьняў і сьмерцяў… Вось раптоўна памёр гарадзенскі губэрнатар Дубко — у вас падозраньняў няма. Загінула ў аўтакатастрофе дэпутатка Дудко зь зяцем — таксама ўсё спакойна. А вось сьмерць Карпенкі вы называеце загадкавай. Загінуў Майсеня ў аўтакатастрофе — таксама нейкія падозраньні. Павесіўся Зайцаў — вы віну ўскладаеце на ўладу. Сьмех дый годзе.

Я ўпэўнены: віна Радыё Свабода ў тым, што ў Беларусі няма сапраўднай апазыцыі. Ствараецца ўражаньне, што Свабода лье ваду на чужы млын”, — напісаў Міхаіл Швайгун зь вёскі Мінянка Кобрыньскага раёну.

Ва ўсіх пералічаных вамі пытаньнях, спадар Швайгун, Радыё Свабода займала і займае нязьменную пазыцыю — і да выбараў, і пасьля іх. Калі меркаваць па лісту, вы ўважліва сочыце за нашымі перадачамі і, відавочна, самі ведаеце адказы на свае пытаньні. Ня думаю, што да выбараў вы былі нашым прыхільнікам, а пасьля выбараў зьмянілі пазыцыю. Тым ня менш, давайце больш пільна прыгледзімся да вашых аргумэнтаў.

Сьцены многіх будынкаў у Менску і ў іншых гарадах расьпісаныя нецэнзурнай лаянкай, гэтыя надпісы ніхто гадамі не зафарбоўвае і ня ловіць іх выканаўцаў. Але варта зьявіцца на сьцяне палітычнаму лёзунгу супраць Лукашэнкі, як на пошукі аўтара кідаюцца ўсе міліцэйскія сілы, а злоўленага падлетка кідаюць у турму.

Наконт палітычных вязьняў. Міхаіл Чыгір, Андрэй Клімаў, Васіль Лявонаў ды іншыя цалкам задавальнялі Аляксандра Лукашэнку, пакуль займалі дзяржаўныя пасады й паслухмяна выконвалі ягоныя загады. Як толькі яны наважыліся заявіць пра сваю нязгоду зь ягонай палітыкай — тут жа сталі злодзеямі і махлярамі і трапілі ў турму.

Далей пра Курапаты. Хутка ўжо пятнаццаць гадоў, як выяўлена гэта месца масавых забойстваў сталінскім рэжымам дзясяткаў тысяч ні ў чым не вінаватых людзей. Замест таго, каб зрабіць гэтае месца нацыянальным нэкропалем, узьвесьці тут мэмарыял — улады распачалі будаўніцтва дарогі. Тыя хлопцы, дзякуючы якім сёньня будаўнічая тэхніка не прасуе занядбаныя магілы, асабіста ад вас, спадар Швайгун, не патрабуюць нічога — ні коўдраў, ні ежы. Але яны ратуюць і ваш чалавечы гонар.

І, нарэшце, пра загадкавыя зьнікненьні й сьмерці. Пасьля таго, як бясьсьледна зьніклі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Зьміцер Завадзкі, грамадзкая ўвага міжволі была скіраваная і на абставіны сьмерці іншых вядомых асобаў, якія былі ў апазыцыі да ўлады. Улада не дае адказу, хто вінаваты ў гэтых злачынствах, і не дазваляе праводзіць незалежнае расьсьледаваньне міжнародных экспэртаў. І гэта нараджае шмат зусім лягічных пытаньняў.

Пра ўсё гэта, спадар Швайгун, вы ведаеце з нашых перадачаў. І мяне зусім не палохае вашая пагроза, што вы перастанеце слухаць Свабоду. Не перастанеце. Інфармацыя гэтая вас, як бачна, цікавіць, а зь дзяржаўных мэдыяў, пазыцыю якіх вы, відаць, падзяляеце, вы пра гэта нічога не даведаецеся. Так што слухайце на здароўе, хоць ацэнкі вам і не заўсёды падабаюцца.

Наш сталы слухач Мікалай Невядомскі даслаў яшчэ адзін ліст, у якім зноў выказвае нязгоду з пазыцыяй аглядальніка нашага Радыё Валера Карбалевіча. Прэтэнзіі спадара Невядомскага зводзяцца да таго, што Валер Карбалевіч падрабязна аналізуе ўсе хібы апазыцыі, кажа пра яе слабасьць, а гэта, на думку слухача, недапушчальна, бо, паводле яго, аслабляе апазыцыйныя сілы і спрыяе ўмацаваньню ўлады Лукашэнкі. Я вам, спадар Мікалай, адказваў на гэтыя абвінавачаньні мінулы раз.

А вось які адказ даслаў вам наш слухач Валеры Грыцук зь Менску. Ён піша:

“Я катэгарычна ня згодны з абвінавачаньнямі на адрас Валера Карбалевіча. Я сам ёсьць сьведкам фактычнай бязьдзейнасьці апазыцыі, бо сам быў у эпіцэнтры ўсіх падзеяў мінулай восені. З гэтай нагоды я нават даслаў артыкул у “Народную Волю” пад назвай “Які народ — такая і апазыцыя”. Так што сэнсацыі тут няма.

У гісторыі шлях народаў ляжыць праз рэвалюцыю ці эвалюцыю. На першае беларусы ня здатныя; праз другое мы не пасьпеем дайсьці да цывілізацыі, бо вымрам, як маманты падчас ледніка”.

Увогуле, спадар Невядомскі, задачай нашага радыё ёсьць даць вам поўную інфармацыю і пазнаёміць з шырокім спэктрам меркаваньняў пра ўсе актуальныя падзеі й праблемы, у тым ліку і пра дзейнасьць апазыцыйных сілаў. Па-мойму, вы павінны пагадзіцца: ведаць праўду лепш, чым цешыць сябе ілюзіямі.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Ядвіга Шклоўчык з Койданава і Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG