Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ НЯ ВЕРЫЦЬ, ШТО БЕЛАРУСЬ САПРАЎДЫ ВЫЙДЗЕ З ГЭТАЙ АРГАНІЗАЦЫІ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня ўвечары я патэлефанаваў у Лісабон, у Міністэрства замежных справаў Партугаліі, якая сёлета старшынюе ў АБСЭ, ды папрасіў пракамэнтаваць апошнія заявы афіцыйнага Менску, сярод якіх вылучаюцца пагрозы прыпыніць сяброўства Беларусі ў АБСЭ.

Вось што кажа Луіш Кабаса, прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ ў справах Беларусі, Украіны, Малдовы й Чачэніі:

(Кабаса: ) “Мы аналізуем усе дэклярацыі. Для нас сталі, калі можна так сказаць, загадкай некаторыя дэклярацыі, таму што некаторыя зь іх ёсьць вельмі дружалюбныя, а некаторыя ня вельмі. Мы лічым, што менскія ўлады ня сьледуюць аднолькаваму прыкладу. Часам яны вельмі агрэсіўныя датычна АБСЭ, часам яны кажуць нам, што яны вельмі хочуць працаваць з АБСЭ”.

Спадара Кабасу я таксама запытаў, што новага з прызначэньнем кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску.

(Кабаса: ) “Мы хацелі б мець тут вынік вельмі хутка. Але мы лічым, што можа быць кампраміс, што мы можам дасягнуць кампрамісу. Мы яшчэ атрымліваем паведамленьні зь Менску, якія кажуць, што прэзыдэнт Лукашэнка вельмі ахвотны супрацоўнічаць з АБСЭ ды што яны пелягуюць ролю, якую АБСЭ можа мець у іхнай краіне”.

Луішу Кабасу я нагадаў пра нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што мандат КНГ АБСЭ ў Менску скончыўся, таму гэтая група мусіць або пакінуць Беларусь, або зьмяніць мандат.

(Кабаса: ) “Перагляд мандату — гэта адна з тых рэчаў, якія менскі ўрад вельмі-вельмі настойліва прасоўвае. Але зараз перамоваў пра гэта няма. АБСЭ заяўляла й працягвае заяўляць, што мандат сапраўдны, а яна не адкрытая для перамоваў. Гэта вызначаны мандат, ён дагэтуль сапраўдны, ён ня мае абмежаваньня ў часе, як некаторыя мандаты, што заканчваюцца ў нейкі дзень. Гэты мандат ня мае даты заканчэньня, і ўвесь яго палітычны зьмест дагэтуль сапраўдны”.

Але ці могуць калі-небудзь пачацца перамовы пра зьмены мандату КНГ АБСЭ ў Беларусі? — запытаўся я ў Луіша Кабасы.

“Прынамсі, не да таго, як мы атрымаем прызначанага кіраўніка місіі”, — адказаў прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ.

Я таксама нагадаў яму, што папярэдні кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік зьехаў зь Беларусі два месяцы таму, і спытаўся: колькі яшчэ месяцаў спатрэбіцца для прызначэньня ягонага пераемніка? Вось як адказаў Луіш Кабаса:

(Кабаса: ) “Ну, гэта ня лёгкае пытаньне. Таму што сытуацыя збольшага тая самая, што была раней. Але час сыходзіць. У нас няма крайняга тэрміну, як вам казаў раней, для прызначэньня новага кіраўніка групы. Мы маем кандыдата — вы ведаеце, хто ён, — і мы хацелі б, каб ён быў на месцы як мага хутчэй, хацелі б супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў гэтым.

Унутры АБСЭ ёсьць моцнае адчуваньне — тут ёсьць партнэры, ключавыя гульцы кшталту Злучаных Штатаў, краінаў Эўрапейскага Зьвязу, якія падпіхваюць наша старшынства да больш моцнай пазыцыі. Але мы адчуваем, што сапраўды мусім мець кампраміснае рашэньне, што мы мусім працаваць зь Менскам. Таму што мы хочам, каб Менск адчуваў: АБСЭ не для таго, каб кантраляваць або цэнзураваць ягоны ўрад, а каб дапамагаць гэтаму ўраду выконваць ягоныя забавязаньні ў АБСЭ.

Вядома, пакуль час сыходзіць, усе мы губляем мажлівасьць для манэўру — ня толькі дзейны старшыня, але й менскія ўлады таксама. Таму вельмі важна дасягнуць кампрамісу як мага хутчэй. І мы вельмі спадзяемся на гэта — магчыма, у гэтым месяцы або ў пачатку наступнага. І калі мы ня дасягнем гэтага кампрамісу, нам давядзецца вывучаць некаторыя альтэрнатывы й глядзець, што мы можам зрабіць адсюль”.

Я распавёў спадару Кабасу, што афіцыйны Менск таксама разглядае некаторыя альтэрнатывы — напрыклад, сёньня старшыня камісіі міжнародных справаў гэтак званага Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец заявіў, што лічыць мажлівым прыпыніць сяброўства Беларусі ў АБСЭ. Спадар Чаргінец зрабіў гэтую заяву на наступны дзень пасьля афіцыйнай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Ці не баіцца дзейны старшыня АБСЭ, што Беларусь выйдзе з гэтай арганізацыі? — запытаў я Луіша Кабасу.

(Кабаса: ) “Ну, мы не баімся: “баяцца” — няправільны тэрмін. Мы насамрэч думаем, што гэта было б вельмі сумна, калі гэта адбудзецца. Мя ня лічым, што гэта адбудзецца, таму што Беларусь ёсьць важнай краінай, ейныя суседзі, а менавіта Расея, зь якой яна мае саюз, таксама прыхільная да АБСЭ. Таму мы насамрэч ня верым, што Беларусь прыпыніць сваё сяброўства. І мы таксама лічым, што ў Беларусі няма прычыны для гэтага.

Раней былі рознагалосьсі, асабліва таму, што амбасадар Вік не падабаўся Менску, але мы б хацелі адкрыць новую старонку. Таму, я думаю, Беларусь толькі выйграе ад сяброўства ў АБСЭ й нічога ня выйграе ад выхаду з АБСЭ. Думаю, што гэтыя дэклярацыі зьвязаныя з тактыкай перамоваў, якую выкарыстоўвае Менск”, — заявіў Луіш Кабаса, прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ ў справах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG