Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СПЭЦСЛУЖБЫ – ІНСТРУМЭНТ ПАЛІТЫЧНАГА КАНТРОЛЮ РАСЕІ НАД БЕЛАРУСЬСЮ,” – МЯРКУЕ ПОЛЬСКАЯ ДАСЬЛЕДЧЫЦА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

(Вяжбоўска: ) “У сваім аналізе я спрабавала дасьледаваць, у якой ступені Беларусь ёсьць краінай незалежнай, і ў якой ступені Беларусь падпарадкаваная Маскве. Адсюль і назва: “Рэспубліка Беларусь” – гэта цяперашняя назва незалежнай дзяржавы, а “Беларуская Рэспубліка” – гэта бліжэй да таго, як Беларусь называлася за часамі СССР. Карацей, гэта перавернутае пытаньне аб незалежнасьці Беларусі”.

(Дзікавіцкі: ) “У сваім дасьледаваньні Вы пішаце: “Павялічаная ў часе выбараў цікаўнасьць расейскіх інвэстараў да Беларусі сьведчыць аб тым, што яны разьлічваюць на гаспадарчую карысьць узамен за падтрымку Лукашэнкі. Просячы падтрымкі ў Расеі, Лукашэнка быў змушаны да шматлікіх гаспадарчых саступак. Адной з такіх саступак ёсьць дазвол на выкуп сучасных беларускіх прадпрыемстваў расейцамі. Падаецца, што зараз ідзе гульня паміж Лукашэнкам, які хоча захаваць кантроль над прадпрыемствамі, і палітычнымі ды эканамічнымі інвэстарамі з Расеі, якія маюць грошы і хочуць адабраць гэты кантроль.” На Вашую думку, ці будзе Лукашэнка ўсё ж змушаны аддаць гэтыя прадпрыемствы, тым самым пагадзіўшыся на зьмяншэньне свайго ўплыву на сытуацыю ў краіне?”

(Вяжбоўска: ) “Шмат рэчаў гавораць аб тым, што некаторыя абяцанні альбо нават частковы продаж прадпрыемстваў, мелі месца яшчэ перад выбарамі дзеля таго, каб здабыць падтрымку ці грошы на выбары ад Расеі. Лукашэнка разумее, што прыватызацыя была б абмежаваньнем ягонай улады, стратай адной зь ягоных галоўных перавагаў перад Расеяй. Таму ён будзе адцягваць продаж наколькі гэта магчыма. Дарэчы, тое, што адбываецца цяпер – напрыклад, сытуацыя на бровары “Крыніца” – пацьвярджае гэта. Але расейскія інвэстары, такія як кампанія “Балтыка”, ня будуць гуляць у дзіцячыя гульні – бо гаворка ідзе пра вялікія грошы. Гэта вельмі рызыкоўная гульня, і я мяркую, што Лукашэнка будзе вымушаны саступіць. Тым больш, што расейскія інвэстары прызвычаеныя да функцыянаваньня ў такіх гаспадарчых умовах, дзе шмат залежыць ад нефармальных сувязяў. У Беларусі расейскі капітал таксама можа разьлічваць на палітычную падтрымку з боку Крамля”.

(Дзікавіцкі: ) “З другога боку, Вы пішаце, што пэўным выйсьцем для нерэфармаванай беларускай гаспадаркі было б адкрыцца для заходніх інвэстараў і капіталу, асабліва нямецкага. Вы думаеце, гэта магчыма ў цяперашняй сітуацыі?”

(Вяжбоўска: ) “Тут шмат залежыць ад стаўленьня беларускіх уладаў. Гэта было б магчыма, калі Лукашэнка адважыўся б на прыватызацыю паводле эўрапэйскіх стандартаў. Трэба ўпарадкаваць эканамічнае заканадаўства, падаць зразумелыя ўмовы прыватызацыі, прадаваць прадпрыемствы на канкурэнцыйных умовах. Тады, я мяркую, заходні капітал, і асабліва нямецкі, быў бы зацікаўлены ва ўваходзе на беларускі рынак. Але ў цяперашніх умовах для замежных інвэстараў гэта надзвычай рызыкоўна”.

(Дзікавіцкі: ) “А палітычная сітуацыя? Наколькі для замежных інвэстараў істотнай перашкодай ёсьць, да прыкладу, палітычны лад у краіне?”

(Вяжбоўска: ) “Мяркую, што незалежна ад палітычнай сытуацыі, калі б існавалі зразумелыя ўмовы бясьпекі інвэстыцыяў, то, напэўна, знайшліся б заходнія інвэстары, якія хацелі б інвэставаць у Беларусь. Напрыклад, нягледзячы на тое, што Злучаныя Штаты гэта краіна, якая найбольш радыкальна ставіцца да афіцыйнага Менску, на Беларусі ёсьць некалькі вельмі значных амэрыканскіх інвэстараў. Падаецца, што на Захадзе палітыка і гаспадарка значна больш размежаваныя, чым, прыкладам, у Расеі”.

(Дзікавіцкі: ) “Спадарыня Вяжбоўска, у сваім дасьледаваньні Вы адзначаеце, што беларускія спэцслужбы ёсьць фактычна інструмэнтам палітычнага кантролю Расеі над Беларусьсю. Патлумачце, калі ласка, больш падрабязна”.

(Вяжбоўска:) “Пасьля атрыманьня незалежнасьці, спэцслужбы ў Беларусі не былі створаныя зноўку ці неяк значна рэфармаваныя. Практычна, яны паўсталі ў выніку выдзяленьня са спэслужбаў савецкіх і засталіся іх часткай. Існуюць вельмі моцныя асабістыя сувязі паміж супрацоўнікамі расейскіх і беларускіх спэцслужбаў – часта яны вучыліся ў адных і тых жа вучэльнях. А некаторыя супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў, якія займаюць высокія пасады, раней працавалі ў Расеі. Акрамя гэтага, беларускія спэцслужбы вымушаныя карыстацца дапамогай расейскіх калегаў – напрыклад, дадзенымі расейскай выведкі ці расейскай тэхнікай. Цяжка ўявіць, каб беларускія спэцслужбы маглі рабіць што-небудзь, аб чым ня ведае Расея, не гаворачы ўжо пра тое, каб рабіць што-небудзь супраць Расеі. У той жа час, паводле двухбаковых дамоваў і дамоваў у межах СНД, расейскія спэцслужбы могуць ажыцьцяўляць свае апэрацыі на тэрыторыі Беларусі нават без супрацоўніцтва са сваімі беларускімі калегамі. Гэта паказвае ўзровень магчымасьцяў для ўплыву. Паказальна таксама і тое, што ў кожнай вобласьці Беларусі ёсьць прадстаўнік расейскіх спэцслужбаў”.

(Дзікавіцкі: ) “У дасьледаваньні Вы адзначаеце, што саюзная дзяржава ня ёсьць цяпер палітычнай мэтай ані Менску, ані Масквы. А пасьля зьмены ўлады ў Крамлі саюзная дзяржава, стварэньне якой горача падтрымліваў Луашэнка, стала для яго пасткай. Што значыць “стала для яго пасткай?”

(Вяжбоўска: ) “Параўнаньне з пасткай я ўжыла для ацэнкі становішча Аляксандра Лукашэнкі за часамі Барыса Ельцына і цяпер, пасьля зьмены ўлады ў Расеі. За часамі Ельцына існаваньне саюзнай дзяржавы ў пэўнай ступені было выгоднае Беларусі – гэта й адсутнасьць мяжы, атрыманьне практычна дармовых крэдытаў ды таннай сыравіны. Аднак, пасьля прыходу да ўлады Ўладзімера Пуціна беларуска-расейскія стасункі сталі больш практычнымі:Расея ня хоча плаціць за інтэграцыю і выкарыстоўвае існаваньне саюзнай дзяржавы для ажыцьцяўленьня карысных для сябе захадаў. Таму гэта і ёсьць пастка: Расея мае магчымасьць рабіць рэчы, некарысныя для Беларусі, апраўдваючы іх існаваньнем саюзнай дзяржавы”.

(Дзікавіцкі: ) “Ці мае Лукашэнка, на Вашую думку, якую-небудзь будучыню на расейскай палітычнай сцэне?”

(Вяжбоўска: ) “Гэта ніколі не было вельмі праўдападобным, але Лукашэнка мог яшчэ так думаць за часамі Ельцына – прыкладам, ствараючы пасаду прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта саюзнай дзяржавы. Шырока вядомая тэза аб тым, што Лукашэнка значна больш выгодна выглядаў побач з хворым і старым Ельцыным на расейскай палітычнай сцэне. Аднак цяпер ён сам, напэўна, разумее, што ня мае ніякіх шанцаў”.

(Дзікавіцкі: ) “На Вашую думку, якія пэрспэктывы маюць беларуска-расейскія міждзяржаўныя стасункі?”

(Вяжбоўска: ) “Думаю, ня варта спадзявацца, што Беларусь і Расея злучацца ў адзіны палітычны арганізм, аднак гэта ня значыць, што Расея ня будзе рабіць інтэграцыйных захадаў. Хутчэй, гэтыя захады будуць больш эканамічнага кірунку: прыкладам, прыватызацыя, дастасаваньне беларускіх гаспадарчых стандартаў да расейскіх, каб спрасьціць працу расейскаму капіталу. Пры цяперашняй ступені гаспадарчай і палітычнай залежнасьці ня варта разьлічваць на якія-небудзь рэзкія зьмены ў беларуска-расейскіх стасунках ці зьмены ў арыентацыі беларускай палітыкі. Думаю, што працэс інтэграцыі будзе працягвацца, але ў той ступені, у якой гэта выгодна Расеі”.

(Дзікавіцкі: ) “Дык, на Вашую думку, Беларусь ня мае шанцаў для абароны сваіх інтарэсаў перад Расеяй?”

(Вяжбоўска: ) ”Гэта ня значыць, што Менск ня мае тут ніякіх шанцаў. Беларусь мае некалькі моцных козыраў: такіх, як стратэгічнае становішча – асабліва для расейскіх вайсковых базаў і для транзыту. Таму пры мудрай палітыцы, нават калі дапусьціць, што Беларусь a priori ня можа зьмяніць сваёй прарасейскай арыентацыі, яна можа абараняць свае выгоды. Можа весьці палітыку інтэграцыі так, каб захаваць і свае інтарэсы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG