Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ ЗАКЛАПОЧАНЫ “ТУПІКОМ”, У ЯКІМ АПЫНУЛАСЯ ГРУПА Ў БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

У сваёй прамове на зімовай сэсіі Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ ў Вене партугальскі міністар замежных справаў Жаймэ Гама, які сёлета ёсьць дзейным старшынём АБСЭ, двойчы закранаў беларускую тэму, цытую:

“У Беларусі — пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў і важнай ролі, якую адыграла АБСЭ, — мы зараз разглядаем шляхі кансалідацыі дзейнасьці Кансультацыйна-назіральнае групы, новага кіраўніка якое мы жадаем хутка прызначыць. Іншыя ўстановы, кшталту ўпаўнаважанага ў пытаньнях свабоды сродкаў масавае інфармацыі, таксама маюць важную ролю там. Мы лічым, што супрацоўніцтва паміж Кансультацыйна-назіральнай групай і БДІПЧ у ажыцьцяўленьні некалькіх праектаў ёсьць вельмі пазытыўным”.

Дзейны старшыня АБСЭ нагадаў, што партугальскае старшынства ў гэтай арганізацыі ўжо зрабіла канкрэтныя крокі дзеля ўзмацненьня ролі Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ. Жаймэ Гама высока ацаніў падтрымку дзейнасьці арганізацыі на месцах і зазначыў: “У гэтым сэнсе я хацеў бы вітаць нядаўні візыт у Менск у пачатку лютага спадарыні Уты Цапф, кіраўніцы адмысловай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ. Важна, каб усе ўстановы АБСЭ былі скаардынаваныя й перадавалі аднолькавае пасланьне”.

Як стала вядома сёньня, пытаньне прызначэньня новага кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі выйшла на ўзровень усяго Эўрапейскага Зьвязу, сябрам якога ёсьць Партугалія. Супрацоўнік партугальскага МЗС, які прасіў не называць ягонага імя, сёньня сказаў Радыё Свабода:

(Дыплямат: ) “Ідуць дыскусіі ў Брусэлі, каб сфармаваць найлепшы падыход да гэтай праблемы. Прызначэньне кіраўніка ня мусіць зьвязвацца з мандатам групы, як беларускія ўлады гэта спрабуюць рабіць. Партугалія мае два капялюшы — вядома ж, сёлетняга старшыні АБСЭ, але й ня варта забываць, што й сябра Эўразьвязу таксама. Таму зараз у Брусэлі абмяркоўваецца, як лепш падысьці да беларускага ўраду з гэтай праблемай”.

Нагадаю, што тры тыдні таму іншы супрацоўнік гэтага ведамства Луіш Кабаса заявіў Радыё Свабода, што празь некалькі тыдняў, калі пытаньне з кіраўніком КНГ АБСЭ ў Менску вырашанае ня будзе, дзейны старшыня АБСЭ можа пачаць распрацоўку новай стратэгіі паводзінаў што да Беларусі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG