Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФАЛЬКЛЁРНЫ АНСАМБАЛЬ “ТУТЭЙШАЯ ШЛЯХТА” АДЗНАЧЫЎ СВАЁ ДЗЕСЯЦІГОДЗЬДЗЕ ЗАПІСАМ НОВАГА ДЫСКА


Юрась Барысевіч, Менск

У рыскім музэі “Мэнцэндорф” адкрылася першая выстава беларускае скульптуры ў Латвіі. 14 скульптараў, сярод якіх і рэалісты, і авангардысты, паказалі рыжанам каля 40 твораў. Выстава была пад пагрозаю зрыву: мастакам давялося 14 гадзінаў чакаць на мытні дазволу правезьці свае творы празь беларуска-латвійскую мяжу.

Паказ дакумэнтальнага фільма “Шостае сонца” пра паўстаньне індзейцаў у сучаснай Мэксыцы стаўся апошняю акцыяй Беларускага калегіюму ў бібліятэцы імя Янкі Купалы, у якой Калегіюм арандаваў памяшканьні чатыры гады. Паказу папярэднічала прэзэнтацыя кнігі “Свабода безь цябе”, дзе апісваецца досьвед змаганьня з аўтарытарнымі рэжымамі ў Сэрбіі, Польшчы й Мэксыцы. Ад супрацоўніцтва з Калегіюмам адмовіліся і ўсе іншыя бібліятэкі, дзе ладзіліся заняткі зь ягонымі студэнтамі. Тым ня менш Беларускі калегіюм мяркуе працягваць сваю адукацыйна-асьветную дзейнасьць, у тым ліку праз Інтэрнэт.

Побач са Скарынаўскім цэнтрам на вуліцы Рэвалюцыйнай адкрылася новая галерэя. Уладальнік — грамадзянін Францыі Іў Прудон — даў галерэі назоў “Зямля людзей”, каб выказаць салідарнасьць з гуманістычным патасам аднайменнага раману Сэнт-Экзюпэры. Першай выставаю ў “Зямлі людзей” стаўся цыкль графічных працаў Уладзімера Савіча, прысьвечаны землякам і сваякам мастака.

У ваенным гарадку Ўручча ў Менску адкрыўся Дзяржаўны музэй вайсковае гісторыі Беларусі. Асноўную частку экспанатаў ён атрымаў ад скасаванага 9 гадоў таму музэю гісторыі Беларускае ваеннае акругі, будынак якога быў вернуты праваслаўнай царкве. Шмат якія экспанаты сапсаваліся ў лёхах былой казармы, дзе яны захоўваліся гэтыя гады. Цяпер музэй будзе працаваць у Доме афіцэраў ва Ўруччы.

Фальклёрны ансамбль “Тутэйшая шляхта” адзначыў сваё 10-годзьдзе запісам прэзэнтацыйнага кампакт-дыску. Удзельнікі ансамблю — супрацоўнікі й студэнты Беларускага Дзяржаўнага ўнівэрсытэту — бачаць мэтай адраджэньне музыкі, што колісь была папулярная ў беларускай шляхты. Апроч малавядомых народных сьпеваў, на дыску гучаць новыя песьні, напісаныя на словы паэтаў-шляхціцаў Яна Баршчэўскага і Яна Чачота.

У галерэі менскага Інстытуту Гётэ праходзіць выстава віленскага мастака Сяргея Поклада. Асноўную частку экспазыцыі складаюць сьвяточна-рамантычныя краявіды Вільні. Выстава мае назоў “Сылюэты колераў”: Сяргей Поклад не расфарбоўваў знаёмыя абрысы віленскае архітэктуры, а спрабаваў збудаваць яе наноў з найбольш яркіх і цёплых колераў сваёй палітры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG