Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАЗІЙСКАЯ ЭКАНАМІЧНАЯ СУПОЛЬНАСЬЦЬ ЗЬБІРАЕЦЦА УВОДЗІЦЬ СВОЙ “ЭЎРА”


Міхал Стэльмак, Менск

Сустрэча банкіраў Эўразійскай эканамічнай супольнасці, у якую ўваходзяць Беларусь, Расея, Казахстан, Кыргызстан ды Таджыкістан, адбылася з нагоды заплянаванага паседжаньня адмысловага органу — рады цэнтральных банкаў пяці краінаў.

Як паведаміў старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч, удзельнікі менскага паседжаньня абмеркавалі пытаньні каардынацыі грашовай палітыкі, а таксама пэрспэктыўных дачэненьняў у гэтай сфэры. Было заяўлена, што дзяржавы Эўразійскай супольнасьці ўжо праз 5–7 гадоў могуць займець агульную валюту. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт старшыня Нацыянальнага банку Казахстану Рыгор Марчанка:

(Марчанка: ) “5–7 гадоў — гэта той рэальны пэрыяд, які патрэбны для поўнага ўзгадненьня палітыкі нашых дзяржаваў. Грашова-крэдытнай, курсавой, валютнага рэгуляваньня й гэтак далей. Гэта павінна быць наднацыянальная валюта, адзіны цэнтральны банк. Пры гэтым мы лічым, што ён не павінен быць у Маскве. Самая галоўная праблема для такога аб’яднаньня — гэта гатоўнасьць Расейскай Фэдэрацыі не дамінаваць”.

Як зазначыў галоўны банкір Беларусі Пётар Пракаповіч, для гэтага працэсу можа быць скарыстаны досьвед Беларусі й Расеі, якія зьбіраюцца інтэгравацца ў рамках саюзнай дзяржавы. Што тычыцца іхных цяперашняй нязгоды ў пытаньні эмісійнага цэнтру, то спадар Пракаповіч пракамэнтаваў іх наступным чынам:

(Пракаповіч: ) “У нашым пагадненьні ўсе тэрміны дакладна абгавораныя. Рашэньне пра стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру, у адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем, прымаецца сумесна з прыняцьцем Канстытуцыйнага акту. Таму мы лічым, што гэта будзе прыкладна 2003 год”.

На сёньняшняе паседжаньне ў Менск меркаваў прыехаць і галоўны банкір Расеі Віктар Герашчанка. Аднак у апошні момант яго абавязалі выступіць са справаздачай у Дзяржаўнай думе, і таму ў Беларусь прыляцеў намесьнік старшыні Цэнтрабанку Расейскай Фэдэрацыі Алег Мажайскаў. Погляд на пытаньне эмісійнага цэнтру ён выказаў наступным чынам:

(Мажайскаў: ) “Калі браць праблему эмісійнага цэнтру асобна ад маючых месца абавязацельстваў, то мы лічым яе зараз неактуальнай. Галоўнае — стварыць гэткія ўмовы грашова-крэдытнай палітыкі, якія б зблізілі нашыя краіны. Бо размытыя контуры нашых эканамічных дачыненьняў. І калі мы зараз імкнемся іх сумясьціць, то яны не сумяшчаюцца — утварыліся дзіркі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG