Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ ВЫСТУПІЛА НА ЗІМОВАЙ СЭСІІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ З НОВАЙ ІНІЦЫЯТЫВАЙ


Уладзімер Глод, Менск

Сутнасьць новых захадаў беларускай апазыцыі тлумачыць па тэлефоне зь Вены намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Уладзімер Нісьцюк, які непасрэдна ўдзельнічаў у гутарцы з Адрыянам Севярынам.

(Нісьцюк: ) “Мы прапануем да 2004 году надаць статус назіральнікаў прадстаўнікам апазыцыі й прадстаўнікам “палаты прадстаўнікоў”. І за гэтыя два гады даць беларускім уладам магчымасьць хоць у нейкай ступені выканаць тыя ўмовы, што вылучылі Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ і іншыя міжнародныя арганізацыі”.

Калі гэтая прапанова будзе прынятая, яна дазволіць разблякаваць сытуацыю “пустога крэсла” для Беларусі, якая існуе ў Парлямэнцкай Асамблеі ўжо год. Летась міжнародныя парлямэнтары спынілі прадстаўніцтва ў Парлямэнцкай Асамблеі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, але і не прызналі афіцыйным прадстаўніком беларускага парлямэнту “палату прадстаўнікоў”.

Паводле Ўладзімера Нісьцюка, Адрыян Севярын толькі выслухаў беларускую дэлегацыю, але свайго стаўленьня да новай ініцыятывы ня выказаў. Такой жа была і рэакцыя з боку Уты Цапф — кіраўніка адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі, якую апазыцыя сёньня таксама пазнаёміла з новай прапановай.

Падчас шматлікіх сустрэчаў беларускіх палітыкаў з парлямэнтарамі розных краінаў высьветлілася, што многія зь іх ня надта добра ведаюць становішча ў Беларусі. Рабочая група, якая працуе зь Беларусьсю, валодае інфармацыяй больш дасканала. Астатнія валодаюць значна меншым аб'ёмам інфармацыі. Таму не заўсёды яны аб'ектыўна ацэньваюць сытуацыю.

А вось як ацэньвае вынікі зімовай сэсіі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Плюсы гэтай сэсіі тое, што Лукашэнка і ягоны парлямэнт не атрымалі ніякага статусу. Па-другое, той дэмарш, які зрабіў беларускі бок, што пакіне АБСЭ, ня меў ніякага рэзанансу. Сёньня падчас сустрэчы з Адрыянам Севярынам ён сказаў так: “Наш адказ: калі ласка”. Гэты адказ быў узгоднены зь дзейным старшынём АБСЭ спадаром Гамай. Так што ўсе пытаньні адкладаюцца да летняй сэсіі, якая пройдзе ў Бэрліне”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG