Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬШЧА НАГАДАЛА БЕЛАРУСІ ПРА ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Кіраўнікі Радаў бясьпекі Беларусі, Расеі, Польшчы і Ўкраіны сустрэліся ў Харкаве, каб абмеркаваць праблемы бясьпекі ў рэгіёне, у тым ліку пытаньні барацьбы з тэрарызмам, а таксама аховы шляхоў, па якіх праз тэрыторыю гэтых краінаў транспартуецца нафта і газ.

У часе спатканьня, кіраўнік Бюро нацыянальнай бясьпекі адміністрацыі прэзыдэнта Польшчы Марэк Сівец, сярод іншага, закрануў праблему парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

“Мы зьвярнулі ўвагу кіраўніка Рады бясьпекі Беларусі на парушэньні правоў чалавека ў ягонай краіне”, - паведаміў учора журналістам Марэк Сівец. Кіраўнік польскага бюро нацыянальнай бясьпекі таксама дадаў, што ліст ад жонак зьніклых беларускіх палітыкаў, які атрымаў прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі ў студзені, не застанецца без адказу.

Нагадаю, што напярэдадні студзенеьскага візыту ў Варшаву прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, жонкі зніклых беларускіх апазыцыйных палітыкаў накіравалі Аляксандру Квасьнеўскаму ліст з просьбай узьняць у часе перамоваў з расейскім прэзыдэнтам праблемы высьвятленьня лёсу зьніклых палітычных апанэнтаў Аляксандара Лукашэнкі, бо, на іх думку, у гэтай справе шмат залежыць ад пазыцыі Расеі.

Як паведамляла Радыё Свабода, у часе перамоваў, Аляксандар Квасьнеўскі перадаў Уладзімеру Пуціну згаданы ліст ды выказаў спадзяваньне, што расейскае кіраўніцтва не пакіне гэтую праблему без увагі.

А як на думку польскіх экспэртаў, ці можа здарыцца так, што Захад, нарэшце, паважна націсьне на афіцыйны Менск у справе парушэньняў правоў чалавека? Гаворыць экспэрт дзяржаўнага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у справе Беларусі, спадарыня Агата Вяжбоўская-Мязга:

(Вяжбоўская-Мязга: ) “Баюся, што для Захаду Беларусь у значнай ступені знаходзіцца ў зоне расейскага ўплыву і ў значнай ступені ёсьць краінай, пакінутай Расеі. Аднак, калі супрацоўніцтва Расеі з Захадаам ў межах антытэрарыстычнай кааліцыі будзе трывалым, калі тэндэнцыя да большай адкрытасьці Расеі перад Захадам будзе працягвацца, тады адсутнасьць дэмакратыі ў Беларусі і такія надзвычайныя прыклады парушэньняў правоў чалавека, былі б перашкодай для самой Расеі.
Тады ёсьць шанцы, што Расея пачала б ціснуць на афіцыйны Менск, каб неяк паправіць гэтую сытуацыю”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG