Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СОЛТ-ЛЕЙК-СЫТЫ НАДЗЕЯ Ў БЕЛАРУСАЎ ЗАСТАЕЦЦА ТОЛЬКІ Ў ФРЫСТАЙЛЕ


Ігар Карней, Менск

Нядрэнныя ўражаньні ад гульні беларускіх хакеістаў супраць зборнай Расеі былі цалкам перакрэсьленыя падчас другой сустрэчы. Фіны, якія дагэтуль саступілі гаспадарам пляцоўкі зь лікам 6:0, хутка акрыялі. Гульня йшла ў адны вароты, і канчатковы лік на таблё цалкам адпавядаў бязвольнаму супраціву — 8:1.

Сёньня беларускія хакеісты сустракаюцца з амэрыканцамі, але спадзяваньняў на цуд мала. Да таго ж, маральны клімат у камандзе далёкі ад ідэалу. Паводле крыніцаў, Уладзімер Крыкуноў ня мае намеру працягваць працу з камандай пасьля завяршэньня алімпійскага турніру.

Нагадаю, што яшчэ напярэдадні ад’езду ў Солт-Лейк-Сыты Крыкуноў скрытыкаваў сваіх папярэднікаў, якія ня здолелі падрыхтаваць баяздольную каманду, па інэрцыі выціскаючы сокі са сталых гульцоў.

Засталіся за бортам адны з апошніх гіпатэтычных прэтэндэнтаў на мэдалі. Поўнае фіяска напаткала беларускіх канькабежцаў ды лыжнікаў. Анжаліка Кацюга ў спаборніцтвах на 1000 мэтраў была толькі 12-я, і такім чынам, таксама ня спраўдзіла мэдалёвых чаканьняў (разам варта зазначыць, што пакуль у Кацюгі самае высокае дасягненьне сярод беларусаў на Алімпіядзе — 5-е месца на паўкілямэтровай дыстанцыі).

Але найбольш непрыемных хвілінаў даставілі спартовым аматарам удзельнікі каманднай эстафэты 4х10 км. На мужчынскую каманду спрынтэраў вельмі спадзяваліся. А вынік — апошняе, 15-е месца. Сяргей Далідовіч фінішаваў зь вялізным спазьненьнем — і на стадыёне яго сустракалі з гэткім жа энтузіязмам, як на першым этапе гонак зь перасьледам віталі прадстаўнікоў афрыканскага кантынэнту. Праўда, адрозна ад кенійцаў ды камэрунцаў, беларусы дагэтуль ніколі не лічыліся лыжнай экзотыкай.

Такім чынам, апошнія шанцы на мэдалі застаюцца толькі ў фрыстайле. Практычна ўсе паветраныя акрабаты ад беларускай каманды цудоўна выступілі ў кваліфікацыі. Аляксей Грышын наогул паказаў найлепшы вынік; таксама выйшлі ў фінальную стадыю два Дзьмітрыі — Рак і Дашчынскі.

Галоўная жаночая надзея, Ала Цупер, пасьля папярэдніх скачкоў — трэцяя. Але іншае пытаньне — ці захочуць судзьдзі аддаць столькі мэдалёў у актыў адной краіны. Вось як ацэньвае шанцы беларускіх фрыстайлістаў аглядальнік газэты “Прессбол” Сяргей Шчурко:

(Шчурко: ) “Вельмі добрыя шанцы ў Грышына, бо ён — безумоўны лідэр апошніх двух сэзонаў. І самае галоўнае, у яго ёсьць кураж; Грышын наогул па натуры чалавек, які змагаецца выключна за першае месца. Ды, як паказвае практыка, алімпійскімі чэмпіёнамі робяцца людзі, якія гатовыя аддаць барацьбе ўсе сілы. Пра нейкую памяркоўнасьць тут гаворка не ідзе.

Добра скокнуў Дашчынскі, і вельмі добра Рак, які заўсёды лічыўся трэцім нумарам. Зараз ён паказаў, што можа стаць і другім. І, відавочна, на яго не было такога псыхалягічнага ціску, ён быў разьняволены, таму раскрыўся стопрацэнтна. Само сабой, наўрад ці будуць нашыя на п’едестале ўтрох, але Грышын павінен пазмагацца за золата”.

Варта нагадаць, што ў алімпійскім Лілехамэры падобныя спадзяваньні скончыліся нічым. Васіль Парфянкоў лідыраваў у першым фінальным скачку і зусім нечакана аказаўся апошнім пасьля другой спробы.

У выпадку, калі й фрыстайлісты ня спраўдзяць чаканьняў беларускіх заўзятараў, ХІХ алімпійскія гульні ў Солт-Лейк-Сыты можна будзе лічыць самымі правальнымі ў гісторыі выступаў беларусаў асобнай камандай. Без мэдалёў зь зімовых Алімпіядаў беларусы не вярталіся яшчэ ніколі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG