Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ НА ЧВЭРЦЬ ПАДАРАЖЭЛА ЭЛЕКТРАЭНЭРГІЯ


Галіна Абакунчык, Менск

Эканамісты сьцьвярджаюць, што рост цэн будзе працягвацца, і яны прагназуюць павелічэньне неплацельшчыкаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць стратных прадпрыемстваў у Беларусі набліжаецца да 50%. Незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што іх ня менш за 70%. Імкліва расьце запазычанасьць за цеплавую й электраэнэргію.

Міністэрства эканомікі вырашыла падтрымаць рэальны сэктар сродкамі насельніцтва. Цяпер за сто кіляват-гадзінаў грамадзяне вымушаныя будуць плаціць 2 тысячы 400 рублёў — гэта амаль на 500 рублёў больш, чым да сёньняшняга дня. Гаворыць начальніца ўпраўленьня эканомікі Белэнэрга Надзея Антонік:

(Антонік: ) “Усе сродкі ад павышэньня тарыфаў на электраэнэргію для насельніцтва будуць накіраваныя на зьніжэньне тарыфаў для сельгасвытворцаў і на цеплавую для рэальнага сэктару эканомікі. Гэта зьвязана з тым, што сёньня насельніцтва аплачвае толькі 24% ад сабекошту электрычнасьці. А рэшта ў выглядзе перакрыжаванага субсыдаваньня перакладзеная на рэальны сэктар эканомікі”.

Для суб’ектаў гаспадараньня гэта дазволіць зьнізіць тарыфы на цеплавую й электраэнэргію ў сярэднім на 10%. Дзеля аздараўленьня прадпрыемстваў гэтага недастаткова, таму ўрад краіны яшчэ летась распрацаваў праграму ліквідацыі перакрыжаванага субсыдаваньня, разьлічаную да 2004 году.

На практыцы гэта азначае поўную аплату насельніцтвам усіх камунальных паслугаў і ўсталяваньне рэальных тарыфаў для прадпрыемстваў. Дзеля збалянсаванасьці бюджэту й аздараўленьня эканомікі — гэта неабходны крок, лічыць незалежны эканаміст Валеры Дашкевіч. Але для насельніцтва — яшчэ адна прыступка да зьбядненьня. Гаворыць Валеры Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Будуць расьці цэны і на камунальныя паслугі, і на тавары народнага спажываньня, і гэтак далей. Прычына ў тым, што дзяржава траціць больш, чым зарабляе ў выглядзе розных сацыяльных праграмаў. У выніку гэта выліваецца ў рост цэн. Пазьбегнуць гэтага немагчыма, як і далейшга зьбядненьня насельніцтва. Таму субсыдыі магчымыя, але толькі той частцы насельніцтва, якая сапраўды ня ў стане заплаціць за электраэнэргію”.

Паводле эканамічных разьлікаў, поўная аплата за электрычнасьць у даляравым эквіваленце для насельніцтва будзе складаць 3 даляры 30 цэнтаў за сто кіляват. Але нават пры ранейшых коштах пераважная бальшыня крадзяжоў электраэнэргіі прыходзілася менавіта на пабытовы сэктар. Толькі па Менскай вобласьці ў судах знаходзіцца 400 адміністрацыйных справаў за гэтае злачынства. За няўплату летась адключылі каля 14 тысяч спажыўцоў. Агульныя страты для дзяржавы склалі каля 4 мільярдаў рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG