Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ 20 АКЦЫЯЎ ПРАТЭСТУ СУПРАЦЬ ПАРУШЭНЬНЯЎ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ АДБЫЛІСЯ ГЭТЫМІ ДНЯМІ Ў НЯМЕЧЧЫНЕ


Алена Панкратава, Менск

Акцыя пратэсту, якую арганізаваў Мартын Хофман, праходзіла ў цэнтры Бэрліну, каля Райхстагу. Фармальнай падставай для яе правядзеньня стала гадавіна з дня стварэньня ў Беларусі моладзевага праваабарончага руху "Зубр".

(Хофман: ) "Хачу адразу акрэсьліць (і пра гэта сьведчылі нашыя транспаранты): мы зусім не зьбіраемся падтрымліваць палітычныя мэты "Зубра". Мы рашуча пратэстуем супраць перасьледу беларускімі ўладамі гэтай арганізацыі. Сваёй акцыяй мы хацелі засяродзіць увагу суайчыньнікаў на тым, што адбываецца ў Беларусі".

Як лічыць Мартын Хофман, гэтая мэта ў некаторай ступені дасягнутая. Райхстаг — тое месца, дзе робіцца ня толькі нямецкая, але і эўрапейская палітыка. Уздоўж пікетоўцаў прайшло шмат дэпутатаў, турыстаў, шараговых бэрлінцаў. Усе яны зьвярнулі ўвагу на транспаранты, плякаты, у якіх была інфармацыя пра беларускую сытуацыю.

Паводле арганізатараў акцыі, на вялікі жаль, Беларусь не належыць да прыярытэтаў нямецкай, а тым больш эўрапейскай замежнай палітыкі, таму далёка ня ўсе палітыкі стала зьвяртаюць увагу на сытуацыю з правамі чалавека ў гэтай маленькай рэспубліцы. Аднак:

(Хофман: ) "Калі ў наша грамадзтва трапляе інфармацыя, сыгналы адносна парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, нашыя суайчыньнікі пачынаюць дэманстраваць сваю дасьведчанасьць у гэтым пытаньні.

У нас ведаюць пра тое, што Беларусь — апошняя дыктатура ў Эўропе. Пра тое, што ў гэтай краіне зьнікаюць апанэнты рэжыму: Захаранка, Ганчар, Красоўскі. Пра тое, што гэта адзіная эўрапейская краіна, дзе існуе сьмяротнае пакараньне. Пра тое, што ў Беларусі могуць арыштоўваць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі на Дзень сьвятога Валянціна.

"Amnesty International" выступае і будзе працягваць выступаць за захаваньне законнасьці, права на свабоду слова і волі, а таксама за спыненьне палітычнага перасьледу і рэпрэсіяў у Беларусі".

Падобная акцыя адбылася ў бэрлінскім Трэптаў-парку каля беларускай амбасады, а таксама ў Боне і дзясятках іншых гарадоў Нямеччыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG