Паводле статыстыкі, за апошнія 10 гадоў колькасьць разводаў у Беларусі павялічылася амаль удвая. Сёньня на 100 шлюбаў прыходзіцца 65 разводаў. І амаль удвая за апошняе дзесяцігодзьдзе падвысілася колькасьць дзяцей, народжаных па-за шлюбам.
У заходніх краінах гэткая дынаміка можа разглядацца як сьведчаньне свабоды выбару, але ў Беларусі яна мае нэгатыўны характар, бо сямейны статус чалавека ў нас звычайна зьвязаны зь ягоным дабрабытам. Да такой высновы прыйшлі экспэрты Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, калі рабілі чарговую гадавую справаздачу аб чалавечым разьвіцьці ў Беларусі.
У 1990 годзе на тысячу чалавек у Беларусі прыходзілася каля 10 шлюбаў, у 2000-м — толькі 6. Кіраўнік аддзелу сямейнай палітыкі й гендэрных праблемаў Міністэрства працы й сацыяльнага забесьпячэньня Ірына Чуткова тлумачыць, з чым зьвязанае гэтае памяншэньне:
(Чуткова: ) “Тут шмат фактараў, напэўна эканамічныя прычыны, нейкія стрэсавыя моманты, зьвязаныя з тым, што наша жыцьцё ўскладняецца. Да таго ж памяншэньне колькасьці шлюбаў зьвязана з тым, што многія маладыя пары жывуць у грамадзянскім шлюбе. Калі прааналізаваць сярэдні ўзрост уступленьня ў шлюб, то ў жанчын ён трохі падвысіўся. У 1990 годзе першы шлюб жанчыны бралі ва ўзросьце 22 гадоў, у 2000-м — 22,3 года. У мужчынаў гэтая тэндэнцыя выяўляецца больш яскрава. У 1990 годзе першы шлюб бралі ў 23,9, а цяпер — у 24,5 года”.
Гэтыя статыстычныя зьвесткі адбіваюць стаўленьне да самога інстытыту шлюбу ў грамадзтве. Паводе прэзыдэнткі Беларускай Жаночай Лігі Ніны Стужынскай, складана казаць пра прыярытэты сямейных каштоўнасьцяў у грамадзтве, дзе кіраўніка ня бачаць разам з жонкай.
(Стужынская: ) “Чаму кіраўнік нашай дзяржавы ня мае сям’і? Нармальнай сям’і, як мы лічым — мужык, жонка, кахаюць адзін аднаго. Чаму гэтыя абставіны не паўплывалі на выбар жаночага электарату? Вось мы прыйшлі да высновы, што гэта зьвязана з тым, што для першай асобы ў краіне гэты інстытут ня мае абсалютна ніякай каштоўнасьці. І неяк электарат пазбавіўся сымпатыі да гэтага інстытуту”, — мяркуе прэзыдэнтка Беларускай Жаночай Лігі Ніна Стужынская.
А паводле старшыні Беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў Марыі Аліевай, памяншэньне колькасьці шлюбаў зьвязанае найперш з дрэннай эканамічнай сытуацыяй у краіне:
(Аліева: ) “Якраз цяпер у мяне сядзяць жанчыны з рэгіёнаў і плачуць, як цяжка стала жыць, асабліва ў рэгіёнах. Беспрацоў’е, жанчын у першую чаргу скарачаюць, заробкаў няма. Прыгожа гаворыць прэзыдэнт па тэлебачаньні, а на самой справе ўсё інакш”.
Які рэцэпт сямейнага шчасьця па-беларуску?
Паводле пісьменьніцы й старшыні Міжнароднага жаночага фонду Эўфрасіньні Полацкай Валянціны Коўтун, гэта хрысьціянская міласэрнасьць, цярплівасьць і паразуменьне. І збольшага шараговым беларусам гэтыя якасьці ўласьцівыя, у адрозьненьне ад прадстаўнікоў улады, мяркуе Валянціна Коўтун:
(Коўтун: ) “У мяне ўражаньне, што ўладары гэтага сьвету ня думаюць пра чалавека. Яны думаюць пра ўладу, пра свой імідж, пра нейкія палітычныя гульні. Так што такое чалавечае шчасьце для іх? Напэўна, драбяза. І ў гэтых жа мерках дробязнасьці — калі адзін з кіраўнікоў дзяржавы ставіцца да народнай маралі, да сям’і паблажліва ці грэбліва, то гэта вялікі цень на ўсю дзяржаву і на ўсю сямейную палітыку”.