Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ТУРЫЗМУ НЯ БУДЗЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Справаздача місіі ААН рэкамэндуе новыя падыходы ў вырашэньні чарнобыльскіх праблемаў, сутнасьць якіх у паступовым пераходзе ад апэратыўнай гуманітарнай дапамогі да падтрымкі праектаў рэабілітацыі й разьвіцьця, да апоры на ініцыятыву, прадпрымальнасьць, самадапамогу людзей, што жывуюць у пацярпелых раёнах.

Рэзыдэнт-кардынатар ААН у Беларусі Ніл Бунэ быў адным з ініцыятараў гэтай працы:

(Бунэ: ) “У цэлым мы лічым, што цяперашняя сытуацыя ня можа працягвацца далей. Іначай гэта прывядзе да далейшага зьніжэньня ўзроўня жыцьця людзей, іх бездапаможнасьці, а ўзровень міжнароднай зацікаўленасьці Чарнобылем зьнізіцца. Справаздача паказвае, што аднаўленьне пацярпелых рэгіёнаў магчымае і рэальнае”.

Чарнобыльская місія ААН прапануе 5–10% грошай, што выдаткоўваюцца на закрыцьцё ЧАЭС, накіроўваць на дапамогу людзям.

Кіраўнік групы экспэртаў ААН, рэдактар справаздачы Патрык Грэй паведаміў, што за апошнія 4 гады ААН двойчы зьвярталася да міжнароднай супольнасьці з заклікам дапамагчы з вырашэньнем чарнобыльскіх праблемаў, але ў выніку было сабрана ўсяго 2 мільёны даляраў. Экспэрты ААН прыйшлі да наступных высноваў:

(Грэй: ) “Мы пабачылі, што існуюць вялізныя гуманітарныя патрэбы, зьвязаныя з аварыяй, што ня дзіўна. Мы зразумелі, што гэтыя праблемы больш складаныя, чым мы чакалі. Эканамічныя, мэдыцынскія й экалягічныя наступствы Чарнобылю цесна зьвязаныя і ня могуць пераадольвацца паасобку. Такім чынам, наша справаздача заклікае міжнародную супольнасьць, асабліва агенцтвы ААН, Эўразьвяз і іншыя донарскія арганізацыі да распрацоўкі й ажыцьцяўленьня там праектаў у галіне аховы здароўя, наваакольнага асяродзьдзя і эканомікі”.

Старшыня Беларускага дзяржаўнага камітэту ў справе наступстваў Чарнобыльскай катастрофы Ўладзімер Цалко станоўча выказаўся наконт заклікаў да эканамічнага адраджэньня пацярпелых раёнаў, на чым, паводле ягоных словаў, настойвае і ўрад Беларусі. Спадар Цалко прызнаў, што дзяржаўныя ўкладаньні Беларусі ў вырашэньне гэтых праблемаў штогоду зьніжаюцца.

Чарнобыльская справаздача ААН выклікала дыскусію вакол прапановы арганізоўваць паездкі навукоўцаў у Чарнобыльскую зону, што некаторымі СМІ было расцэнена як нейкі чарнобыльскі турызм. Ніл Бунэ і Патрык Грэй адкінулі такую трактоўку гэтага палажэньня. Зрэшты, прадстаўнікі беларускага ўраду прызналі, што трэба падрыхтаваць чарнобыльскі мэмарыял — музэй, які мог бы зацікавіць ня толькі навукоўцаў, але і турыстаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG