Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД НЯМЕЦКАГА ГОРАДУ ААХЕН ЗАСУДЗІЎ ДВУХ РАБАЎНІКОЎ ЗЬ БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Амаль год жыхары нямецкага гораду Аахен, што на мяжы з Галяндыяй, чакалі працэсу над беларускімі злачынцамі. Дарэчы, словазлучэньні “беларускія злачынцы”, “беларуская мафія” ўжываюцца ў Нямеччыне хіба што ўпершыню. Немцам вядомая мафія расейская, польская, украінская... Цяпер у невялікім і параўнальна ціхім Аахене сталі гаварыць пра жортскасьць беларускіх злачынцаў.

Асуджаныя беларусы маюць дачыненьне як найменш да двух рабаваньняў. Першае — летась у лютым на 88 тысяч дойчмарак была абрабаваная адна з тамтэйшых філіяў Нямецкага ашчаднага банку. Тады ўдалося затрымаць толькі аднаго злачынца, 44-гадовага менчука, які апошні час жыў у Брусэлі й адказваў за забесьпячэньне аўтатранспартам у часе налётаў.

Празь некалькі месяцаў менскія рабаўнікі вырашылі ажыцьцявіць другі налёт. Ізноў яны абралі адзін зь філіялаў Ашчаднага банку, зноў непадалёк ад Аахену. Як і раней, менчукі прыбылі ў Нямеччыну праз Брусэль. Менавіта адтуль, з Бэльгіі, яны прывезьлі зброю, а таксама скрадзеную машыну, на якой плянавалі потым уцячы.

Цяпер месцам злачынства было абранае невялікае мястэчка Штойбэрг. Мясцовая філія банку прывабіла крымінальнікаў невялікай колькасьцю працаўнікоў і кліентаў, фактычнай адсутнасьцю аховы і адкрытым доступам да касаў.

Як піша мясцовая прэса, абодва разы злачынцы дзейнічалі вельмі жорстка. На ламанай нямецкай мове яны запатрабавалі, каб прысутныя ў банку аддалі ім ўсе грошы, а пасьля каб леглі на падлогу. Рабаўнікі зьвязалі людзям рукі й ногі, а таксама заляпілі скотчам вусны.

Калі стары кліент банку, хворы на сэрца чалавек, папрасіў рабаўнікоў не чапаць яго, 29-гадовы менскі злачынца, які дастаткова прафэсійна валодаў тэхнікай усходніх адзінаборстваў, паваліў яго. Стары страціў прытомнасьць і потым вымушаны быў доўга лекавацца ў шпіталі.

Ня менш жорстка абышліся і з маленькім хлопчыкам. Ён зайшоў у банк, каб паклікаць сваю маці. Убачыўшы яе на падлозе, малы пачаў лямантаваць. Злачынцы таксама заляпілі яму рот і прымусілі легчы на матчыну сьпіну.

Паводле супрацоўнікаў аахенскай пракуратуры, менавіта жорсткасьць злачынства паўплывала на прысуд. Аднак жа адзін зь менскіх рабаўнікоў растлумачыў сваё злачынства тым, што яму нібыта тэрмінова былі патрэбныя вялікія грошы на хірургічную апэрацыю сыну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG