Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЯРКУЮЧЫ ПА ВЫНІКАХ, АДМЫСЛОВЫЯ ХАРЧОВЫЯ ДАБАЎКІ БЕЛАРУСКІМ АЛІМПІЙЦАМ НЕ ДАПАМАГАЮЦЬ


Ігар Карней, Менск

Пасьля скандалу з харчаваньнем камандаў беларускія біатляністы (якія першымі зрабілі гэты факт набыткам галоснасьці) выклікалі інтарэс таксама і ў “кулінарнай” плоскасьці: ці наўпрост зьвязаныя добрыя вынікі з адмысловым харчаваньнем?

Калі адыход ад фаст-фудаўскай дыеты аб'ектыўна дадаў біатляністам меткасьці (і Сашурын, і Рыжанкоў стралялі бяз промахаў), то на хуткасьці гэта не адбілася ніяк: на фінішы фаварыты спыніліся побач — Рыжанкоў 11-ы, Сашурын 12-ы. Некалі славуты Айдараў — наогул толькі 37-ы.

Не найлепшыя на спрынтарскай дыстанцыі 7,5 кілямэтраў былі й жанчыны. Удзельніцы яшчэ адной непрыемнай гісторыі, былыя расейкі Хрусталёва і Куцапалава, пасьля доўгіх перамоваў з кіраўніцтвам расейскага Алімпійскага камітэту ўсё ж трапілі ў асноўны склад беларускай каманды, але чаканьні высокіх хуткасьцяў аказаліся марнымі: сьціплых намаганьняў хапіла толькі на 33-е і 44-е месцы адпаведна.

Яшчэ адна прадстаўніца беларускай каманды, Ксенія Зікункова, наогул адзначылася аднаасобным рэкордам: пяць промахаў па мішэні, чаго дагэтуль на Алімпіядзе у Солт-Лэйк-Сыты яшчэ не было.

Яшчэ на ўзроўні кваліфікацыі безвынікова скончылі свае выступы беларускія скакуны з трампліну. Пра апошняе месца на 90-мэтровым трампліне Сяргея Захаранкі мы паведамлялі раней. Такім жа вынікам на 120-мэтровым гіганце адзначыўся Андрэй Лыскавец. Адмыслоўцы жартуюць: добра, што лятучыя лыжнікі наогул даляцелі да фінішу.

Тэндэнцыю аўтсайдэрства ў беларускай нацыянальнай камандзе камэнтуе спартовы журналіст Алесь Сівы:

(Сівы: ) “Датычна першых нумароў ззаду. У нас вельмі прадстаўнічая каманда — больш за 60 спартоўцаў, і калі ня будзе ніводнага мэдаля, то будзе вялікая “разборка палётаў і раздача сланоў”. Трыгубаў, лыжная гонка на 15 кілямэтраў — 51-е месца; Шалак — 47-ы, Сямяняка — 48-ы; у каньках на 500 мэтраў Хатылёў 33-і ў кваліфікацыі і 32-і ў фінале. Лыжнае двухбор’е: Захаранка зь вялікай цяжкасьцю ўзьняўся з 45-га на 44-е. Як кажуць, без камэнтароў. Аднак надалей патрэбная фільтрацыя. Бо лепей зэканоміць, ці патраціць грошы на падрыхтоўку спартоўцаў лепшых, чым пасылаць на Алімпіяду турыстаў”.

Нарэшце аступілася хакейная дружына. Лік у паядынку са швайцарцамі — 2:1 на карысьць апошніх. І хоць для беларусаў матч ня быў прынцыпова важным, дастаткова шэрая гульня напярэдадні заўтрашняй сустрэчы з куды больш моцнай за швайцарцаў камандай Расеі аптымізму не дадае. А паколькі ад заўтра гульні будуць ісьці штодня, пытаньне аднаўленьня сілаў сталых па спартовых мерках гульцоў паўстае рубам.

Але Алесь Сівы мяркуе, што рабіць зь сёньняшняй паразы беларусаў трагедыю пакуль ня варта: да таго ж, сёньня павінен узмацніць каманду адзіны ў камандзе “энхаэлавец” Руслан Салей.

(Сівы: ) “Гульцы ўжо больш настроіліся на матч з расейцамі. Ды й гэтая гульня была важнейшая для швайцарцаў, бо калі яны выйгравалі, а прайгравала Ўкраіна, за 9-10 месца яны змагаліся б з Латвіяй. Што для нас ужо неістотна. Ня думаю, што нашыя дасягнуць у наступным раўндзе вялікіх вынікаў, аднак гэта лепей, чым патрапіць у другую фінальную групу”.

Задаю ўжо традыцыйнае пытаньне наконт чаканьняў алімпійскага цуду.

(Сівы: ) “Чакаем мужчынскую эстафэту, у якой традыцыйна беларускія біатляністы ўдала выступаюць. Аднак, мяркуючы па выніках апошняга часу, нічога нам, як кажуць, ня сьвеціць. Надзея таксама была на Анжаліку Кацюгу, але ўчора, у першы дзень спаборніцтваў, яна заняла шостае месца, таму ня ўпэўнены, што здолее паказаць лепшы вынік. Магчыма, нешта прадэманструе на 1000 мэтраў, але надта вялікая канкурэнцыя, вядомыя імёны, цудоўна астатнія спартоўцы падрыхтаваныя, ёсьць рэкорды. Ну й натуральна, спадзяваньні на фрыстайл”.

На сёньняшні дзень роўна 20 нацыянальных камандаў маюць на сваіх рахунках мэдалі. Спадзяваньні спартовых чыноўнікаў на падзел узнагародаў з удзелам беларусаў пакуль ня спраўджваюцца.

Зрэшты, нельга назваць Солт-Лэйк-Сыты надта гасьцінным у дачыненьні да астатніх прадстаўнікоў былога Саюзу. Апроч расейцаў, пакуль толькі эстонцы здолелі заваяваць дзьве алімпійскія ўзнагароды, ды й тое, паводле прадстаўнікоў зборнай, зусім неспадзявана. Але заўтра — толькі тыдзень ад пачатку ХІХ Алімпійскіх гульняў, а таму спробы скарэньня п’едэсталу працягваюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG