Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРОР ПАТРАБУЕ СЬМЯРОНАГА ПАКАРАНЬНЯ ДЛЯ ВАЛЕРА ІГНАТОВІЧА І ЯГОНЫХ САЎДЗЕЛЬНІКАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Гэтыя словы ўжыў пракурор Хведар Шэдаў, які мяркуе, што віна Ігнатовіча і ягонай групоўкі была ў судзе цалкам даказаная. Адкрыўшы сёньня судовыя спрэчкі пракурор назваў даказанымі эпізоды пра выкраданьне аператара ОРТ Завадзкага і грамадзяніна Котава з Мар'інай Горцы, забойствы сем’яў Агаевых і Насібавых у Менску, забойства грамадзяніна Ясько ў Барысаве і іншыя злачынствы, у тым ліку крадзяжы і бандытызм.

Такім чынам, спасылаючыся на 139-ы артыкул Крымінальнага кодэксу, пракурор запрасіў суд прызначыць Валеру Ігнатовічу, Максіму Маліку, Сяргею Савушкіну і Аляксею Гузу вышэйшую меру пакараньня – сьмяротную кару, якая прадугледжаная гэтым артыкулам.

Крыніцы паведамляюць, што пракурор адмовіўся падтрымлімліваць далей толькі адно абвінавачваньне – у вымагальніцтве бандай Ігнатовіча 15 тысячаў даляраў у аднаго з прадпрымальнікаў. Адзначаецца, што паводле матэрыялаў справы якраз да гэтага эпізода нібыта быў датычны былы супрацоўнік аховы прэзыдэнта Лявоненка, якога некаторыя лічаць датычным таксама да выкраданьня Зьмітра Завадзкага. Аднак на судзе Лявоненка заслухваўся толькі як сьведка, і паводле пракурора былы ахоўнік Лукашэнкі ўвогуле ні пры чым.

Сёньня ж выступіў і адзін з адвакатаў, што задзейнічаны на працэсе. Гэта адвакат Сяргей Цурко, які абараняе інтарэсы жонкі зьніклага Зьмітра Завадзкага Сьвятланы Завадзкай. Паводле зьвестак, Цурко не падтрымаў меркаваньне пракурора наконт віны Ігнатовіча і ягонага сябра Маліка ў выкраданьні Завадзкага. Сяргей Цурко лічыць іхную віну недаказанай і настойвае на падаўжэньні сьледчых дзеяньняў з абвінавачанымі ды пошукаў Завадзкага. Вось як адвакат ацаніў наступствы таго, што абвінавачаных пакараюць сьмерцю, калі такое адбудзецца.

(Цурко: ) "Я мяркую, што гэта вельмі дрэнна паўплывае на далейшае расьсьледваньне. Мы ня ведаем, прызнае іх суд вінаватымі ці не, але калі прызнае, то гэта будзе вельмі кепска. Бо можа атрымацца, што тыя, хто датычны да зьнікненьня Завадскага растраляныя, іх ўжо няма сярод жывых, але ж пытаньняў вельмі шмат... Доказы ёсьць, я не кажу што іх зусім няма, але з пункту гледжаньня крымінальна-працэсуальнага закону гэтыя доказы непераканаўчыя".

Сёньня ж зрабіў заяву для журналістаў і абаронца інтарэсаў маці Завадзкага Ігар Аксёнчык. Ён выказаўся вельмі рашуча што да кіраўніцтва пракуратуры і ўсёй краіны. Кіраўніка пракуратуры Віктара Шэймана адвакат Аксёнчык назваў "галоўным падазроным" у справе Завадзкага, а пра Аляксандра Лукашэнку сказаў, што той нібыта спыніў расьсьледваньне гэтай справы.

Аксёнчык перакананы ў віне Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў, але лічыць, што не названыя тыя, хто замовіў злачынства, якое яны зрабілі. Адвакат не мае сумневу, што рана ці позна гэтыя "заказчыкі" будуць названыя.

Чарга выступаць з прамовай у судзе, паводле маіх зьвестак, для Ігара Аксёнчыка наступіць заўтра, а ўжо сёньня пракуратура краіны адрэагавала рэзкай заявай на словы адваката. Прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Аляксей Таранаў назваў выказваньні адваката Аксёнчыка "паклёпніцкімі" і сказаў, што "рэакцыя на іх будзе жорсткай, але выключна ў адпаведнасьці з законам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG