Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ЛУКАШЭНКА ВЫГАНЯЕ БАЛТЫКУ


Юры Дракахруст, Прага

Сёлета высьветлілася, што ніхто не зьбіраецца перадаваць “Балтике” кантрольны пакет “Крыніцы”. Аднак са словаў кіраўніка Беларусі расейскі піўны канцэрн аказаўся і вінаватым, бо не хацеў працаваць паводле беларускіх правілаў. Учора ж Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ніколі не пагодзіцца на тое, каб пры аб’яднаньні грашовых сыстэмаў права эмісіі агульных грошай засталося за Масквой. Скандал з “Балтикой” і апошнія заявы Лукашэнкі наконт беларуска-расейскіх адносінаў пракамэнтаваў у інтэрвію для Радыё Свабода вядомы расейскі публіцыст, аглядальнік ОРТ Максім Сакалоў.

Пэўны час таму расейскія мэдыі пісалі пра пераход Беларусі на расейскі рубель, як пра справу цалкам вырашаную. Пасьля леташніх выбараў у Беларусі расейскія бізнэсмэны ўжо дзялілі беларускі прыватызацыйны пірог. І раптам – такія нечаканасьці. Чым можна патлумачыць гэтыя новыя акцэнты ў палітыцы беларускага кіраўніка?

(Сакалоў: ) “Я б не сказаў, што гэта нейкія новыя акцэнты. Аляксандар Рыгоравіч ужо шмат гадоў адзін і той жа. Проста ў яго мяняюцца фазы – лісьлівая і хамская. Зараз ён ізноў перайшоў да хамскай фазы. У гэтай фазе ён дае Расеі карысныя парады, робіць рэквізыцыі, дэманструе, як добра весьці бізнэс у Беларусі, як там утульна інвэстарам і гэтак далей. Я разумею пачуцьці півавараў з “Балтикі”, я разумею нават пачуцьці расейскіх бюракратаў, якіх любая істота вучыць розуму, аднак я ня бачу ў гэтым нічога новага”.

(Карэспандэнт: ) “У чым прычына гэтай “дыпляматыі скандалу”? Пасьля выбараў беларускі кіраўнік адмовіўся ад прапановаў Эўропы нармалізаваць адносіны зь Менскам. Лукашэнка прадэманстраваў, што выконваць умовы, пастаўленыя Эўропай, ён ня хоча. Зараз ён дэманструе тое ж самае ў дачыненьні да ўсходняга суседа. Чаму?”

(Сакалоў: ) “Апрача індывідуальных асаблівасьцяў ёсьць тая лёгіка, што сыстэма, створаная Аляксандрам Рыгоравічам, занадта ідэальная, каб яе мяняць. Калі, напрыклад, выканаць умовы пагадненьня з той жа “Балтикой”, гэта будзе непрыемны прэцэдэнт, бо іншыя таксама запатрабуюць выкананьня пагадненьняў. Калі спыніцца практыка, калі бізнэс цалкам падкантрольны Аляксандру Рыгоравічу, калі ён колькі хоча – бярэ, колькі хоча – дае, тады гэта істотна паўплывае на палітычную ўладу Лукашэнкі. Тое ж самае – з расейскім рублем. Калі адбываецца пераход на адзіны рубель, то непазьбежна будзе адзіны эмісійны цэнтр пад кантролем Герашчанкі, ці хто там будзе на чале Цэнтрабанку Расеі, і Аляксандар Рыгоравіч ня зможа так куралесіць. Яму гэтая адзіная валюта – як востры нож у сэрца. Таму ягоная тактыка інтэграцыі – гэта весьці бясконцыя размовы, патрабаваць грошай і ані на крок ня рушыць да сапраўднай інтэграцыі. Сапраўдная інтэграцыя прадугледжвае ўсталяваньне хаця б нейкага парадку, хаця б нейкіх правілаў гульні, хай сабе і дрэнных расейскіх. А Аляксандру Рыгоравічу больш да спадобы, каб правілаў не было аніякіх”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будзе Масква нейкім чынам рэагаваць на апошнія, так бы мовіць, ініцыятывы Менску і якія формы можа прыняць гэтая рэакцыя?”

(Сакалоў: ) “А яны заўжды адныя і тыя ж. Яму робяць публічную ўнушэньне, часьцяком у дастаткова грубай форме. Гэта было і за Ельцыным, і за Пуціным. Атрымаўшы балючы пінок, ён пераходзіць у лісьлівую фазу, якая потым ізноў пераходзіць у хамскую фазу. Гэта ідэальная сынусоіда, якая ідзе ўжо шмат гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “Калі гэты няхітры мэханізм інтэграцыі так ужо зразумелы ў Расеі, чаму ж яна ня спыніць гэтую гульню?”

(Сакалоў: ) “Тут, я мяркую, дзейнічае просты псыхалягічны закон. Калі Вы ўклалі шмат грошай і часу ў якое-небудзь, нават самае дурное, прадпрыемства, то чым даўжэй гэта цягнецца, тым цяжэй ад гэтага адмовіцца. Тут патрэбная дастаткова моцная палітычныя воля, каб сказаць, што мы даўгі час займаліся глупствам, а зараз зразумелі, што з гэтым суб’ектам ніякіх справаў мець нельга. А па-другое, гэта можа выклікаць неадназначную ўнутрыпалітычную рэакцыю. Ува ўраду і ў прэзыдэнта зараз і так шмат галаўнога болю, таму цяперашні брыдкі status quo будзе ўспрымацца, як найменьшае зло. Пэўную ролю можа адыгрываць і боязь атачэньня прэзыдэнта згубіць апошняга саюзьніка. Зразумела, бываюць саюзьнікі, якія горшыя за любых праціўнікаў, але тым ня менш. Бо калі што, Аляксандар Рыгоравіч зь ня меншым імпэтам пачне заігрываць з Польшчай, Эўразьвязам і NATO. Пачнуцца скачкі ў той бок.

Гэта быў расейскі публіцыст Максім Сакалоў. І напрыканцы – цытата з сёньняшняга нумару расейскай газэты “Ведомости”:

“Замежныя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку з 1992 году склалі 300 мільёнаў даляраў. Інвэстары, якіх і Расея палохае, бягуць ад Лукашэнкі. А тыя, хто не бяжыць, потым шкадуюць, як, напрыклад, кампанія Ford, якой давялося закрыць сваё прадпрыемства ў Беларусі. “Балтика” абыйдзецца без “Крыніцы” : яе прыбытак за леташні год у паўтары разы больш узгаданага аб’ёму замежных інвэстыцыяў у Беларусь. А беларускі народ вып’е не “Балтики”, а іншага піва. А што без Лукашэнкі аніяк нельга? Беларусы працягваюць абіраць яго прэзыдэнтам з упартасьцю, якая заслугоўвае лепшага ўжываньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG