Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РОДНЫЯ ЗЬНІКЛАГА АКТЫВІСТА БНФ ЗЬ ВІЦЕБСКУ ЮРАСЯ КОРБАНА НАЗЫВАЮЦЬ ЯГОНАЕ ВЫКРАДАНЬНЕ ПАЛІТЫЧНАЙ ПОМСТАЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Маці зьніклага Юрася Корбана спадарыня Ніна й ягоная сяброўка Вольга Старасьціна вось ужо другі раз за тры апошнія дні наведваюць Менск, бо менавіта адсюль 23 студзеня 23-гадовы хлопец патэлефанаваў апошні раз бацькам.

Нагадаем, што гэтая гісторыя пачалася 19 студзеня, калі Юрась не вярнуўся дамоў. 20 студзеня ён патэлефанаваў і прасіў маці не падымаць шум. Маўляў, сустрэў аднаго чалавека і быў вымушаны тэрмінова паехаць у Менск. Маці адразу ж падалося, што яе сын моцна зьбіты, бо гаварыў зь цяжкасьцю. Яна таксама адчувала, што Юрасю нехта не дае доўга размаўляць. Наступны званок ад Юрася быў 23 студзеня, зноў зь Менску. Ён паведаміў маці, што выкрадзены нейкай бандай і за ягонае жыцьцё патрабуюць выкуп.

Юрась паведаміў, што грошы бацькі павінны прывезьці ў Менск 28 студзеня, там зь імі зьвяжуцца выкрадальнікі. У той размове Ніна Корбан заявіла, што грошы аддасьць толькі ў тым выпадку, калі атрымае гарантыі вяртаньня сына. Грошы маці Юрася ў Менск прывезла, але бандыты зь ёй на сувязь так і ня выйшлі. (Дакладную суму выкупу Ніна Корбан паведамляць адмаўляецца, гаворыць толькі, што гэта вялікія грошы.) Больш званкоў ад сына ці ягоных выкрадальнікаў не было.

Бацькі спадара Корбана зьвярнуліся з адпаведнай заявай у віцебскую міліцыю, і міліцыянты завялі пошукавую справу. Але блізкія й родныя зьніклага лічаць, што сьледзтва вядзецца фармальна.

Праўда, міліцыянтам праз кампанію мабільнай сувязі “Velсom” удалося высьветліць, што пасьля зьнікненьня Юрась тэлефанаваў зь менскіх раёнаў Серабранкі й Чыжоўкі. Ніна Корбан лічыць, што выкрадальнікі адмыслова спрабуюць скіраваць пошук падманным шляхам. Гаворыць Ніна Корбан:

(Корбан: ) “Былі зробленыя манэўры, каб адцягнуць увагу й накіраваць нас па непраўдзівых сьлядах, што й атрымалася. А насамрэч сапраўдная прычына — помста. Помста за тое, што Юрась не падзяляў поглядаў цяперашняй улады, за супраціў дзеяньням уладаў. На іншае, мне здаецца, гэта не падобна”.

У часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі гэтую думку маці Юрася падтрымаў і кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Яны даволі актыўна праводзілі непалітычную выбарчую кампанію. Арганізоўвалі незалежнае назіраньне ў Віцебску. І безумоўна, мы павінны патрабаваць больш актыўных дзеяньняў міліцыі. Бо ў сытуацыі, калі маці Юрася даволі даўно зьвярулася ў праваахоўчыя органы, зь іхнага боку мы ня бачым ніякіх плянамерных дзеяньняў па пошуку ці прапрацоўцы вэрсіяў зьнікненьня Юрася”.

Актывісты апазыцыі таксама лічаць, што да справы пошуку Юрася мусіць далучыцца менская міліцыя і Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў. Супрацоўнікі гэтай установы нядаўна завялі крымінальную справу супраць рэсурсавага цэнтру, які ўзначальваў спадар Корбан, і абвінавачвалі яго ў фінансавай падтрымцы недзяржаўных арганізацыяў Віцебшчыны.

Актывісты правабарончага цэнтру “Вясна”, Маладога Фронту й родныя Юрася патрабуюць, каб гэтыя сілавыя структуры заняліся ягоным актыўным пошукам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG