Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭРВІЮ З АЎТАРАМ СПРАВАЗДАЧЫ “БЕЛАРУСЬ НА СУСЬВЕТНЫХ РЫНКАХ ГАНДЛЮ ЗБРОЯЙ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Адной з найбольш значных працаў у гэтым рэчышчы была справаздача “Беларусь на сусьветных рынках гандлю зброяй”, падрыхтаваная летась Цэнтрам усходніх дасьледаваньняў – польскай дзяржаўнай арганізацыяй, якая знаходзіцца ў Варшаве і займаецца дасьледаваньнем працэсаў, якія адбываюцца ў краінах былога СССР.

Напярэдадні польскія ўлады нават адказалі на ноту, якую беларускі бок накіраваў польскаму МЗС пасьля зьяўленьня гэтай справаздачы. З адным з аўтараў дасьледаваньня “Беларусь на сусьветных рынках гандлю зброяй”, спадаром Рафалам Садоўскім сустрэўся наш варшаўскі карэспандэнт.

(Дзікавіцкі: ) “Афіцыйны Менск рэдка зьвяртае ўвагу на меркаваньні Заходніх палітыкаў ці тым больш на публікацыі заходніх мэдыяў ў той ці іншай справе. Аднак беларускія ўлады дастаткова нэрвова зарэагавалі на паведамленьні пра гандаль зброяй і асабліва на вашую справаздачу “Беларусь на сусьветных рынках гандлю зброяй”. Чаму такая рэакцыя менавіта ў гэтым выпадку?”

(Садоўскі: ) “Ніхто ня любіць, калі яго абвінавачваюць у гандлі зброяй ці ў падтрымцы тэрарэстычных арганізацыяў і дзяржаваў, якія знаходзяцца пад міжнародным эмбарга. Напэўна такая рэакцыя Менску зьвязаная і з атакай 11 верасьня. У час, калі Злучаныя Штаты разам з краінамі антытэрарэстычнай кааліцыі распачалі барацьбу з тэрарызмам, гэткія абвінавачваньні ставяць Беларусь у надзвычай цяжкае становішча. Таму Менск, натуральна, імкнецца абвергнуць такую інфармацыю. Варта падкрэсьліць, што ў часе апошняга выступу ў Кангрэсе, прэзыдэнт Буш назваў Іран, Ірак і Паўночную Карэю краінамі, якія пагражаюць бясьпецы Злучаных Штатаў, бо гэтыя дзяржавы могуць падтрымліваць тэрарыстаў. У той жа час усе тры гэтыя краіны ёсьць у сьпісе партнэраў Беларусі”.

(Дзікавіцкі: ) “У справаздачы вы напісалі, што ў першай палове мінулага году Беларусь падпісала кантракты на продаж зброі на суму каля паўмільярда даляраў. Ці ёсьць якія-небудзь новыя лічбы, што да ўсяго 2001 году?”

(Садоўскі: ) “У нашым рапарце, калі гаварыць дакладна, мы падавалі суму кантрактаў да паловы верасьня мінулага году. Новых лічбаў мы пакуль ня маем, бо каб падцьвердзіць факт рэлізацыі новых кантрактаў, трэба шмат часу. Таму падсумаваньне за мінулы год будзе вядомае ня хутка. Увогуле, гандаль зброяй, сам працэс ад замовы да пастаўкі цягнецца вельмі доўга, нярэдка, гэта шматгадовыя кантракты. Таму пакуль не магу сказаць пра якія-кольвек новыя лічбы”.

(Дзікавіцкі: ) “Апрача лічбаў, можа вы ведаеце якія-небудзь новыя факты ці выпадкі, зьвязаныя з продажам зброі Беларусьсю?”

(Садоўскі: ) “Паведамленьні, якія зьявілася ў мэдыях і справаздачах розных дасьледчых арганізацыяў напрыканцы мінулага і на пачатку гэтага году, у значнай ступені падцьвердзілі дадзеныя з нашага рапарту. Можа больш моцны акцэнт быў зроблены на продажы беларускай зброі ў Чачэнію. Аб гэтым пісаў ангельскі спэцыяльны часопіс “Jane’s Intelligence”. Ён дэталёва апісаў, як Беларусь прадае зброю ў Чачэнію праз Турэччыну і Грузію.

Яшчэ зьявіліся новыя працы, ў якіх дасьледуюцца сувязі Беларусі з рознымі арганізацыямі ісьлямскіх фундамэнталістаў. Прыкладам, пра гэта напісаў “Washington Post”. Гэтых зьвестак у нашай справаздачы не было. Іхнай далейшай праверкай і распрацоўкай мы таксама будзем займацца”.

(Дзікавіцкі: ) “Спадар Садоўскі, можа вы ведаеце больш дакладна куды йдуць грошы ад гандлю зброяй?”

(Садоўскі: ) “Як я ўжо казаў, у сваёй працы наш Цэнтар абапіраецца на агульнадаступныя крыніцы інфармацыі. Паводле афіцыйных паведамленьняў міністра фінансаў Беларусі, сродкі ад продажу зброі трапляюць у прэзыдэнцкі стабілізацыйны фонд, фонд валютных рэзэрваў, а таксама на рахункі ў Беларусбанку.

Аднак гэтыя фонды не кантралюе беларускі ўрад, а толькі непасрэдна Аляксандар Лукашэнка і ягоная адміністрацыя.

У той жа час няма нейкіх на 100% верагодных дадзеных пра тое, куды яшчэ ідуць гэтыя грошы. Прыкладам Ізраільская агэнцыя DEBKA, распавядаючы пра гандлёвы абмен паміж Беларусьсю і Іракам, пісала, што гэтыя грошы трапляюць на рахункі ў банкі краінаў Пэрсыдзкай Затокі. Ня ведаю, наколькі гэтая інфармацыя дакладная. Некаторыя мэдыі і асобы гавораць таксама пра рахункі ў банках Заходняй Эўропы, але ізноў жа, цяжка гэта падцьвердзіць. Таму я пакуль абмяжуюся толькі інфармацыяй ад афіцыйнага Менску”.

(Дзікавіцкі: ) “І апошняе пытаньне. На вашую думку, хто і як можа ўстрымаць Беларусь ад гандлю зброяй?”

(Садоўскі: ) “У гэткіх выпадках магчымы ўціск міжнароднай супольнасьці і як мага больш шырокі розгалас. Напэўна, за гэтым прыйдзе і палітычны ўціск. Асабліва зараз, калі Злучаныя Штаты заявілі пра працяг барацьбы з тэрарызмам ня толькі ў Афганістане, але і ў іншых частках сьвету. У дадатак, ужо сёлета ў такіх аўтарытэтных амэрыканскіх мэдыях як Washington Post, Newsweek, Economist зьявіліся публікацыі, дзе гаворыцца аб тым, што Беларусь утрымлівае кантакты з краінамі з гэтак званага “амэрыканскага чорнага сьпісу”. Гэткага кшталту прэсынг магчыма стрымае ці абмяжуе гандаль зброяй. Напэўна, шмат таксама залежыць ад расейскіх партнэраў, зь якімі Беларусь у гэтай справе шчыльна супрацоўнічае. Ці будуць яны й надалей працягваць продаж зброі да краінаў, якія знаходзяцца пад эмбаргам ААН?

Натуральна, што вялікую ролю тут можа адыграць і ААН, якая, дарэчы, займаючыся праблемамі продажу зброі да афрыканскіх краінаў, летась адзначала, што Беларусь адыгрывае вялікую ролю ў гандлі зброяй ў гэтым рэгіёне. Наколькі мне вядома ААН цяпер займаецца гэтай праблемай. Гэта таксама адзін са шляхоў устрыманьня Беларусі ад гандлю зброяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG