Кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў пацьвердзіла зьвесткі пра павелічэньне колькасьці сваіх сяброў, якое назіраецца апошнім часам. Напрыклад, вось што паведаміў сёньня нашаму радыё лідэр Беларускага незалежнага прафсаюзу Віктар Бабаед:
(Бабаед: ) “Такая зьява назіраецца. Але гэтая зьява яшчэ недастаткова інтэнсіўна адбываецца. Людзі спрабуюць неяк з’арыентавацца. І я лічу, што Фэдэрацыя прафсаюзаў згубіла час і не кантралюе таго, што адбываецца ў іх структурах. Таму працоўныя мусяць шукаць кантакт з тымі структурамі, якія зьяўляюцца арганізаванымі і ўпэўнена паводзяць сябе ў гэткі цяжкі час”.
(Карэспандэнт: ) “Людзі, якія пераходзяць у прафсаюзы дэмакратычныя — ці гэта людзі, што ня бачаць сябе па-за прафсаюзным рухам?”
(Бабаед: ) “Гэта людзі, якія асэнсоўваюць, што без прафсаюзу будзе вельмі цяжка, будзе зьява яшчэ больш жорсткая. Калі пачнецца працэс прыватызацыі”.
(Карэспандэнт: ) “Можна сказаць, што гэтыя людзі адчуваюць набліжэньне прыватызацыі й адначасова адчуваюць пагрозу скарачэньняў на прадпрыемствах?”
(Бабаед: ) “Так. Пра гэта яны кажуць і гэтым вельмі занепакоеныя. Яны шукаюць такую структуру, якая зможа эфэктыўна абараняць іхныя правы”, — лічыць Віктар Бабаед.
Што да Фэдэрацыі прафсаюзаў, то ў ейных кіраўнікоў гэтая праблема пакуль што не выклікае прыкметнай занепакоенасьці. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт старшыня галіновага прафсаюзу авіяработнікаў Яўген Бурак:
(Бурак: ) “Калі такі працэс у Наваполацку ці ў іншых месцах назіраецца, то гэта сьведчыць пра адно. На жаль, Фэдэрацыя прафсаюзаў не змагла зрабіць нечага такога, каб наадварот — ішоў працэс аб’яднання інтарэсаў, а потым ужо структураў. Таму што я не лічу, што ёсьць шмат у нас супрацьлеглага паміж аднымі й другімі прафсаюзамі”.
(Карэспандэнт: ) “Калі такі працэс ёсьць, то людзі кіруюцца нейкімі прычынамі, якія падштурхоўваюць работнікаў, рабочых пераходзіць з адной прафсаюзнай суполкі ў іншую”.
(Бурак: ) “Я лічу, што гэта ў большай ступені найперш супрацьстаянне лідэраў. Нехта больш дасканала можа ўплываць на свае прафсаюзныя суполкі, другія — менш. Але ж у гэтай сытуацыі, што склалася па нашых прафсаюзных справах, каталізатарам гэтага працэсу зьяўляецца гэтая пастанова”.
(Карэспандэнт: ) “Як бы вы ахарактарыхавалі гэты працэс: ён пазытыўны альбо адмоўны?”
(Бурак: ) “Сёньня нашы прафсаюзы слабыя, на жаль. Таму гэты працэс мусіць быць кіраваны. Лідэры павінны сабрацца і высьветліць, ці гэта ідзе на тое, што прафсаюзны рух будзе вынішчацца, будзе ён слабейшы рабіцца ці будзе мацнець”, — мяркуе Яўген Бурак, старшыня галіновага прафсаюзу авіяработнікаў.