Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ БЫКАЎ: “МНЕ ЦЯЖКА ПРАЦАВАЦЬ ТАМ, ДЗЕ НЯМА СВАБОДЫ”


Алена Панкратава, Менск

Паводле журналіста Міхаэля Тэтцляфа, Васіль Быкаў прабудзе ў Нямеччыне да сярэдзіны красавіка. Сёньня 77-гадовы пісьменьнік выглядае як адлучанае ад маці дзіця. Магчыма, гэта мэлянхолія, сум ці тое, што называецца “загадкавай славянскай душой”. У сыстэме каардынатаў Васіля Быкава нібыта ўсё парушылася. Ён рады, што зараз у Нямеччыне. Зь іншага боку — зьбіраецца дадому.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, пісьменьнік Васіль Быкаў пакінуў Беларусь у 1998-м. Рэжым прэзыдэнта Лукашэнкі пераўтварыў жыцьцё пісьменьніка ў сапраўднае пекла. Беларускія дзяржаўныя СМІ цкавалі Быкава і як пісьменьніка, і як грамадзяніна. Сам беларускі кіраўнік бачыў у пэрсоне літаратара ня толькі асабістага ворага, але і ворага дзяржавы.

Як распавядае журналісту “Frankfurter Rundschau” Васіль Быкаў, фізычна ён зусім не баяўся рэжыму. Затое псыхічны ціск быў гэткі вялікі, што ён ня бачыў іншага выйсьця — адно пакінуць Радзіму. Спачатку была Фінляндыя, потым Нямеччына, Франкфурт-на-Майне.

“Мне вельмі цяжка завершыць сваю працу там, дзе няма ніякай свабоды”, — кажа Быкаў. З таго часу, як Быкаў у Нямеччыне, ён здолеў зноў пісаць. Андрэас Кжывон з Усходне-заходнеэўрапейскага цэнтру культуры і навучаньня ў адным зь біяграфічных нарысаў пра Быкава напісаў так: “Гэты беларускі пісьменьнік з 1955 году прысьвяціў сваю творчасьць Вялікай Айчыннай вайне”.

Сёньня Андрэас Кжывон удакладняе, што азначэньне “ваенны літаратар” у дачыненьні да Быкава не зусім дакладнае. Быкаў піша найперш пра лёс людзей, пра тое, што ў псыхалёгіі завецца “памежным станам чалавека”.


Апошняя праца пісьменьніка, якую ён хутка завершыць, — аўтабіяграфічныя мэмуары. У гэтым творы знойдзе адлюстраваньне і ягоная барацьба супраць Лукашэнкавага рэжыму. Барацьба, якая, паводле ягоных словаў, яго амаль перамалола...

Многія палітычныя аднадумцы пісьменьніка сёньня жывуць на эміграцыі, а некаторыя ўвогуле зьніклі. Пошукі зьніклых беспасьпяховыя. Пра гэта маўчыць Лукашэнка. Маўчыць і расейскі прэзыдэнт Пуцін. “Гэтыя людзі даўно забітыя”, — кажа Быкаў, і ў ягоным голасе можна пачуць смутак, жах і лютасьць.

Васіль Быкаў прабудзе ў Франкфурце-на-Майне да 15 красавіка. Ягонае знаходжаньне тут арганізаванае міжнародным ПЭН-цэнтрам, эўрапейскім праектам “Гарады прытулку”, паведамляе “Frankfurter Rundschau”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG