Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭПІДЭМІЯ ГРЫПА ЗА КРАТАМІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Выпадкі захворваньняў на грып у беларускіх калёніях, турмах і сьледчых ізалятарах ёсьць, але становішча нельга кваліфікаваць як эпідэмію. Пра гэта Радыё Свабода заявіла службоўка мэдычнага ўпраўленьня Міністэрства ўнутраных справаў Ларыса Белякова-Грабоўская.

(Белякова-Грабоўская: ) “Зараз эпідэмія сярэдняя, вельмі нізкія паказчыкі і ў турмах. Мы робім агульныя захады, як і ва ўсіх арганізацыях і працоўных калектывах. У тым ліку робіцца дэзінфэкцыя памяшканьняў і гэтак далей. Але гэта не тэлефонная размова, і дакладных лічбаў захварэлых я не магу назваць”, — сказала службоўка мэдычнага ўпраўленьня МУС Ларыса Белякова-Грабоўская.

Эпідэмію грыпу абвесьцілі ў Беларусі тыдзень таму, і яе пік дагэтуль ня пройдзены. Найбольш захворваньняў зафіксавалі ў Гомельскай , Магілёўскай і Менскай абласьцях ды ў Менску. Дарэчы, у гэтых рэгіёнах месьціцца палова беларускіх калёніяў і турмаў. Тыя, хто адбываў там пакараньне, даволі скептычна ставяцца да станоўчых рапартаў турэмных начальнікаў і дактароў.

Журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін, які шмат дзён правеў у менскіх ізалятарах і жодзінскай турме, згадвае:

(Шчукін: ) “У найлепшым выпадку раніцай усіх абыходзіць лекар і пытаецца, хто хворы. Але размова хворага зь лекарам адбываецца праз маленькае акенца, у якое лекар нават не зазірае. Хворы ў найлепшым выпадку атрымлівае нейкую таблетку. Калі мне давалі такія таблеткі, я нават ня ведаў, што даводзіцца глытаць. Часам дапамагала, а часам не”, — згадвае Валеры Шчукін.

Паводле Шчукіна, галоўная праблема сьледчых ізалятараў — цесната ў камэрах, якія ніколі не праветрываюць. І ўлетку, і зімой у камэрах не прадыхнуць, таму інфэкцыі перадаюцца вельмі хутка, у тым ліку і грып, і сухоты. У турмах, паводле Валера Шчукіна, становішча крыху лепшае. Там дактары імкнуцца нешта зрабіць для вязьняў, але ў іх гэта не заўсёды атрымліваецца.

(Шчукін: ) “У турме мэдык — ніхто. Там галоўны — адказны за рэжым. Ён скажа, што рабіць трэба гэтак, і гэтак робіцца. Прыкладам, ідзеш у душ, кладзеш сваё адзеньне на лаву, дзе раней ляжала нечая брудная бялізна. Усе разумеюць, што гэта негігіенічна, што патрэбныя поліэтыленавыя пакеты, але рэжымнік забараніў — і кропка. Пры жаданьні шмат што можна палепшыць, але там лічаць, што калі вы злодзеі, учынілі злачынства, то няма чаго з вамі цырымоніцца”.

Зь ягоным дыягназам ня згодны былы начальнік Менскага сьледчага ізалятара Алег Алкаеў. Паводле яго, у гэтай установе зусім няшмат выпадкаў захворваньняў інфэкцыйнымі хваробамі. Кожнага, хто трапляе ў ізалятар, правяраюць дактары. Для прызнаных хворымі ёсьць спэцыяльныя пакоі.

(Алкаеў: ) “Там цэлы паверх аддалі пад турэмны шпіталь, некалькі пакояў адмыслова трымаюць побач з мэдычнай часткай. Гэта патрэбна, бо амаль усе сухоты, СНІД і вэнэрычныя захворваньні знаходзяць менавіта ў тых, хто трапіў у сьледчыя ізалятары”, — кажа былы начальнік менскага ізалятара Алег Алкаеў.

Між тым, паводле зьвестак беларускіх праваабаронцаў, у турмах і калёніях Беларусі інфэкцыйнымі захворваньнямі хварэюць значна часьцей, чым на волі. Гэтак, паводле Беларускага Гельсынскага камітэту, на сухоты за кратамі хварэюць ў 30 разоў часьцей. Ёсьць выпадкі, калі захварэлыя на сухоты вязьні паміралі, своечасова не атрымаўшы дапамогі. Гэтак памёр Юры Капачоў з Салігорску, аднак суд не прыцягнуў да адказнасьці міліцыянтаў з аршанскай калёніі, дзе ён захварэў, як таго патрабавалі родныя Юрыя.

У БГК не выключаюць, што памеры цяперашняй эпідэміі грыпу сярод больш чым 100 тысяч вязьняў беларускіх турмаў і ізалятараў таксама наўмысна заніжаюць, каб захаваць добрыя паказчыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG