Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА ПОШУК ЮРАСЯ КОРБАНА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Апрача фотаздымка, у абвестцы пра вышук зьніклага 19 студзеня Юрася Корбана былі пададзеныя некалькі кантактных тэлефонных нумароў: гэта нумар хатняга тэлефону ягоных бацькоў ды нумар сотавага тэлефону Вольгі Старасьцінай, сяброўкі Юрася Корбана.

Такім чынам, паведаміць хаця б нешта пра зьніклага кіраўніка моладзевага цэнтру ды сябра Сойму БНФ “Адраджэньне” Юрася Корбана можна практычна ў любы час, да таго ж усім інфарматарам гарантуецца ананімнасьць. Пра вынікі гэтага кроку я размаўляю са спадарыняй Вольгай Старасьцінай.

(Карэспандэнтка: ) “Вольга, ці зьвяртаўся да Вас хто-небудзь з паведамленьнем пра лёс Юрася Корбана?”

(Старасьціна: ) “На жаль, не. Павінна зазначыць, што “Віцебская трыбуна” — гэта газэта, у якой Юрась выконваў абавязкі выканаўчага дырэктара. Таму натуральна, што калі Юрась зьнік, “Віцебская трыбуна” першая адрэагавала на ягонае зьнікненьне ды падала пра гэта абвестку. Менавіта ў ёй былі зьмешчаныя нумары бацькоў Юрася і нумар майго сотавага.

Ва ўсе астатнія газэты пойдзе інфармацыя з рук нашай міліцыі, з нумарамі Чыгуначнага раённага аддзяленьня, таму я проста ня буду ведаць, ці тэлефанаваў хтосьці, ці не”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія зьвесткі Вам падае Чыгуначны райаддзел міліцыі, што яны кажуць пра вынікі пашукаў Юрася?”

(Старасьціна: ) “Увогуле вынікаў таго, што яны робяць, я ня бачу. У мяне такое адчуваньне, што расьсьледаваньне гэтай справы вядзем я ды маці Юрася”.

Пасьля таго, як 19 студзеня а 23-й гадзіне Юрась Корбан выйшаў са сваёй кватэры і незразумелым чынам зьнік, гэтыя дзьве жанчыны неаднаразова зьвярталіся ў праваахоўчыя органы, самастойна апытвалі суседзяў, тэлефанавалі па моргах ды мэдычных установах і нават прасілі дапамогі ў экстрасэнсаў… Вынікаў пакуль няма, паведаміла спадарыня Вольга Старасьціна.

Вольга распавяла, што маці Юрася Корбана ў роспачы хацела была зьвярнуцца па дапамогу да Аляксандра Лукашэнкі, але пагадзілася, што на сёньняшні дзень найвышэйшыя афіцыйныя структуры вельмі мала спрыяюць пошукам зьніклых беларускіх грамадзянаў.

Таму сёньня спадарыня Ніна Корбан паехала ў Менск, каб самастойна працягнуць пошукі свайго сына. Зь Менску Юрась апошні раз патэлефанаваў сваёй маці 28-га студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG