Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пачатак судовых спрэчак на працэсе паводле справы Зьмітра Завадзкага перанесены на наступны тыдзень. Зінаіда Ганчар задаволеная тым, як хутка адказала на яе ліст Івонка Сурвілла. Пракуратура ізноў даслала нічога ня варты адказ на ліст Ірыны Красоўскай. АГП рыхтуе ланцуг неабыякавых людзей побач з турмой, дзе сядзіць дэпутат Клімаў.

Учора, 8-га лютага, павінны былі распачацца судовыя спрэчкі на працэсе над былым “алмазаўцам” Валерыем Ігнатовічам і ягонымі саўдзельнікамі. Іх абвінавачваюць у шэрагу самых цяжкіх крымінальных злачынстваў, у тым ліку ў выкраданьні летам 2000 году апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

На ранішнім паседжаньні ў пятніцу былі агалошаныя апошнія дакумэнты з сакрэтнага тома, дасьледаваныя некаторыя сьведчаньні. Было абвешчана, што ўжо пасьля перапынку на абед выступіць пракурор. Аднак судовыя спрэчкі так і не распачаліся. Яны перанесеныя на наступную сераду, быццам з прычыны хваробы пракурора.

Паводле назіральнікаў, чарговы перапынак у працэсе можа сьведчыць і пра непаразуменьні ў пракуратуры адносна пакараньня, якога заслугоўвае Ігнатовіч і ягоныя саўдзельнікі.

Крыніцы, да якіх я зьвярнуўся па камэнтар, не выключаюць і ўмяшальніцтва ў рашэньне пракуратуры нейкай вельмі ўплывовай асобы . Цяжка ўявіць, хто можа ўмяшацца ў справы пракуратуры, якой кіруе самы набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі чалавек — ягоны даўні паплечнік Віктар Шэйман.


* * *
Зінаіда Ганчар атрымала ліст ад Івонкі Сурвіллы. Гэта быў адказ старшыні ўраду БНР на пасланьне, якое спадарыня Ганчар накіравала ёй неўзабаве пасьля лістоў Уладзімеру Пуціну і Аляксандру Лукашэнку. Гэтыя кіраўнікі жонцы Ганчара дагэтуль не адказалі, а вось Івонка Сурвілла адказ даслала адразу ж.

(Зінаіда Ганчар: ) “Такі хуткі адказ мяне прыемна зьдзівіў, я зразумела, што гэтая жанчына разумее і ведае ўсё, што адбываецца ў Беларусі. Я ёй вельмі ўдзячная”, — гэтак Зінаіда Ганчар адрэагавала на ліст Івонкі Сурвіллы.

Нагадаю, старшыня ўраду БНР у сваім лісьце падтрымала намаганьні па высьвятленьні праўды ў справах зьніклых і крытычна ацаніла стаўленьне да гэтай праблемы беларускіх і расейскіх ўладаў.

Зінаіда Ганчар таксама распавяла пра сваю нядаўнюю размову з новым сьледчым у справе яе мужа Ўладзімерам Чумачэнкам з пракуратуры краіны. Паводле яе, Чумачэнка запэўніў, што ўсе асобы, якія фігуруюць у розных матэрыялах, датычных да справы, будуць апытаныя. У тым ліку цяперашні намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, былы міністар унутраных справаў Сівакоў ды іншыя. Зінаіда Ганчар заўважае, што такія ж абяцаньні ёй даваў і папярэдні сьледчы — Сяргей Новікаў, але слова свайго не стрымаў.


* * *
Пра марнае ліставаньне з пракуратурай краіны нагадала й Ірына Красоўская. Паводле яе, гэтае ліставаньне вядзецца быццам паміж людзьмі, якія проста ня здольныя зразумець адін аднаго.

(Ірына Красоўская: ) “Я гэта лічу размовамі нямога з глухім. У кожным сваім лісьце я ў іх пытаюся: якія дзеяньні праводзяцца ў сувязі з фактамі, пра якія сьцьвярджаецца ў матэрыялах справы? А яны мне адказваюць: “Дзеяньні праводзяцца”. Я зноў пытаюся, якія дзеяньні, а яны адказваюць, што дзеяньні праводзяцца. Таму я і лічу, што ў іх няма сэнсу пра нешта пытацца”, — сказала жонка зьніклага разам зь Віктарам Ганчаром бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.


* * *
І пры канцы — напамін пра дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава. Ён ужо амаль 1500 дзён сядзіць за кратамі. Беларускія ўлады даўно абяцалі выпусьціць дэпутата на волю, але гэтыя словы не пацьвярджаюцца справай.

Апоўдні 11-га лютага, калі споўніцца чатыры гады ад арышту Клімава, побач з калёніяй УЖ-15/1 на Кальварыйскай вуліцы, дзе ён адбывае пакараньне, Аб’яднаная грамадзянская партыя ладзіць ланцуг неабыякавых людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG