Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Прага

* ЛЁНДАН. Уплывовы амэрыканскі пісьменьнік Норман Мэйлер скрытыкаваў «патрыятычную ліхаманку», якая ахапіла Злучаныя Штаты пасьля нападаў 11 верасьня. «11 верасьня адбыліся жахлівыя рэчы, аднак патрыятычная ліхаманка ня можа заходзіць так далёка», – заявіў 79-гадовы Мэйлер у інтэрвію брытанскай газэце Daily Telegraph. Мэйлер вядомы як пачынальнік жанру гэтак званага новага журналізму, у ягоных творах сьціраецца мяжа паміж рэальным і прыдуманым. Найбольш вядомыя кнігі Мэйлера - «Песьня кáта» і «Войскі ночы».

* БЭРЛІН. Нобэлеўскі ляўрэат 1999 году нямецкі пісьменьнік Гюнтэр Грас справакаваў шырокую дыскусію сваёй новай кнігай, якая выйшла ў сьвет у аўторак. Раман «Адпаўзаньне» прысьвечаны трагедыі ўцекачоў з Усходняй Прусіі, якія ўцякалі ад наступу савецкага войска. У выніку патапленьня савецкай субмарынай нямецкага ляйнэра «Вільгельм Густлёф» у студзені 1945 году ў ледзяной вадзе загінула каля 9 тысячаў чалавек у тым ліку каля 4 тысячаў дзяцей. Гэтая тэма на працягу дзесяцігодзьдзяў замоўчвалася нямецкім грамадзтвам.

* ПАРЫЖ. Самай прадаванай у Францыі кнігай 2001 году стаў комікс «Астэрыкс і Лятравіята», прададзены агульнай колькасьцю 1 мільён 800 тысячаў асобнікаў. Пяць кніг эпапэі пра Гары Потэра пісьменьніцы Джоан Роўлінг разыйшліся разам у колькасьці 2 мільёны 600 тысячаў у кішэнным і 600 тысячаў у вялікім фармаце. У катэгорыі раманаў першае месца заняў раман Мэры Хігінс Кларк «На вуліцы, дзе жыве тая, каго я кахаю» – 340 тысячаў асобнікаў. Сярод твораў эсэістыкі і дакумэнтальнай літаратуры найлепш прадавалася кніга францускай першай лэдзі Бэрнадэт Шырак – «Размова» – 220 тысячаў асобнікаў.

* ПЭКІН. Кітайскі пісьменьнік і журналіст Ван Ілян нядаўна быў выпушчаны на свабоду пасьля двух гадоў лягероў працоўнага перавыхаваньня ў Шанхаі. Ён быў зьняволены за выданьне дысыдэнцкага часапісу. Саракагадовы Ван Ілян, аўтар шматлікіх вершаў і эсэ, адыгрываў важную ролю ў руху кітайскага культурнага супраціву канца 90-х гадоў. У 1998 годзе ён пачаў выдаваць «Бюлетэнь кітайскага культурнага адраджэньня» і ў студзені 2000 году быў арыштаваны за «пашырэньне парнаграфічных матэрыялаў». Паводле паліцыі, віна Ван Іляна палягала ў тым, што ён зрабіў копіі фільмаў «Каханак лэдзі Чатэрлей» і «Піяніна», якія ўлады палічылі «парнаграфічнымі».

* НЬЮ-ЁРК. Суд забараніў амэрыканскаму выдавецтву Inkling Books выдаць гэтак званы «Дзёньнік Уладара пярсьцёнкаў» аўтарства Майкла Пэры, які ўяўляе сабою перапісаную ў храналягічным парадку трылёгію Джона Толкіна «Уладар пярсьцёнкаў». Спадкаемцы Толкіна абвінавацілі выдавецтва ў парушэньні аўтарскага права, заявіўшы, што новая кніга проста ў іншым парадку пераказвае твор Толкіна.

* ВІЛЬНЯ. У Вільні распачаўся ІІІ міжнародны кніжны кірмаш, у якім сёлета бяруць удзел 180 выдавецтваў, у тым ліку 98 – з-за межаў Літвы. Кірмаш працягнецца тры дні, за якія яго наведае больш за 50 тысячаў чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG