Канфэрэнцыя арганізаваная Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных ды палітычных дасьледваньняў, амэрыканскім фондам McArthur’s Foundation і Кансультацыйна-назіральнай групай АБСЭ ў Беларусі. Апрача вядомых беларускіх дасьледчыкаў, апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, у ёй бяруць удзел і кіраўнікі вядомых дасьледчыцкіх інстытутаў з Польшчы, Украіны, Расеі, Літвы й Латвіі. Дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных ды палітычных дасьледваньняў Алег Манаеў так акрэсьліў мэты канфэрэнцыі:
(Манаеў: ) "Беларусь зараз на ростанях. Мінула 10 гадоў з часу абвяшчэньня незалежнасьці краіны. Да чаго мы прыйшлі, што атрымалі? Зь іншага боку прайшлі выбары й вядомыя вынікі (я маю на ўвазе леташнія выбары прэзыдэнта). Рэальнасьць вось такая. І ў зьвязку з гэтым людзі задаюць пытаньні: якая стратэгія, на каго ставіць, з кім працаваць? Улада таксама цяпер у нейкім роздуме. Мы вырашылі скарыстацца гэтай мяжой і арганізаваць на гэтую тэму міжнародную канфэрэнцыю, каб асноўныя "акторы" сустрэліся й пагаварылі на гэтую тэму".
Аднак дыскусыі з прадстаўнікамі ўлады не атрымалася. Запрошаныя з боку уўлады (кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўрал Латыпаў, міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны, прэзыдэнт Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч ды іншыя чыноўнікі) на канфэрэнцыю не прыйшлі, спаслаўшыся на вялікую занятасьць. Алег Манаеў лічыць, што чыноўнікі проста баяцца кантактаваць з апазыцыянэрамі й супрацоўнікамі дасьледчыцкіх цэнтраў. Гэтую думку падзяляе й дэпутат гэтак званай “палаты прадстаўнікоў” Іван Пашкевіч, які прысутнічаў на канфэрэнцыі.
Тым больш, што цяпер рыхтуюцца ўзяць пад кантроль дзейнасьць незалежных сацыялягічных цэнтраў. Вось, што сказаў з гэтай нагоды амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак:
(Козак: ) "Дазвольце мне сказаць пра тое, што вельмі непакоіць урад ЗША і мяне асабіста. Мы бачылі паведамленьні пра тое, што беларускае кіраўніцтва разглядае плян ліцэнзаваньня асобаў і арганізацыяў, што займаюцца вывучэньнем грамадзкай думкі. Мы лічым, што любая спроба ўраду, накіраваная на ўсталяваньне кантролю за незалежным вывучэньнем грамадзкай думкі ў Беларусі, будзе вялікім крокам назад на шляху стварэньня ўмоваў для нармальнай працы вольных, незалежных СМІ й адкрытага, празрыстага мэханізму палітычных дыскусыяў у краіне. Прыслухоўвацца да грамадзкай думкі, а не спрабаваць задушыць яе – вось той шлях, які можа прывесьці Беларусь назад у Эўропу й ўсясьветную супольнасьць".
Выканаўца абавязкаў кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Мішэль Рывальё таксама заявіў, што група будзе ўважліва сачыць за магчымым увядзеньнем ліцэнзаваньня для дасьледчыцкіх цэнтраў.
Прадстаўнікі замежных дасьледчыцкіх інстытутаў распавялі, як іх установы ўплывалі на грамадзкую трансфармацыю і рэформы, што праводзіліся ў гэтых краінах.
А вось, што казалі самі ўдзельнікі канфэрэнцыі. Гаворыць Міхаіл Чыгір:
(Чыгір: ) "Каб на гэтай канфэрэнцыі маглі прысутнічаць усе беларусы, пабачыць, што тут адбываецца, і пачуць пра тое, пра што гавораць людзі, то я думаю, разуменьне сытуацыі было б зусім іншым".
А вось, што сказала старшыня Беларускага Гельсынскага Камітэту Тацяна Процька:
(Процька: ) "Я хацела бы, каб на гэтай канфэрэнцыі гучалі думкі пра тое, як узьдзейнічаць на грамадзкую думку, як узьдзейнічаць на публічную палітыку. Якія існуюць тэхналёгіі".
Канфэрэнцыя скончыць сваю работу заўтра.