Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ НЯ МАЕ ГРОШАЙ НА АДКРЫЦЬЦЁ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ЎНІВЭРСЫТЭТУ


Галіна Абакунчык, Менск

Мільёны даляраў – так пазначыў памер даходаў ад платнай сыстэмы ў вышэйшых навучальных установах міністар адукацыі Пётар Брыгадзін. І тым ня менш, паводле ягоных словаў, з прычыны недахопу сродкаў па-ранейшаму нізкімі застаюцца заробкі выкладчыкаў, не абнаўляецца састарэлая матэрыяльная база школаў, асабліва ў вёсцы. У адпаведнасьці з новай рэдакцыяй закону аб адукацыі і праграмай разьвіцьця беларускай мовы, у кожным раёне павінны быць створаныя беларускамоўныя гімназіі й дзіцячыя садкі. Чыноўнікі сьцьвярджаюць, што цяпер разглядаецца такая магчымасьць, хоць і існуюць значныя складанасьці. Што да адкрыцьця першага ў Беларусі Нацыянальнага ўнівэрсытэту, то гэта, як лічыць міністар, дзяржава сабе дазволіць ня можа. Гаворыць міністар Пётар Брыгадзін.

(Брыгадзін: ) "Калі грошы ёсьць, дык чаму не стварыць? Але ж кожная навучальная ўстанова патрабуе значных выдаткаў. Калі гэтыя грошы будуць знойдзеныя, то будуць стварацца новыя навучальныя ўстановы й ня толькі тут, але і ў іншых буйных гарадах. А на якой мове будзе выкладаньне – на беларускай – цудоўна. На рускай таксама."

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў свой час накіравала ў Мінадукацыі шэраг прапановаў у справе разьвіцьця беларускай мовы і цяпер патрабуе выкананьня адпаведнай дзяржаўнай праграмы. У прыватнасьці – што да стварэньня ў Беларусі сеткі беларускамоўных навучальных установаў усіх узроўняў, у тым ліку першага Нацыянальнага ўнівэрсытэту. І апраўдальныя спасылкі чынавенства на адсутнасьць сродкаў у таварыстве лічаць непераканаўчымі. Гаворыць сакратарка ТБМ Ірына Марачкіна.

(Марачкіна: ) "У Беларусі 44 дзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Усе рускамоўныя. На іх утрыманьне ёсьць жа грошы. Ёсьць грошы й на адкрыцьцё беларуска-расейскага ўнівэрсытэту ў Магілёве – мусіруецца такое пытаньне. Адразу праблема паўстае, як толькі гаворка йдзе пра беларускую мову. Людзі нашыя баяцца аддаваць дзяцей у беларускія школы з-за таго, што яны ня змогуць атрымаць вышэйшую адукацыю. Вось так і замыкаецца гэтае кола”.

Цяпер у Міністэрстве адукацыі пераглядаюць канцэпцыю выкладаньня гістарычных і мовазнаўчых дысцыплінаў, складзеных напачатку 90-х гадоў. Як вядома, гэта быў час новай хвалі беларусізацыі. Але, паводле міністра Пятра Брыгадзіна, навучальныя праграмы й падручнікі тых часоў маральна састарэлі і цяпер іх зьбіраюцца перавыдаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG