Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАСТОЦКІ СУД ІЗНОЎ ДАЗВОЛІЎ ЭКСТАДЫЦЫЮ Ў БЕЛАРУСЬ БІЗНЭСОЎЦА АНДРЭЯ ЖУКАЎЦА


Аляксей Дзікавіцкі, Беласток

Гэты судовы працэс для беларускага бізнэсоўца Андрэя Жукаўца ўжо трэці. Дакладна год таму – 7 лютага 2001 году – спадар Жукавец быў затрыманы польскімі ўладамі на замову беларускай пракуратуры, якая абвінаваціла яго ў махлярстве падчас атрыманьня банкаўскіх пазыкаў у 1994 годзе. Потым акруговы суд у Беластоку двойчы вырашаў, што экстадыцыя магчымая, а апэляцыйны суд, куды спадар Жукавец падаваў скаргі, двойчы пастанаўляў накіраваць справу на перагляд.

Сёньня ў часе судовага паседжаньня абвінаваўца Ўладзімер Раманчук цьвердзіў, што Андрэю Жукаўцу ў Беларусі не пагражае несправядлівы суд і нават, да шчырага зьдзіўленьня прысутных, хваліў Аляксандра Лукашэнку за тое, што той дае беларускім судзьдзям кватэры. Спадар Раманчук прасіў суд не зьвяртаць увагі на шматлікія справаздачы міжнародных праваабарончых арганізацыяў, якія сьведчаць аб тым, што ў Беларусі масава парушаюцца правы чалавека. У выніку суд не зьвярнуў увагі на доказы абаронцы, які даводзіў, што справа Жукаўца ёсьць справай палітычнай, што судовая сыстэма ў Беларусі не зьяўляецца незалежнай, а таксама на дакумэнты, якія сьведчаць аб тым, што абвінавачаны сплачваў банкаўскія пазыкі.

Суд пастанавіў, што экстрадыцыя ў Беларусь бізнэсоўца Андрэя Жукаўца дапушчальная. Старшыня суду Ян Федарук у часе чытаньня выраку нават сказаў, што палітычная сытуацыя ў Беларусі нармалізуецца, а справаздачы праваабарончых арганізацыяў тычацца колішняй, а не цяперашняй сытуацыі ў Беларусі.

Варта адзначыць што напярэдадні суды ва Ўроцлаве і Варшаве прынялі абсалютна іншыя рашэньні ў аналягічных справах аб экстрадыцыі беларускіх бізнэсоўцаў, адзначыўшы, што гэтыя асобы ня маюць шанцаў на справядлівы разгляд сваіх справаў у Беларусі. Чаму, аднак, менавіта Беластоцкі суд упарта прытрымліваецца іншага меркаваньня? Гаворыць намесьнік старшыні Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы Андрэй Юцкевіч:

(Юцкевіч: ) “Справа ў тым, што на нашую думку, аб чым ужо заяўляў Зьвяз беларускіх палітычных уцекачоў, сытуацыя на Беласточчыне зьяўляецца вельмі спэцыфічнай, і гэта пацьвярджаецца ўсімі астатнімі працэсамі аб экстрадыці ў Польшчы. Толькі ў Беластоку мы маем працэс, які цягнецца ўжо год, і суд упарта спрабуе выдаць на Беларусь аднаго з нашых людзей. Зьвяз ужо казаў аб тым, што на Беласточчыне ёсьць уплывы беларускіх уладаў; на жаль, празь беларускую меншасць. Практычна, мы бачым прыклад, як польскае права выкарыстоўваецца ў інтарэсах сучаснай беларускай улады”.

Сам абвінавачаны сказаў па заканчэньні судовага паседжаньня, што гэтым рашэньнем суд выказаў палітычнае стаўленьне да справы.

“Суд у Беластоку паказаў сваё палітычнае стаўленьне да гэтай справы, таксама як і пан пракурор, які выступаў па справе”.

Спадар Жукавец паведаміў таксама, што цягам тыдня мае намер ізноў абскардзіць вырак Беластоцкага акруговага суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG