Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ САПРАЎДЫ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ ТЭРАРЫЗМ ІРАЦКІЯ І ІРАНСКІЯ ЎЛАДЫ?


Мікола Іваноў, Прага

Найбольш востра на абвінавачваньні з боку ЗША адрэагаваў Іран. Іранскі міністар замежных справаў Камаль Харазі накіраваў спэцыяльны ліст у ААН. У ім гаворыцца, што “іранскі ўрад выказвае незадавальненьні і абурэньне” прамовай Буша. А прэсавы сакратар іранскага ўраду Абдула Рамэзанзадэх запатрабаваў, каб ЗША падалі доказы сваіх абвінавачваньняў.

Раней міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд абвінаваціў Іран у прадстаўленьні прытулку баявікам Талібану і Аль Кайды, якія цяпер масава пераходзяць мяжу з Афганістану ў Іран. ЗША таксама абвінавачваюць іранскія ўлады ў накіраваньні 50 тонаў зброі ў Палестынскую аўтаномію на борце карабля “Карына-А”.

Той, што першае з гэтых абвінавачваньняў не беспадстаўнае, вымушаны быў прызнаць і міністар замежных справаў Ірану Камаль Харазі. На спэцыяльна скліканай з гэтай нагоды прэсавай канфэрэнцыі ён заявіў: “Мы робім усё, што ў нашых сілах, але ў сапраўднасьці немагчыма поўнасьцю кантраляваць мяжу”. Працягласць ірана-афганскай мяжы перавышае 1000 км.

Харазі прызнаў, што іранскія ўлады арыштавалі даволі шмат падазроных.

(Харазі: ) “Я хачу запэўніць вас, што калі сярод затрыманых будуць сябры Талібану і Аль Кайды, іх справы будуць расьсьледаваныя і яны будуць перададзеныя краінам іх паходжаньня”.

Нягледзячы на ўзаемныя абвінавачваньні паміж ЗША і Іранам, міжнародныя аглядальнікі адзначаюць, што абедзьве краіны маюць супольную мэту – усталяваньне стабільнага ўраду ў Афганістане, які будзе здольны кантраляваць унутраную сытуацыю. І гэта павінна аблегчыць шлях да супрацоўніцтва.

З Іракам сытуацыя ня менш складаная. Цэнтральнае разьведвальнае ўпраўленьне ЗША сьцьвярджае, што ў яго няма сьведчаньняў удзелу Іраку ў тэрарыстычнай дзейнасьці супроць ЗША на працягу апошніх амаль 10 гадоў. Супрацоўнікі ўпраўленьня перакананыя, што Садам Гусэйн не перадаваў хімічную, ці біялягічную зброю Аль Кайдзе, ці іншым тэрарыстычным групоўкам.

На гэтым тыдні кіраўнік ЦРУ Джордж Тэнэт будзе выступаць перад сэнацкай камісіяй у справах разьведкі на тэму глябальных пагрозаў для ЗША ў сьвеце. Магчыма, яму прыдзецца адказваць і на пытаньні, датычныя ірацкай падтрымкі тэрарызму.

Вядома, што Мухамэд Ата, адзін з арганізатараў тэрарыстычнай атакі 11 веоасьня на Нью-Ёрк і Вашынгтон, праводзіў нейкія перамовы з рэзыдэнтам ірацкай разведкі Ахмэд Халіл Самірам аль Ані. Невядома, праўда, аб чым ішла гутарка.

Сярод іншых ускосных сьведчаньняў ірацкіх сувязяў з міжнародным тэрарызмам можна згадаць і перасяленьне ў 1998 годзе ў Ірак з Лівіі аднаго з найбольш вядомых міжнародных тэрарыстаў 60-х – пачатку 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя Абу Нідаля. Аднак невядома, чым займаецца Абу Нідаль у Іраку.

Ірацкія ўлады апошнім часам выразна зьмякчылі сваю пазыцыю датычна працягу працы ў краіне групы міжнародных экспэртаў у справе кантролю за зброяй масавага зьнішчэньня. Генэральны сакратар Лігі арабскіх краінаў Амрэ Муса паведаміў генэральнаму сакратару ААН Кофі Анану, што Ірак згодны пачаць у гэтай справе новыя перамовы без папярэдніх умоваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG