Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗЬМЯНІЛІСЯ СТАСУНКІ ПАМІЖ ЗША І РАСЕЯЙ?


Віталь Цыганкоў, Прага

Пасьля 11 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін абвесьцціў сваё рашэньне падтрымаць барацьбу амэрыканцаў супраць тэрарызму і зьмяніць замежнапалітычны курс Расеі. Вячаслаў Ніканаў прэзыдэнт фонду “Палітыка”, блізкага да Крамля, нагадвае, што раней зьнешняя палітыка Расеі выглядала зусім па-іншаму:

(Ніканаў: ) “Ад самога пачатку прэзыдэнцтва Пуціна, прыярытэты расейскай палітыкі былі істотна іншымі. Першымі былі былыя савецкія рэспублікі – Беларусь, Украіна, Цэнтральная Азія. Усходняя Эўропа была прыярытэтам нумар два. Што да трэцяга месца, то тут ішла барацьба паміж дачыненьнямі з ЗША і ўсходняй арыентацыяй на Японію, Кітай і Індыю”.

Сяргей Маркаў дырэктар Інстытуту палітычных дасьследваньняў, сьцвярджае, што на дыпляматычным узроўні ў Расеі ўсё яшчэ вельмі моцныя людзі са “спадчынай халоднай вайны”.

(Маркаў: ) “У гэты момант расейска-амэрыканскія стасункі даволі добрыя, але яны добрыя на прэзыдэнцкім узроўні. Абодва прэзыдэнты маюць аднолькавыя мэты ў міжнароднай палітыцы. Аднак у той жа час Расея і ЗША ня маюць добрых стасункаў на ўзроўні дыпляматычных ведамстваў, дзе шмат людзей усё яшчэ маюць спадчыну змаганьня і барацьбы”.

А вось меркаваньне Дзьмітрыя Трэніна, намесьніка дырэктара Маскоўскага Карнэгі-цэнтру.

(Трэнін: ) “Зараз у Крамлі шмат нязгоды. Я бы сказаў, што большая частка расейскиіх палітыкаў ўсё яшчэ мысьляць геапалітычнымі катэгорыямі. Для гэтых людзей, страта Расеяй моцы, страта прэстыжу і рост амэрыканскай гегемоніі вельмі цяжка ўспрыняць. Гэтыя людзі ўказваюць на прысутнасьць Амэрыкі ў Цэнтральнай Азіі, на пашырэньне НАТО, выхад ЗША з дамовы аб супрацьпаветранай абароне, новы ваенны бюджэт ЗША – ўсё гэта як доказы таго, што ня можа быць сяброўскіх дачыненьняў са Злучанымі Штатамі, паколькі ЗША толькі цікавяцца тым, каб схапіць тое, што калісьці належыла Расеі”.

Трэнін, аднак, адзначае, што гэтая нязгода ня ёсьць апазыцыяй. Сёньня ніхто ў Крамлі не жадае супрацьстаяць Пуціну. Трэнін таксама сьцвярджае, што Расея зьмяніла свой зьнешнепалітычны курс не з прычыны салідарнасьці з ЗША ў барацьбе супраць тэрарызму, але таму, што Пуцін глядзіць на рэчы вельмі практычна. Для таго, каб мадэрнізаваць Расею, Пуцін ня можа дазволіць, каб ЗША ізноў быў ворагам.

(Трэнін: )“Пуціну не патрэбная Амэрыка як вораг. Цаной гэтага стаў бы выход Расеі з геапалітычнага і геастратэгічнага спаборніцтва са Злучанымі Штатамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG