Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ЖАНЧЫНЫ-ДЭПУТАТКІ З "ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ" ДАГЭТУЛЬ НЕ АДГУКНУЛІСЯ НА ЗВАРОТ ЗІНАІДЫ ГАНЧАР


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня я спрабаваў паразмаўляць з жанчынамі-дэпутаткамі, высьветліць, чаму яны маўчаць і ня лічаць патрэбным праявіць жаночую салідарнасьць. У кабінетах у Палаце прадстаўнікоў я засьпеў толькі дзьвюх дэпутатак. Марыя Праташчык на маё пытаньне адказала, што яна асабіста ніякіх лістоў не атрымлівала.

(Праташчык: ) "Не, я нічога не атрымлівала".

Натальля Машэрава адразу паведаміла, што ведае пра гэтую праблему. Але лічыць, што нічым дапамагчы ня можа.

(Машэрава: ) "Я за сябе адказваю. Я нічым не магу ёй дапамагчы. Абсалютна. Я пасьля гібелі бацькі была ў такой жа сытуацыі. Я тады і не прасіла дапамогі. Я ведала, што так будзе. Шчыра вам кажу. Чым я, як дэпутат магу ёй дапамагчы?”

(Карэспандэнт: ) "Магчыма, грамадзкасьць узняць…"

(Машэрава: ) "Мы падымалі. Што, ёй лягчей стала? Выкарыстоўвалі ўсе як маглі гэтую сытуацыю. Я не хачу, каб так было".

Потым спадарыня Машэрава сказала, што жанчыны ў парлямэнце добрыя, і большасьць нават думала над тым, як вырашыць гэтую праблему. Але сэсія была надзвычай напружаная, і пра справу Зінаіды Ганчар проста забылі.

Лісты на імя дэпутатак рассылала грамадзкае аб'яднаньне "Беларуская арганізацыя працоўных жанчын". Паводле намесьніцы старшыні гэтай арганізацыі Ірыны Жыхар, яны папрасілі дэпутатак дапамагчы арганізаваць грамадзкія слуханьні. Лісты да ўсіх 14 дэпутатак былі дасланыя замоўленай поштай з паведамленьнем, але адказу да гэтага часу няма. І таму Беларуская арганізацыя працоўных жанчын зрабіла наступны крок:

(Жыхар: ) "Не дачакаўшыся адказу, мы вырашылі арганізаваць збор подпісаў сярод насельніцтва, каб паказаць, што ня толькі актывісты нашай жаночай арганізацыі, а наагул людзі з усіх рэгіёнаў краіны зацікаўленыя ў гэтым пытаньні. Мы распачалі збор подпісаў. На сёньняшні дзень ёсьць ужо некалькі дзясяткаў тысячаў подпісаў у падтрымку нашага звароту да дэпутатак. І мы зараз, шчыра кажучы, у роспачы. Чаму? Бо хочам зьвярнуцца да ўсіх дэпутатаў, якія засядаюць у “палаце прадстаўнікоў”, але нам трэба будзе матываваць, чаму да ўсіх і чаму з подпісамі. І нам трэба будзе сказаць, што жанчыны-дэпутаткі не праявілі жаночай салідарнасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG