Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІЯ СМІ ПАРАЎНОЎВАЮЦЬ СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ З БРЭЖНЕЎСКІМ ЧАСАМ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Нядаўна Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Акадэмія навук і Беларускае таварыства псыхолягаў атрымалі з адміністрацыі прэзыдэнта ліст, дзе паведамляецца, што ў адпаведнасьці з загадам Аляксандра Лукашэнкі, усе апытаньні і дасьледаваньні грамадзскай думкі могуць ладзіцца толькі на падставе ліцэнзіі, якую выдае адміністрацыя прэзыдэнта”, – інфармуе ў сёньняшнім нумары “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік падае меркаваньне прафэсара Алега Манаева, паводле якога новае распараджэньне адміністрацыі прэзыдэнта можна параўнаць з парадкамі 70-80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі ў СССР сацыялягічныя лябараторыі былі непасрэдна падпарадкаваныя КГБ.

“Gazeta Wyborcza” адзначае таксама, што ўціск на незалежных сацыёлягаў зьвязаны з іхнай дзейнасьцю ў часе мінулых прэзыдэнцкіх выбараў.

Па арышце і зьмяшчэньні ў псыхіятрычны шпіталь Леаніда Калугіна, у польскім друку зьявіліся некалькі артыкулаў з агульным меркаваньнем, што на Беларусі ўлады вяртаюцца да сталінскіх мэтадаў змаганьня з палітычнымі апанэнтамі. Паводле польскіх газэтаў, арышт Калугіна ёсьць помстай Лукашэнкі за тое, што былы дырэктар аднаго зь лепшых беларускіх прадпрыемстваў меў намер балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду ў часе леташніх выбараў.

Аўтары артыкулаў, са спасылкамі на меркаваньні незалежных беларускіх экспэртаў, адзначаюць таксама, што скіраваньне арыштаваных у псыхіятрычныя шпіталі можа мець на мэце запалохваньне грамадзянаў краіны, альбо змушэньне аршыштаваных да прызнаньня сваёй віны.

У гэтай справе польскае агенцтва навінаў ПАП падае меркаваньне беларускай адвакаткі Веры Страмкоўскай, паводле якога зьмяшчэньне “людзей, якія думаюць іначай” у псыхіятрычныя шпіталі можа стаць на Беларусі штодзённай практыкай, як гэта было за савецкім часам. “Бо як і тады, цяпер беларусы ня маюць магчымасьцяў супраціву гэткім захадам уладаў – у краіне нават няма незалежных судоў, якія маглі б разгледзець скаргу аб незаконным зьмяшчэньні ў шпіталь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG