Неўзабаве споўніцца 20 гадоў, як пайшла з жыцьця славутая беларуская паэтка Ларыса Геніюш, але з прычыны таго, што суд дагэтуль ня зьняў зь яе кляйма "контррэвалюцыянэркі", не ўдаецца ўшанаваць яе памяць помнікам. Гаворка не пра надмагільны крыж, а пра помнік, які б адпавядаў месцу гэтай слыннай паэткі 20-га стагодзьдзя ў гісторыі літаратуры Беларусі. Саюз пісьменьнікаў разам з клюбам "Спадчына" заклікаюць грамадзкасьць ізноў падняць гэтае пытаньне перад уладамі і, не чакаючы станоўчага рашэньня, дамовіцца наўпрост з жыхарамі Зэльвы пра ўсталяваньне у горадзе помніка. Сябра клюбу "Спадчына" прафэсар Уладзімір Саламонаў кажа пра Ларысу Геніюш:
(Саламонаў: ) "Яна не злачынца які, яна той чалавек, якому праз пэўныя дзесяцігодзі будзе пастаўлены самы залаты помнік у самым прыгожым месцы Беларусі, а зараз мы па сваіх сродках павінны гэта зрабіць".
Дарэчы, нядаўна актывістам клюбу "Спадчына", якім актыўна дапамагае беларуская дыяспара, удалося ўсталяваць бюст Ларысы Геніюш працы скульптара Інькова на прыватнай сядзібе старшыні клюбу Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Але гэта, так бы мовіць, жэст адчаю. Бо спачатку плянавалася ўсталяваць помнік ў Зэльве, якая лічыцца малой радзімай паэткі, дзе яна пражыла значную частку свайго жыцьця і дзе памерла. Але афіцыйныя ўлады не пажадалі ісьці насустрач патрабаваньням грамадзкасьці. Зэльвенскі райвыканкам нават скасаваў дазвол на ўсталяваньне помніка, дадзены клюбу "Спадчына" ў 1997 годзе. Праз год мясцовыя начальнікі раптам заявілі, што патрэбны дазвол Савета міністраў. Між тым атрымаць такі дазвол не ўдаецца, бо паэтка дагэтуль не рэабілітаваная. Апошняя спроба зьняць з Геніюш судзімасьць "за контррэвалюцыйную дзейнасьць і дапамогу ўсясьветнай буржуазіі" была зроблена ў лістападзе 1999 году і скончылася адмовай Вярхоўнага суду Беларусі. Паводле паэта Алеся Скоблы, да гэтага рашэньня спрычыніўся нават Аляксандар Лукашэнка. Як бы ні было, але грамадзкасьць з гэтым не пагадзілася . Рашучую пазыцыю займае і Саюз пісьменьнікаў Беларусі, які ўжо шмат гадоў змагаецца за рэабілітацыю Ларысы Геніюш. Старшыня саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава кажа:
(Іпатава: ) "Напачатку гэтага году я накіравала ліст да новага кіраўніцтва ўраду, да віцэ-прэм’ера спадара Дражына з просьбай дазволу ўсталяваць помнік Ларысе Геніюш на яе радзіме, ў Зэльве, мы ўсё ж такі лічым, што помнік павінен там стаяць".
Цяпер да спробаў рэабілітаваць паэтку далучыўся і Беларускі Гельсынскі камітэт. Намесьнік старшыні БГК, вядомы адвакат Гары Паганяйла правёў юрыдычную экспэртызу справы Геніюш і выпрацаваў свае парады. Вось што ён кажа:
(Паганяйла: ) "Магу засьведчыць, што нават паводле савецкіх законаў, якія дзейнічалі ў той пэрыяд, Ларыса Геніюш і яе муж Янка, які быў асуджаны разам зь ёй, ні ў чым не вінаватыя. Таму першы шлях, які прадстаўляецца мне магчымым – гэта дамагацца перагляду судзімасьці, не закранаючы пытаньне палітычнай рэабілітацыі".
Другі шлях Гары Паганяйла бачыць у тым, каб аднавіць чэскае грамадзянства Ларысы Геніюш. Як вядома, да арышту савецкімі чэкістамі яна мела грамадзянства Чэхаславакіі і нават пасьля вяртаньня зь лягеру не прыняла грамадзянства СССР. На думку адваката Гары Паганяйлы, адмена ўладамі Чэхіі незаконнага рашэньня аб скасаваньні чэскага грамадзянства Ларысы Геніюш і зварот аб яе рэабілітацыі могуць стаць тымі "новымі абставінамі", якія дадуць Вярхоўнаму Суду Беларусі фармальную падставу для перагляду яе справы.
Зазначу, што шмат хто ў Беларусі лічыць марнымі спробы дамагчыся ад цяперашніх ўладаў краіны рэабілітацыі Геніюш. Прыкладам, нядаўна некаторыя пісьменьнікі абмяркоўвалі ідэю звароту да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб памілаваньні паэткі, але вырашылі ад такога кроку ўстрымацца. Маўляў, яна ні ў чым не вінаватая, тым больш, не справа Лукашэнкі "судзіць" Геніюш. Аднак на сёньняшнім "круглым стале" у Саюзе пісьменьнікаў вырашана ўзяць за падмурак наступную пазыцыю: ушанаваньне памяці паэткі патрэбнае цяперашнім і наступным пакаленьням беларусаў. І таму трэба змагацца за адмену незаконнага прысуду Ларысе Геніюш ужо зараз, не чакаючы зьмены палітычнага рэжыму.