Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦЫ КУРАПАТАЎ ЗАПРАШАЮЦЬ НА ТАЛАКУ


Ганна Соусь, Менск

Да Курапатаў ад аўтобуснага прыпынку цяпер лепш ісьці ўздоўж мікрараёну. На пачатку ляснога масіву да лягеру валанцёраў можна трапіць праз ужо напалову збудаваны падземны пераход. Дарэчы, ля яго стаіць машына з АМАПам.

На вуліцы – лужыны, але ў намёце абаронцаў Курапатаў дзякуючы "буржуйцы" цёпла. На падлозе – драўляны насьціл, некалькі тыдняў таму яго адмыслова пабудавалі для цырымоніі адкрыцьця адноўленай "лаўкі Клінтана". Паводле Алеся Гетмана, учорашняй ноччу ў лягеры ніхто не спаў.

(Гетман: ) "Амаль усю ноч трымалі намёт, каб яго ня зьнесла ветрам. Усю ноч раздувала, валіла ўваход, мабыць, тры разы ўбівалі калы. Увогуле, цяжкавата ўначы было, я даўно такога ветру ня бачыў. А так нармальна ўсё. Учора быў на прэзэнтацыі кнігі Ігара Кузьняцова, дамовіліся аб супрацоўніцтве. Гэта ўжо вельмі добры крок. У нас ёсьць вельмі шмат матэрыялаў, якія нам прыносілі людзі. Я зьвяртаюся да людзей, калі ў вас ёсьць нейкія матэрыялы пра Курапаты, прыносьце нам. Мы перададзім іх Ігару Кузьняцову для кнігі пра тых, хто загінуў у Курапатах, а таксама пра абаронцаў Курапатаў”.

Алесь Гетман частуе мяне адмысловай курапацкай стравай – рысавым супам з тушонкай. Дарэчы, за гэтыя чатыры месяцы многія валанцёры сталі добрымі кухарамі, і з ахвотай дзеляцца рэцэптамі фірмовых страваў – макароны з тушонкай, фасоль з тушонкай, бульба, зноў жа з тушонкай.

Наступны мой суразмоўца – Глеб Вязоўскі. Ён адкладвае ў бок раман братоў Стругацкіх, і узгадвае 30 верасьня – дзень, калі упершыню трапіў у Курапаты. З таго часу Глеб практычна не пакідаў урочышча.

(Вязоўскі: ) "Чатыры месяцы ёсьць дакладна. Але ж бывае, што я зьязджаю на дзень, каб памыцца й з бацькамі сустрэцца. А так заўсёды знаходжуся тут, таму што лічу, што трэба адстойваць Курапаты да апошняга. Я хацеў бы, каб сюды больш людзей прыходзіла, каб дапамагалі нам. Прыходзьце заўтра сюды на талаку, а ў нядзелю – на набажэнства”.

(Карэспандэнтка: ) "Наперадзе вясна, адліга... Напэўна, вам тут будзе складана, гэта ўжо адчуваецца..."

(Вязоўскі: )"Я мяркую, што мы перанясем намёт далей, на ўзвышша".

Варта дадаць, што талака ў Курапатах адбудзецца заўтра аб адзінаццатай гадзіне.

Звычайна раніцай у лягер прыходзіць Сяржук Высоцкі. Сёньня я таксама засьпела яго ў Курапатах.

(Высоцкі: ) "Хачу падзякаваць прадстаўнікам усіх арганізацыяў, якія тут знаходзяцца – Беларускай партыі свабоды, "Маладога фронту", "Зубра". Зараз, калі прайшоў пік інфармацыйнай падтрымкі, цікаўнасьці, калі многія людзі лічаць само сабой зразумелым, што людзі тут знаходзяцца, псыхалягічна вельмі цяжка быць тут. Асабістыя праблемы, знаходзяцца ў людзей нейкія біяграфічныя плямы – і на іх пачынаецца ціск. І пад такі ціск трапляюць дзясяткі людзей. Гэта ня можа быць выпадковым, і ня ўсе гэтыя людзі могуць пра гэта гаварыць".

Сяржук Высоцкі мяркуе, што спэцслужбы спрабуюць шантажаваць некаторых абаронцаў Курапатаў, і ў выніку некаторыя зь іх больш не зьяўляюцца ва ўрочышчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG