Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ ЖУРНАЛІСТАЎ СУМНЯЕЦЦА, ШТО МІНІСТАР ІНФАРМАЦЫІ ПАДГАЙНЫ ВЫКАНАЕ АБЯЦАНЬНІ, ШТО ДАЎ У СТРАСБУРГУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Міністар Падгайны арганізаваў сёньня брыфінг для замежных дыпляматаў, у часе якога распавёў пра свой выступ перад сябрамі Камітэту адукацыі, культуры й мас-мэдыяў ПАРЭ ды адказаў на пытаньні.

Міністар інфармацыі сьцьвярджае, што ўсе праблемы, што былі паднятыя ў Страсбургу, даволі лёгка вырашаюцца ўнутры Беларусі. Гэта грамадзкае абмеркаваньне новага праекту закона аб СМІ і накіраваньне яго на экспэртызу ў Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы, дэманапалізацыя радыё й тэлебачаньня, а таксама стварэньне роўных умоваў дзейнасьці для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ ў Беларусі.

Аднак сёньняшнія адказы Міхаіла Падгайнага істотна розьніліся ад таго, што ён абяцаў у Страсбургу:

(Падгайны: ) “Што тычыцца роўных умоваў. На сёньняшні дзень я лічу, што для СМІ яны роўныя, і пытаньня, на мой погляд, тут няма. Сёньня рынак чытача, тэлегледача й г.д. на тэрыторыі Беларусі ўжо акрэсьліўся. І трэцяе пытаньне. Я не гаварыў пра апазыцыйных палітыкаў, я гаварыў, што будзе самы шырокі спэктар поглядаў у новых тэлепраграмах. Калі ёсьць што сказаць. Што значыць апазыцыйны палітык? Іншы пункт гледжаньня. Opposition”.

Пры гэтым ён пастаянна казаў, што гэта справа рэдактара — запрашаць ці не ў нейкую тэлепраграму прадстаўнікоў апазыцыі, і маўляў, дзяржава ня мае права ўмешвацца ў рэдакцыйную палітыку БТ і радыё. Міністар інфармацыі таксама паведаміў, што праект новага закону аб СМІ будзе накіраваны ў Страсбург па каналах МЗС цягам тыдня, як толькі яго перакладуць на ангельскую мову.

Спадар Падгайны сьцьвярджае, што ўсе прапановы Беларускай асацыяцыі журналістаў ужо ўлічаныя распрацоўшчыкамі гэтага закону.

Міністар інфармацыі таксама гаворыць, што альтэрнатыўныя погляды будуць прадстаўленыя ў новай тэлепраграме "Галоўнае пытаньне", якая пачала выходзіць зь мінулай нядзелі, а таксама на другім канале БТ, што пачне вяшчаньне 1 траўня. Гэты канал будзе закрытым акцыянэрным таварыствам, аднак 51% ягоных акцыяў застанецца ў руках дзяржавы. Цяпер Міхаіл Падгайны вядзе перамовы пра супрацоўніцтва паміж другім беларускім каналам і расейскай кампаніяй ОРТ.

Віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які прысутнічаў на слуханьнях у Страсбургу, зусім ня зьдзіўлены, што цяперашнія словы Міхаіла Падгайнага адрозьніваюцца ад тых, што ён казаў у Радзе Эўропы. Гаворыць Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Тое, што казаў Падгайны... Магчыма, ён бы нешта й зрабіў сам, але ад яго мала што залежыць. Беларуская дзяржава будзе рабіць нейкія крокі. Вось накіраваць праект на экспэртызу. Ну так. Але пры гэтым сказаць, што ў нас сувэрэнны парлямэнт, і ён можа ці прыняць нейкія заўвагі, ці не прымаць іх”.

Пры гэтым спадар Бастунец заўважыў, што хаця Міністэрства інфармацыі й прыняла некаторыя папраўкі да закона аб СМІ, прапанаваныя БАЖ, аднак у ім засталіся й недэмакратычныя нормы. Напрыклад у справе дзяржаўнай рэгістрацыі Інтэрнэт-газэтаў. І Рада Эўропы наўрад ці ўхваліць гэты закон.

Дарэчы, сам Міхаіл Падгайны сёньня прызнаўся, што ня ведае, як можна прымусіць Інтэрнэт-выданьні праходзіць гэтую рэгістрацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG