Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЛЬШЫНЯ БЕЛАРУСКІХ СПАРТОЎЦАЎ НАКІРАВАЛАСЯ Ў СОЛТ-ЛЭЙК-СІТЫ БЕЗ СПАДЗЯВАНЬНЯЎ НА ПЕРАМОГУ


Ігар Карней, Менск

У адрозненьне ад мінулых гадоў сёлета спартовыя чыноўнікі акрэсьлілі вельмі сьціплыя пляны на алімпійскія гульні ў Солт-Лэйк-Сіты: тры мэдалі любой вартасьці – гэта задача-максімум.

З паўсотні спартоўцаў, што будуць абараняць гонар Беларусі, дзесяць – учорашнія грамадзяне Расеі. Фігурнае катаньне – экс-расейскае на 100%. Біятлон – блізу гэтага паказчыка. Нават хакейная зборная напалову ўкамплектаваная гульцамі расейскіх клюбаў. Прычым, ва ўсіх выпадках гэта якраз тыя людзі, якія ані па ўзросту, ані па спартовых паказчыках расейскі бок ужо не задавальняюць.

Але й выступы айчынных спартоўцаў многія адмыслоўцы ўжо загадзя, зь вялікай нацяжкай ацэньваць як "задавальняючыя", бо ніводны з прадстаўнікоў зімовых практыкаваньняў, паводле вынікаў сэзону, не ўваходзіў нават у дзясятку ўсясьветнай спартовай эліты. Бадай, найбольшы развал у нацыянальнай хакейнай дружыне. І гэта нягледзячы на тое, што хакей намаганьнямі Аляксандра Лукашэнкі абвешчаны ў Беларусі спортам “нумар адзін”, а па колькасьці лядовых палацаў краіна можа спаборнічаць з іншымі хакейнымі супэр-дзяржавамі. Галоўны трэнэр алімпійскай хакейнай каманды Ўладзімер Крыкуноў кажа:

(Крыкуноў: ) "Шмат што ў беларускім спорце разьвіваецца па інэрцыі. Трэба было пачынаць нешта рабіць, а не разьлічваць на адных і тых жа людзей. Я разумею, асобныя людзі зараблялі выключна для сябе; карысталіся хлопцамі і нічога добрага не зрабілі. А што я магу дасягнуць за гэткі кароткі прамежак? Натуральна, за год ці два новую дружыну я зраблю – і зноў будзе нехта 10 гадоў спакойна жыць. Тут нават не кадравая палітыка. Рэзэрвам ніхто не займаўся. Набудавалі коўзанак, а нікога за гэты час не падрыхтавалі. Зрэшты папросту няма каго ўзяць; я бяру хлопцаў, якія гулялі ў мяне 10 гадоў таму. А людзі старэюць (гэта натуральны працэс), ідуць уніз як спартоўцы. І гэта ня толькі ў хакеі. Трэба рэвізіі ўсіх школаў зрабіць, павінна быць адмысловая праграма, каб за год, за два падняць новыя каманды".

Што тычыцца астатніх беларускіх выхаванцаў, то цягам шматлікіх перадалімпійскіх турніраў толькі канькабежка Анжаліка Кацюга стварыла сэнсацыю, якую й не чакалі ад 31-гадовай ветэранкі: атрымала бронзавы мэдаль на чэмпіянаце сьвету ў Нарвэгіі. Гэта першы беларускі прарыў на усясьветны п'едэстал пасьля шматгадовай эпохі Жалязоўскага. Дагэтуль Кацюга нічым асаблівым не вызначалася, як правіла, замыкаючы турнірныя радкі. Дарэчы, раней згаданы прэзыдэнт Саюзу канькабежцаў, адзін з самых тытуляваных беларускіх спартоўцаў Ігар Жалязоўскі ў склад афіцыйнай дэлегацыі зь невядомай прычыны не патрапіў і цяпер вымушаны ляцець сьледам за сваёй камандай за ўласныя грошы.

Сярод найбольш верагодных кандыдатаў на алімпійскі мэдаль ад Беларусі называюць хіба толькі фрыстайлістаў – Дашчынскі і Грышын. Што, натуральна, ня можа ня цешыць новага прэзыдэнта гэтай фэдэрацыі, рэктара БДУ Аляксандра Казуліна, які зьбіраецца назіраць за выступам каманды непасрэдна на ў Солт-Лэйк-Сіты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG