Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНС ГЁРГ ВІК: МЕНСК МАЕ ЭЎРАПЕЙСКІ ДУХ


Вольга Караткевіч, Патсдам-Прага

Праца спадара Віка на пасадзе кіраўніка місіі выклікала неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Афіцыйныя ўлады абвінавачвалі Віка ў разбуральнай дзейнасьці, прадстаўнікі апазыцыі ў тым, што місія і Вік робяць усё дзеля легітымізацыі ўладаў. Былі і такія ацэнкі: Ганс Гёрг Вік вядзе прарасейскую палітыку, падтрыманую Нямеччынай.

Ганс Гёрг Вік спрабаваў пасадзіць за стол перамоваў апазыцыю і ўлады для вырашэньня пытаньняў дэмакратызацыі краіны і праз пэўны час слова “дыялёг” стала выкарыстоўвацца ў іранічным кантэксьце.

Я запісала інтэрвію з Гансам Гёргам Вікам у Патсдаме, пад час канфэрэнцыі “Палітычныя пэрспэктывы Беларусі”. Адрываючыся ад тэксту дакладу, які мала адрозьніваецца ад сказанага амбасадарам раней, спадар Вік у вельмі эмацыйнай форме выказаў і бачаньне ролі апазыцыі ў Беларусі, і месца Беларусі ў Эўропе. Для многіх удзельнікаў яго выказваньні прагучалі нечакана, хаця пасьля сам Вік адзначыў, што заўсёды так гаварыў, але ці яго чулі.

Напрыклад, Ганс Гёрг Вік сказаў, што гэта вялікая памылка лічыць беларускую апазыцыю слабой і малаўплывовай. Ён заявіў, што Беларусь – гэта краіна Цэнтральнай Эўропы, якая павінна паўнацэнна ў Эўропу вярнуцца і Эўропа адказная за гэта таксама. Маё першае пытаньне было пра бачаньне спадаром Вікам беларускай апазыцыі, падтрымкі яе з боку Захаду, што беларускія ўлады называюць умяшаньнем ва ўнутраныя справы:

(Вік: ) “Апазыцыя тады моцная, калі яна структураваная. Можа быць так, што ў структурах працуюць людзі, якія, магчыма, у гэты момант ня маюць асабістага посьпеху ці палітычнага посьпеху, але, калі яны толькі разьвіваюць структуры і падтрымліваюць структуры, тады яны робяць неабходнае для любой палітычнай стратэгіі.

А менавіта пабудаваць агульнанацыянальную структуру – базу для дзейнасьці і выйсьці да людзей. І гэта ў Беларусі вельмі цяжка, бо цяперашні рэжым, у якім захаваліся сацыяльныя арганізмы савецкіх часоў, праз гэтыя арганізмы кіруе грамадзянамі. Грамадзянская супольнасьць, пра якую я гавару, кіруецца не дзяржавай, але ўласнымі сіламі, яна сфармавала 2-3 палітычныя важныя структуры зь міжнароднай падтрымкай, і гэтая падтрымка павінна працягвацца і ў будучыні. Легітымнасьць гэтай падтрымкі абапіраецца на дакумэнты, прынятыя ў Капэнгагене, Парыжы ад 1990 году, паводле якіх усе дзяржавы, якія ўзялі на сябе абавязаньні пераходу ад таталітарных сыстэмаў да дэмакратыі. Дык вось гэтая трансфармацыя адбылася з дапамогай міжнароднай супольнасьці ў адпаведнасьці з абавязкамі, якія ўзялі на сябе краіны. Гэта што да міжнароднай падтрымкі і чаму яна – легітымная.

У Беларусі гэтыя структуры ёсьць. Мы маем з аднаго боку Кансультацыйную Раду апазыцыйных партыяў, у якую уваходзяць 7-8 партыяў і супрацоўнічаюць паміж сабой 3 гады Яны здатныя прыйсьці да кампрамісу на падставе ўзаемнага даверу, не зважаючы на тое, што ў новай палітычнай сытуацыі яны будуць апанэнтамі. Аднак яны ведаюць і разумеюць, што гэтая дэмакратычная альтэрнатыва, за якую яны выступаюць можа знайсьці водгук у грамадзкай думцы і насельнітцва, толькі тады, калі яны будуць выступаць зь нейкай агульнай канцэпцыяй.

Нельга сказаць, што заходнія дэмакратыя маюць у Беларусі асабліва вялікі посьпех, пра што паклапацілася ўлада. І эўрапейская, заходняя арыентацыя не настолькі вядомая ў Беларусі як, напрыклад, у Польшчы, Чэхіі. Гэта азначае, што давядзецца доўга наганяць і гэта другая падстава, чаму я б хацеў большай заангажаванасьці эўрапейскіх дзяржаваў, нейкай рэальнай падтрымкі, інакш нічога ня будзе”.

Абмяркоўваючы пытаньне, як усё ж зварушыць працэс дэмакратызацыі ў Беларусі, эўрапейскія палітыкі спрабуюць паглядзець, ці могуць апанэнты ў самой Беларусі паразумецца. Маецца на ўвазе апазыцыя і прадстаўнікі ўлады, якія схільныя да лібэральных каштоўнасьцяў. Ганс Гёрг Вік, які ў свой час малаплённа спрабаваў наладзіць дыялёг паміж апазыцыяй і ўладай так ацэньвае ўнутраныя працэсы ў Беларусі, якія ўплываюць на стан дэмакратызацыі:

(Вік: ) “Мая ацэнка сытуацыі на дадзены момант, я магу памыляцца, і яна можа зьмяніцца, што цяперашні ўрад не імкнецца да ніякіх дэмакратычных рэформаў, лібэральных рэформаў ані ў палітычнай сфэры – а я маю на ўвазе выбары, мас-мэдыі, функцыі парлямэнту – ані ў эканоміцы. Тут дамінуе рэгуляваньне на фоне складаных дачыненьняў з Расейскай Фэдэрацыяй, і адначасна вызначаюцца магчымасьці і абмежаваньні лібэральнай эканамічнай палітыкі. Гэта трагічная сытуацыя, што да павагі асобы, якая знаходзіцца ў апазыцыі да сыстэмы. Гэтая асоба, асобны грамадзянін, які заангажаваны ў апазыцыю, церпіць перасьлед. Яму ўскладняюць жыцьцё. Гэтаксама, як у сярэдневеччы выганяліся з грамады людзі, калі яны адхіляліся ад агульнапрынятага парадку, такое зараз здараецца ў Беларусі. Заступацца за такіх людзей было для мяне заўсёды справай веры ў слушнасьць палітычных мэтаў, веры ў дэмакратычныя прынцыпы і грамадзянскія правы. Я спрабаваў рабіць гэта так, каб паспрыяць тым, хто перасьледаваўся з палітычных прычынаў.

Я заўсёды арыентаваў місію на гэта. Гэта мусіць быць важным фактарам у эўрапейскіх арганізацыях.

Калі можна знайсьці прагматычнае рашэньне ў дачыненьнях з уладамі – своеасаблівы Modus vivendi – добра. Але калі рашэньне не суправаджаецца гатовасьцю сыстэмы паважаць апанэнтаў, прагматычнага рашэньня быць ня можа”.

Амбасадар Ганс Гёрг Вік адзначыў, што Эўропа павінная сама і больш рашуча вырашаць праблему недэмакратычнасьці Беларусі. Гэта не павінна быць амэрыканскім інтарэсам, а Эўропа мае адпаведны досьвед і рэсурсы.

(Вік: ) “Я сказаў так, і таксама пачаў гэтую тэму, таму што ў Беларусі існуе меркаваньне, што эўрапейцы ня здольныя ні на што іншае, як казаць: “Так, сэр” і праводзяць інтарэсы ЗША, – усясьветнай звышдзяржавы.

Я хацеў нагадаць беларускім удзельнікам, а разам з тым прадстаўнікам лібэральнай групы і прадстаўнікам Рады Эўропы, што пазыцыя грамадзянскіх супольнасьцяў у Эўропе – праўда і тут заўважалася ваганьне, я якраз паходжу з краіны, дзе было радыкальнае ваганьне, але ўжо, на жаль, такая нашая гісторыя – пазыцыя ў дачыненьні да асобы і яе прававога статусу фармавалася цягам стагодзьдзяў, а ня ёсьць прадуктам стратэгічнай сытуацыі, якая вызначаецца шчыльным саюзам Эўропы і ЗША. Наадварот, у гэтым – своеасаблівая сіла Эўропы. Таму яна ня можа, апрача як пры пэўных тактычных абставінах, у тым часе, калі ўсё рухаецца ў бок дэмакратыі, пагадзіцца з існаваньнем аўтарытарных рэжымаў”.

Далей я папрасіла спадара Віка пракамэнтаваць закіды адносна таго, што ён праводзіў прарасейскую палітыку.

(Вік: ) “Гэта амаль самае цяжкае пытаньне, якое мне задавалі. Як у кагосьці наагул магло скласьціся меркаваньне, што я праводзіў расейскія інтарэсы? Што такое расейскія інтарэсы? Гэта – дамагчыся псэўдадэмакратычнага апраўданьня цяперашняга рэжыму. У гэтым нібыта палягаюць інтарэсы Расеі. Я ня бачу, каб хто-небудзь зрабіў мінімальны крок для дасягненьня чагосьці падобнага. Квазідэмакратычнае вырашэньне, можа і адпавядае расейскім інтарэсам, але нашыя дзеяньні былі скіраваныя на дасягненьне канкрэтных мэтаў”.

У адным зь інтэрвію Ганс Гёрг Вік заявіў, што ён ня вельмі задаволены вынікамі сваёй працай у Менску. Чаму?

(Вік: ) “Я не гаварыў, што гэта не было пасьпяховым. Я ўвесь час казаў, што гэта было цяжка, вельмі цяжка. Але не сама цяжка. У якой бы краіне ні працаваў, трэба знайсьці курс на разуменьне тэмаў, якія датычаць сутнасьці палітычнай арыентацыі краіны – гэта вельмі цяжкая задача.

Ва ўсіх іншых краінах, дзе працуе АБСЭ, перадусім на Балканах, існуюць урады, якія хочуць ісьці яшчэ далей гэтым шляхам, хоць АБСЭ мае там свае праблемы: – бальшыня хоча іншага, нацыянальныя аспэкты, якія ўскладняюць працу, але ў ніводнай краіне няма прынцыповага непрыманьня той плюралістычнай, дэмакратычнай мадэлі, якую мы прадстаўляем.

Беларусь – гэта адзіная краіна, дзе ёсьць такое прынцыповае непрыманьне з боку ўладаў, і таму нам у Беларусі цяжка працаваць. Выбары не былі дэмакратычнымі, яны не былі ўдалымі, але я бачу, што разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці – на шляху ад аўтарытарнай дзяржавы да лібэралізацыі. І гэта вялікі посьпех. Грамадзянская супольнасьць заснавалася сама па сабе, а не паводле прадпісаньня дзяржавы і рухаецца да дэмакратыі. Гэта – нямала”.

Ганс Гёрг Вік добра ведае постсавецкую прастору. Ён працаваў амбасадарам ФРГ у Савецкім Саюзу, быў шэфам нямецкай замежнай выведкі. У Менску ён пачуваўся даволі самотна. Пра іншых дыпляматаў часам можна пачуць, што яны маюць сяброў у Беларусі, наведваюць разам культурныя імпрэзы, што пра Віка ня скажаш.

(Вік: ) “Ад 1957 я працаваў у Савецкім Саюзе і краінах сацыялістычнага лягеру. Я ведаю амаль кожны куток Савецкага Саюзу. Работа зь людзьмі, расейцамі, беларусамі, украінцамі ці прадстаўнікамі іншых рэспублікаў заўсёды для мяне была, з майго чалавечага гледзішча, заўсёды была прыемная. І таму я ня маю ніякай настальгіі да канкрэтнага рэгіёну, але я шчасьлівы, што працягваю працаваць у гэтым рэгіёне з гэтымі людзьмі”.

І пры канцы нашай гутаркі, я ўзгадала спадару Віку ягоныя словы пра Менск : “лібэральны, буржуазны горад, які ня мае маёмасьці?”. У чым амбасадар убачыў лібэральнасьць Менску?

(Вік: ) “Некалькі дзён таму прафэсар прыехаў з Санкт-Пецярбургу ў Менск, дзе цяпер працуе. Я запытаўся ў яго, чым Менск адрозьніваецца ад Санкт-Пецярбургу. Ён сказаў мне: “Санкт-Пецярбург мае эўрапейскі стыль, але Менск мае эўрапейскі дух”. Менск быў адбудаваны, з правінцыйнага гораду ў індустрыяльную манаполію з многімі акадэмічнымі ўстановамі і людзі, якія там працуюць, ведаюць у сваіх галінах усё, што думаецца і адбываецца ў іх галінах у сьвеце. Яны хацелі б свае веды належным чынам ужыць, але з прычыны савецкага мінулага і з прычыны адсутнасьці фінансаваньня і факту, што яны дзяржаўныя ўстановы, яны ня могуць разгарнуцца. Але іх узровень адукацыі такі самы, як у лібэральных краінах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG