Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АСІПОВІЧАХ БОЛЬШ ЯК 10 ГАДОЎ НЯ МОГУЦЬ АТРЫМАЦЬ ЖЫЛЬЛЯ ЗВОЛЬНЕНЫЯ Ў ЗАПАС ВАЙСКОЎЦЫ


Міхал Стэльмак, Менск

Распавядае старэйшы прапаршчык Васіль Міхайлавіч Белы:

(Белы: ) “Я 15 гадоў як пайшоў на пэнсію, але жыльля ня маю. Здымаю прыватную кватэру за 15 даляраў. Праслужыў у войску 29 гадоў. Быў камандзірам гаспадарчага ўзводу. Ён займаў другое месца ў акрузе. У райвыканкаме кажуць, што жыльля ня будуем. Я хадзіў да старышыні райвыканкаму Шчэцькі, да дэпутата “палаты прадстаўнікоў” Папова. Казаў ім, каб далі субсыдыю, купілі мне аднапакаёўку. Мне 64 гады. Але нуль увагі. Маўляў, няма грошай. І сказалі: і ня атрымаеш жыльля, і не хадзі. Вось чакаю, калі прыедзе Лукашэнка, дык я яму адразу – пад ногі".

Зараз у Асіповічах, паводле зьвестак райвыканкаму, 13 такіх сем'яў былых вайскоўцаў, якія больш за дзесяць гадоў туляюцца па чужых кутах. Хто вінаваты? Вось як адказаў на гэтае пытаньне намесьнік старшыні Асіповіцкага райвыканкаму Ігар Трацьяк:

(Трацьяк: ) "Ім апошні раз выдзялялася жыльлё ў 1998 годзе, калі пабудавалі 38-кватэрны дом. Зь іх былым вайскоўцам у гэтым доме выдзялілі 24 кватэры. Ён будаваўся з рэспубліканскага бюджэту для гэтай катэгорыі грамадзянаў. У апошнія гады практычна нічога не будуецца. Хаця яны самі езьдзілі ў міністэрства, усё гэта вяртаецца назад да нас".

Спадзяваньні бяздомных вайскоўцаў з Асіповічаў вырашыць свае жыльлёвыя праблемы пры дапамозе Міністэрства абароны ня мелі плёну. Вось што зазначыў на гэты конт начальнік жыльлёвай службы Міністэрства абароны падпалкоўнік Васіль Міхневіч:

(Міхневіч: ) "Прычым тут Міністэрства абароны?! Калі звальнялі іх, то мусілі забясьпечваць жыльлём. Тых, хто звальняўся да 1992 году, мусілі забясьпечыць па лініі выканкаму альбо пакінуць на ўліку ў сьпісе асобаў, якія маюць патрэбу ў жыльлі. Звольненыя павінны стаяць на ўліку ў выканкаме. Нас, дзеючых вайскоўцаў, што ня маюць жыльля, вельмі шмат. Не зацьверджаная жыльлёвая праграма на 2002 год. Пастановы Саўміну на гэты год яшчэ няма".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG