Луіш Кабаса, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ – міністра замежных справаў Партугаліі Жаймэ Гамы, паведаміў, што апошні сёньня сустрэўся ў Лісабоне са сваім расейскім калегам Ігарам Івановым і закрануў у часе перамоваў беларускае пытаньне – пра групу АБСЭ ў Менску.
(Кабаса: ) “Партугалія выказала сваю пазыцыю: мы вельмі ўхваляем дзейнасьць групы й мы хацелі бы, каб новы кіраўнік групы быў прызначаны як мага хутчэй. Такім чынам, мы выклалі Расеі гэтую пазыцыю, і міністар замежных справаў Іваноў чуў гэтую пазыцыю, але ён не падаў ніякіх іншых дэталяў. Ён толькі сказаў, што разумее нашую пазыцыю й тое, да чаго мы імкнемся, але тут не справа Расеі вырашаць гэта, таму ён насамрэч ня можа займаць нейкую пазыцыю наконт гэтага”.
Распавёў спадар Кабаса пра тое, што кажуць ў Эўропе прадстаўнікі афіцыйнае Масквы пра свой уплыў на Беларусь.
Тымчасам у Менску Алякандар Лукашэнка сёньня прыняў міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова й даручыў яму актывізаваць падрыхтоўку лютаўскага паседжаньня Вышэйшае дзяржаўнае рады расейска-беларускае дзяржавы, што плянавала каардынаваць замежную палітыку дзьвюх краінаў.
Міністар Хвастоў таксама паінфармаваў спадара Лукашэнку, што сталае прадстаўніцтва Беларусі ў АБСЭ "паставіла пытаньне пра ўдакладненьне мандату Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску".
А што на гэты конт думае дзейны старшыня АБСЭ? Гаворыць партугальскі дыплямат Луіш Кабаса:
(Кабаса: ) "Гэта ня ёсьць новай інфармацыяй для нас. Наша пазыцыя такая: мандат дагэтуль сапраўдны. Мы працуем зараз, зыходзячы з таго, што мандат сапраўдны. Як вы ведаеце, вельмі цяжка зьмяніць мандат місіі. Калі мандаты прынятыя, іх вельмі цяжка зьмяніць. Таму мы не чакаем зьменаў у мандаце.
Мы, вядома ж, будзем вельмі прыслухоўвацца да ўсіх аргумэнтаў, якія хоча прадставіць Беларусь. І мы ведаем, што некаторым місіям патрэбная адаптацыя іхнай дзейнасьці час ад часу. Мы прачыталі зь цікавасьцю дэклярацыю міністра Хвастова наконт жаданьня надаць больш важную ролю групе АБСЭ ў эканамічнай сфэры. І гэта тое, што мы з ахвотаю – я ўпэўненены – будзем вывучаць. І мы вельмі хочам працаваць зь Беларусьсю. У гэтым сэнсе гэта ёсьць вельмі важным для нас.
Але мы ня думаем, што якраз зараз адпаведны час для перагляду мандату групы. Калі менскі ўрад зьвязвае дзьве рэчы – прызначэньне новага кіраўніка й пераабмеркаваньне мандату, – мы ня будзем лічыць гэта вельмі прадуктыўным у гэты час. Гэта не найбольш падыходзячы спосаб займацца пытаньнем".
Гэта быў Луіш Кабаса, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ.