Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЭРЛІНЕ НЕ РАЗУМЕЮЦЬ, ШТО АДБЫВАЕЦЦА Ў МЕНСКУ


Алена Панкратава, Менск

У прэс-службе Бундэстагу і бэрлінскім бюро старшыні адмысловай групы АБСЭ Уты Цапф яшчэ не гатовыя камэнтаваць апошні жэст афіцыйнага Менску.

Паводле кансультанта нямецкага МЗС, кіраўніка аддзелу Ўсходняй Эўропы Таварыства замежнай палітыкі Аляксандра Рара, выглядае на тое, што “дзьверы ў Эўропу, якія былі адчыненыя для Беларусі, зараз зачыняюцца”. Хаця, — мяркуе спадар Рар, — больш спрыяльнага клімату — палітычнага, інвэстыцыйнага — для Беларусі не было ўжо некалькі гадоў, і зусім незразумела, чаму краіна не пажадала гэтым скарыстацца?

(Рар: ) “Паводле зьвестак, якія я маю, у Бэрліне — поўнае непаразуменьне наконт таго, што адбываецца ў Менску. Сапраўды, Эўропа працягнула сваю руку Беларусі і, дарэчы, пэўны час знаходзілася ў такой позе, было некалькі заяваў на адрас беларускага кіраўніцтва наконт таго, што Эўропа гатовая перагледзець сваё стаўленьне да Лукашэнкі, калі той пойдзе на дыялёг з Захадам. Падобныя выказваньні ішлі таксама і з боку ЗША, іх агучыў у часе менскага форуму амэрыканскі амбасадар. Калі лягічна, то гэты дыялёг найперш выгадны беларускаму кіраўніцтву. Цяпер беларускае кіраўніцтва само павінна думаць, чаму дзьверы і вокны, якія былі для Беларусі адчыненыя, зараз зачыняюцца”.

Тым часам палітолягі буйнога нямецкага Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў, якія спэцыялізуюцца ў пытаньнях Беларусі, лічаць, што палітыка зачыненых дзьвярэй ня ёсьць альтэрнатывай той лібэралізацыі ў дачыненьні, якая апошнім часам была ўхваленая Эўропай.

Вось што лічыць мангаймскі палітоляг Астрыд Заам:

(Заам: ) “Канечне, ніякай лібэралізацыі зараз ня будзе, аднак сытуацыя ня сьведчыць пра тое, што дзьверы будуць зачыненыя. Усе добра ведаюць, наколькі плённая палітыка зачыненых дзьвярэй. Проста Захад будзе цяпер дэманстраваць больш жорсткую пазыцыю”.

Паводле Астрыд Заам, у эўрапейскіх структурах маецца добрая магчымасьць для кантактаў з Расеяй, якая паступова разьвітваецца з іміджам беларускага адваката.

(Заам: ) “Шмат інфармацыі не перадаецца, яна зьяўляецца закрытай. З аналітычнага гледзішча, як паказалі выбары, агульная лінія Расеі не зьмянілася, аднак дыфэрэнцыяваны падыход бачны. Многае залежыць ад балянсу сілаў: ад таго, якую палітычную вагу будуць мець людзі кшталту Селязьнёва, якім Беларусь выдзеленая як поле дзейнасьці. Што тычыцца Пуціна, то яго, здаецца, не задавальняе падыход пэўных груповак да менскага кіраўніцтва.

І яшчэ адзін істотны момант, — падкрэсьлівае Астрыд Заам, — ліміт цярплівасьці Масквы. Лукашэнка спрабуе чарговы раз ашукаць расейскіх інвэстараў. Ня выключана, што Расея ў размове зь Менскам будзе ня толькі націскаць на ўласныя рычагі, тыя ж энэрганосьбіты, але і выходзіць на пытаньні агульнаэўрапейскіх стандартаў. Бо надта вялікае ашуканства ідзе зараз з боку Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG