Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕЗАЛЕЖНЫЯ ЭКСПЭРТЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО ПАБУДАВАЦЬ У БЕЛАРУСІ АЭС НЕМАГЧЫМА НАЙПЕРШ З-ЗА НЯСТАЧЫ ФІНАНСАВЫХ СРОДКАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У часе свайго нядаўняга выступу ў Акадэміі навук Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў наступныя гады краіне трэба вызначыцца ў справе магчымасьці будаўніцтва на сваёй тэрыторыі атамнай электрастанцыі. Паводле Лукашэнкі, “калі па часе ня будзе пэўнасьці ў гэтай справе, то затым пойдзе суцэльная палітыка”.

Варта прыгадаць, што Аляксандар Лукашэнка ўжо ня раз казаў, што праблема Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі перабольшаная. Ён заклікаў жыхароў Чарнобыльскай зоны не баяцца радыяцыі, абяцаў спрыяць тым, хто калісьці пакінуў чарнобыльскія раёны, а цяпер хоча вярнуцца ў свае дамы.

Дзяржаўныя чыноўнікі й некаторыя навукоўцы актыўна падтрымліваюць ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі ў справе будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Галоўны аргумэнт — Беларусь ня можа ўвесь час жыць на пакупной электраэнэргіі, а альтэрнатыўныя крыніцы не забясьпечваюць патрэбаў краіны ў энэрганосьбітах. Прыводзяць нават лічбы, паводле якіх будаўніцтва аднаго атамнага энэргаблёку будзе каштаваць 1,5 мільярда даляраў, а штогод Беларусь плаціць за замежныя энэргарэсурсы 2 мільярды. Маўляў, выгада ад пабудовы сваёй АЭС відавочная.

Гаворыць старшыня Дзяржкамітэту па навуцы й тэхналёгіях Анатоль Лесьніковіч:

(Лесьніковіч: ) “Пры наяўнасьці дэфіцыту энэргарэсурсаў у нашай краіне, пры наяўнасьці гэтай цяжкой гіры ў выглядзе неабходнасьці набываць энэргарэсурсы, я лічу, што альтэрнатывы разьвіцьцю атамнай энэргетыкі ў нашай краіне, калі казаць пра будучыню, няма”.

Праўда, старшыня Камітэту па навуцы й тэхналёгіях гаворыць, што пачынаць будаўніцтва АЭС у Беларусі можна толькі пасьля дакладных дасьледаваньняў і параіўшыся з народам.

Начальнік упраўленьня ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Віктар Шабанаў таксама лічыць, што пры выкананьні пэўных варункаў будаваць АЭС у Беларусі можна, хаця адмысловая дзяржаўная камісія яшчэ ў 1999 годзе выказалася за мараторый на будаўніцтва ў Беларусі атамных электрастанцыяў як мінімум на 10 гадоў.

Аргумэнт спадара Шабанава той самы — для Беларусі вельмі дорага набываць энэргію за мяжой. Паводле ягоных словаў, адпаведныя дзяржаўныя ўстановы цяпер разглядаюць шэраг пляцовак для будаўніцтва АЭС у Чавускім і Горацкім раёнах Магілёўскай вобласьці ды ў іншых месцах.

А вось кіраўнік Недзяржаўнага інстытуту радыяцыйнай бясьпекі “Белрад” Васіль Несьцярэнка, які таксама ўваходзіў у склад той дзяржаўнай камісіі, трымаецца іншай думкі:

(Несьцярэнка: ) “Ядзерная тэхналёгія, што выкарыстоўваецца для здабыцьця цяпла й электраэнэргіі, — гэта тэхналёгія высокай рызыкі, і для нашай краіны непрымальная. Дай Бог нам з Чарнобылем разабрацца. Я ня бачу новых аргумэнтаў, якія б маглі зьмяніць пазыцыю камісіі, каб вяртацца да будаўніцтва ядзерных станцыяў. Я па-ранейшаму лічу, што мараторый, абвешчаны ў Беларусі на 10 гадоў, мусіць быць захаваны”.

Ён таксама прыгадаў, што Лукашэнка падтрымаў мараторый на будаўніцтва АЭС. Спадар Несьцярэнка лічыць, што будаўніцтва новай атамнай станцыі будзе каштаваць Беларусі ад 5 да 10 мільярдаў даляраў, і наўрад ці ўлады знойдуць сродкі на ажыцьцяўленьне такога дарагога праекту. На ягоную думку, заява Лукашэнкі ёсьць проста агучваньнем меркаваньня часткі навукоўцаў ды іншых асобаў, зацікаўленых у тым, каб у Беларусі зьявілася свая АЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG