Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ЧАРГОВЫ РАЗ ВЫРАШЫЎ ІСЬЦІ НА СКАНДАЛ?


Алена Панкратава, Менск

Паводле прадстаўнікоў нямецкай палітычнай клясы, афіцыйны Менск чарговы раз вырашыў ісьці на скандал: адмова ў беларускай візе дыплямату такога высокага рангу як Ганс-Георг Вік, на дыпляматычнай мове ёсьць аплявухай, прычым ня проста вядомай пэрсоне, а такой структуры як АБСЭ.

Некаторыя назіральнікі не выключаюць, што Лукашэнка чакаў такой ідэальнай нагоды, каб гучна прадэманстраваць усім, што Беларусь сувэрэнная дзяржава, якая не прагінаецца ні перад кім: ні перад Захадам, ні перад Расеяй. Аргумэнтацыя Менску, лічаць аналітыкі, у гэтым зьвязку вельмі простая: Віку ўжо рабілі афіцыйнае папярэджаньне, калі ён быў кіраўніком місіі, каб ня ўмешваўся ў справы беларускай дзяржавы. Цяпер беларускае кіраўніцтва, маўляў, дэманструе сваю пасьлядоўнасьць.

Як вядома, Нямеччына выступае за пакрокавую інтэграцыю Беларусі з Эўропай і апошнім часам ўсё часьцей артыкулюе новую палітыку адносна Беларусі. Якой рэакцыі можна чакаць з боку Бэрліну? — такое пытаньне я задаю нямецкаму палітыку, віцэ-старшыні ландтагу зямлі Шлезьвіг Гальштайн, сябру парлямэнцкай нямецка-беларускай камісіі пры Бундэстагу Габрыеле Кётшаў.

(Кётшаў: ) “Канечне, рэакцыя можа быць толькі адмоўнай. Зараз на парадку дня ПА АБСЭ беларускае пытаньне, і выпадак зь Вікам ня сьведчыць пра канструктыўную пазыцыю Менску ў дачыненьні да Захаду. Калі Беларусь зараз не дае Віку візы й не дае ніякіх знакаў, што яна хоча зрабіць канструктыўныя крокі насустрач Эўропе, тады і Эўропа нічога ня можа зрабіць. Сёньня я яшчэ ня ведаю, якія могуць быць далейшыя крокі, усё залежыць ад далейшага разьвіцьця падзеяў”, — лічыць нямецкі палітык Габрыела Кётшаў.

Трэба зазначыць, што ацэнкі нямецкіх аналітыкаў адносна рэакцыі Бэрліну падзяліліся. Некаторыя экспэрты ўпэўненыя, што на аплявуху звычайна адказваюць аплявухай, і Менск можа чакаць адэкватных захадаў. Іншыя назіральнікі лічаць, што нейкай гучнай рэакцыі ня будзе.

Ня выключана, што эўрапейскія палітыкі зробяць выгляд, што нічога не адбылося, што ўвогуле гэты візыт неафіцыйны і ўрад у стане вырашаць, каму даваць візу, а каму — не.

У любым выпадку, адказ на пытаньне адносна новай палітыкі Нямеччыны ў дачыненьні да Беларусі мы можам пабачыць блізкім часам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG