Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЕНКОМ АТРЫМАЎ ДВА ГАДЫ З АДТЭРМІНОЎКАЙ НА ГОД


Алесь Горбач, Баранавічы

Здарэньне, якое і стала прычынай сёньняшняга судовага працэсу, адбылося амаль паўгода таму. Летась 12 жніўня ў першай гадзіне ночы ваенны камісар Ганцавіцкага райваенкамату Васіль Арсяновіч ехаў на ўласным аўтамабілі фальксваген “Джэта” па вёсцы Разьдзялавічы і зьбіў мясцовага жыхара Міхаіла Кісялевіча 1961 году нараджэньня.

Як патлумачыў суду абвінавачаны, ён выйшаў з машыны і асьвяціў фарамі пацярпелага. Ён бачыў, як той дыхае, моцна хрыпіць, аднак вырашыў, што яго ўжо немагчыма ўратаваць. Прынамсі, да такіх высноваў Арсяновіча падштурхнула ягоная спадарожніца — мэдсястра мясцовай участковай бальніцы. Таму, забраўшы зламаны бампэр ад машыны, яны зьехалі зь месца здарэньня.

Непрытомнага Кісялевіча знайшоў на вуліцы брат, які вяртаўся позна ноччу з дыскатэкі. Дастаўлены ў Ганцавіцкую раённую бальніцу пацярпелы пражыў амаль суткі і ўвечары памёр.

Па сьледчай справе лічыцца, што ваенком, усьвядоміўшы сваю віну, у другой палове наступнага дня зьявіўся сам у міліцыю з павіннай. Аднак вядома і тое, што яшчэ раніцай апэратыўнай групе, што займалася расьсьледаваньнем здарэньня, ужо быў вядомы падазраваны. Яго назвалі людзі, каля чыёй хаты ўсё і адбылося.

Паводле вынікаў сьледчага экспэрымэнту і высноваў аўтатэхнічнай экспэртызы, кіроўца ня меў магчымасьці не дапусьціць наезду, а таму спадару Арсяновічу інкрымінавалі толькі адзін артыкул Крымінальнага кодэксу — пакіданьне чалавека ў небясьпецы.

Да крымінальнай справы сваякі загінулага заявілі хадайніцтва аб кампэнсацыі ім з боку абвінавачанага грашовых растратаў ды маральных стратаў. Гэты пазоў на агульную суму каля трох мільёнаў беларускіх рублёў Арсяновіч задаволіў дабраахвотна.

Падсудны сёньня цалкам прызнаў сваю віну і ў сваім апошнім слове выказаў раскаяньне, а таксама прасіў суд не караць яго сурова. Ён паведаміў, што ў лістападзе мінулага году (калі ўжо вялося сьледзтва) Міністэрства абароны заключыла зь ім новы кантракт на наступныя 5 гадоў і, маючы за плячыма ўжо 17 гадоў службы, ён хацеў бы застацца ва ўзброеных сілах.

У прысудзе, які абвесьціў судзьдзя Берасьцейскага міжгарнізоннага вайсковага суда Аляксандар Панада, ваеннага камісара Ганцавіцкага райваенкамату падпалкоўніка Васіля Арсяновіча прыгаварылі да найбольшага пакараньня, што прадугледжвае 159 артыкул Крымінальнага кодэксу — 2 гады пазбаўленьня волі, аднак з адтэрміноўкай выкананьня на адзін год. Прысуд пачне дзеяць празь дзесяць дзён.

Сваякі Міхала Кісялевіча, які загінуў пад коламі аўтамабіля ваенкома, лічаць, што вінаваты ў сьмерці іхнага брата й сына фактычна не атрымаў пакараньня, а таму яны зьбіраюцца абскарджваць такі прысуд. Іх турбуе, ці застанецца ўсё ж Васіль Арсяновіч на пасадзе ваенкома і якія наказы ён будзе даваць маладым навабранцам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG