Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМЫСЛОЎЦЫ АЦЭНЬВАЮЦЬ “ПЕРШЫ МУЗЫЧНЫ КАНАЛ” ЯК “ЧЫСТА МАСКОЎСКУЮ ЗАМОВУ”


Ігар Карней, Менск

Існаваньне адмысловага музычнага каналу, пра які цягам ужо некалькіх месяцаў гавораць арганізатары трансьляцыі з кампаніі “Добровидение”, мае шэраг нюансаў. Найперш, карцінка на былой кнопцы ТВ-6 нічым не адрозьніваецца ад шматлікіх музычных каналаў, якіх багата ў рэжыме як кабэльнага, так і спадарожнікавага вяшчаньня: практычна ўсё, што трапляе ў эфір быццам на законных падставах, усё ж капіявана зь іншых музычных каналаў — нямецкага VIVA, францускага МСМ ці амэрыканскага МТV.

Па-другое, спадзявацца на тое, што з дапамогай “Добровидения” здолеюць “раскруціцца” беларускія музыканты, таксама наўрад ці выпадае: самі ініцыятары трансьляцыі канстатуюць, што доля прысутнасьці ў эфіры айчынных выканаўцаў ня будзе перавышаць і 10% — маўляў, на беларускае няма попыту.

Тым часам музычныя адмыслоўцы канстатуюць, што з паняцьцем творчасьці дзейнасьць музычнага каналу ня мае нічога агульнага.

Тэлежурналіст Віталь Сямашка на тэлебачаньні больш за 10 гадоў, усё жыцьцё меў справу менавіта з музычнымі праектамі. Апошні час ён за бортам тэлевізійнага жыцьця з-за прыхамаці кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Таму канстатуе, што ў выпадку з музычным каналам значэньне мае толькі каньюнктурная зьвязка: “вялікія грошы” — “зацікаўленыя людзі”.

(Карэспандэнт: ) “Віталь, ці можна ўявіць сытуацыю, што “Першы музычны канал” мог бы стаць трамплінам найперш для беларускіх музыкаў?”

(Сямашка: ) “Я так ня думаю. Гэта ўжо нашая савецкая мэнтальнасьць. Гэта чыста маскоўская штука...”

(Карэспандэнт: ) “Гэта значыць, ніякіх нацыянальных аспэктаў ня будзе?”

(Сямашка: ) “Ня будзе. Мне да таго ж распавялі на нядаўнім фэстывалі недзяржаўнай прэсы пра ўсе нюансы гэтага праекту. Прарыў у гэтым сэнсе можа быць на “8 канале”, калі ім дадуць зрабіць усё, што ёсьць у плянах. Але супраць іх зараз актыўна працуе СТВ. Чарнаморцу і ягонай камандзе не даюць прарвацца. Як, зрэшты, і ўсім нам.

У мяне, дарэчы, таксама вырашаецца пытаньне: быць ці ня быць на тэлебачаньні. Якраз сёньня разглядаецца праект “Альбаросіка”, які прапануе намесьнік старшыні Манюк. Нарэшце мы ўбачым, кім Манюк ёсьць насамрэч на тэлебачаньні. Больш я прапаноўваць ужо нічога ня буду. Проста сыду, калі што...”

Апроч нечаканага падарунку з боку расейскага міністэрства інфармацыі, якое вымусіла спыніць вяшчаньне ТВ-6, арганізатары трансьляцыяў “Першага музычнага каналу” сутыкнуліся і з шэрагам праблемаў.

У прыватнасьці, як быць з рэклямай, адмыслова замоўленай рэклямадаўцамі пад трансьляцыю шостага расейскага каналу і якую зараз прыходзіцца прыстасоўваць пад іншы фармат? Вяртаць грошы паводле форсмажорных абставінаў, зразумела, у пляны “Добровидения” не ўваходзіць. А таму ўжо зьявіліся першыя непаразуменьні нават са сталымі кліентамі.

Да таго ж, па-ранейшаму застаецца адкрытым пытаньне наконт пэрспэктыўнага вяшчаньня музычнага каналу надалей. Ад новага году зноў пачаліся размовы пра неабходнасьць адкрыцьця другога нацыянальнага каналу — БТ-2. У сытуацыі, калі найбольш неляяльнае да беларускай улады ТВ-6 само сышло з дыстанцыі, пакінуўшы вольнай частату вяшчаньня, спакуса заняць гэтую кнопку дастаткова моцная.

І наўрад ці забаўляльны канал, кіраўніцтва якога нават не хавае, што ягоная галоўная мэта — грошы, будзе рэальнай перашкодай да чарговай зьмены ўлады на асобным тэлеканале. Таму інтрыга вакол частаты вяшчаньня былога ТВ-6 па-ранейшаму захоўваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG